Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэслаў Сэнюх: "Ён заахвоціў мяне да цяжкай працы"


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Для Чэслава Сэнюха, выбітнага перакладчыка беларускай літаратуры на польскую мову, паведамленьне пра сьмерць Янкі Брыля было асабліва цяжкім. Менавіта Брыль натхніў яго зрабіць “справу жыцьця” – перакласьці на польскую мову “Новую зямлю” Якуба Коласа, над якой перакладчык працаваў 10 гадоў. З Чэславам Сэнюхам размаўляў наш карэспандэнт.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Чэслаў, вы даволі даўно ведалі Янку Брыля – як вы зь ім пазнаёміліся, як гэта адбылося?”

(Сэнюх: ) “Мы пазнаёміліся ў 90-м годзе, хаця бачыў спадара Брыля яшчэ раней, калі я пачаў перакладаць “Быстры Нёман” і іншыя ягоныя творы. Кніжка маіх перакладаў Брыля была выдадзенага Дзяржаўным выдавецкім інстытутам у 1989 годзе. Але пазнаёміліся мы у 90-м на радзіме Коласа, дзе мы хадзілі па гэтых памятных месцах. Размаўлялі тады пра тое, што “Пан Тадэвуш” ужо столькі разоў быў перакладзены на беларускую мову, а вось “Новую зямлю” на польскую мову яшчэ ніхто не ўзяўся перакладаць. У пэўны момант ён паглядзеў на мяне і кажа – а можа ты ўзяўся б за гэта? І так пачалася мая дзесяцігадовая цяжкая праца над перакладам “Новай зямлі” , якая пасьпяхова скончылася выданьнем кніжкі ў 2002 годзе. Я кажу, што гэты пераклад, гэта праца майго жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “Янка Брыль нядрэнна ведаў польскую мову....

(Сэнюх: ) “Ён выдатна ведаў польскую мову! Калі я пачаў перакладаць, дык дасылаў першыя перакладзеныя песьні з “Новай зямлі” і ён заахвочваў мяне, прызнаваў, што пераклад добры. Так што спадар Янка Брыль вельмі шмат чаго добрага зрабіў для мяне і я ўдзячны яму за тое, што ён заахвоціў мяне да гэтай цяжкай працы. Думаю, што і ў беларускай і ў польскай літаратуры яго будуць памятаць за гэта таксама... Няхай сьпіць спакойна ў беларускай зямлі, няхай... ну раптам стала мне не хапаць беларускіх словаў: «Wieczne odpocznienie racz mu dać Panie…»

(Карэспандэнт: ) «Сьмерць Янкі Брыля гэта вялікая страта для беларускай літаратуры?»

(Сэнюх: ) «Канешне, вельмі вялікая. Я ня ведаю, ці будзе нехта, хто зможа запоўніць яе… Янка Брыль... ведаеце, не хапае мне словаў беларускіх. Гэта занадта цяжкая навіна для мяне, каб пагадзіцца зь ёю. Больш не магу гаварыць»
XS
SM
MD
LG