Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пайшоў з жыцьця тэлевізійны рэжысэр Уладзімер Трацьцякоў


Віталь Сямашка, Менск 24 ліпеня ў Менску памёр вядомы тэлевізійны рэжысэр Уладзімер Трацьцякоў.

65-цігадовы Ўладзімер Трацьцякоў, рэжысэр звыш сотні тэлевэрсіяў пастановак менскіх тэатраў ды дваццаці кінафільмаў, цягам апошніх гадоў фактычна паўтарыў лёс знакамітага Людаса Гедравічуса, які ў новых палітычных абставінах, як і большасьць нацыянальна сьвядомых творцаў, аказаўся незапатрабаваным.

Пасьля звальненьня зь Першага нацыянальнага тэлеканалу Ўладзімер Трацьцякоў перанёс клінічную сьмерць. Неўзабаве пасьля гэтага ягоная жонка атрымала другую ступень інваліднасьці. Патраціўшы паўтара году на безвыніковыя пошукі працы, творца ўладкаваўся вартаўніком.

У архіве “Свабоды” захавалася інтэрвію з Уладзімерам Трацьцяковым – таго часу, калі яго звольнілі з БТ.

(Трацьцякоў: ) “У мяне кантракт скончыўся менавіта ў той дзень, калі мне стукнула 60. Гэта мяне падкасіла: запіў, ногі адняліся. Ну, што рабіць, калі ў мяне дзьве дачкі, сын?! Калі жонку вытурылі – радыёрэжысэра вышэйшай катэгорыі? Я магу пісаць, штосьці спамінаць, чытаць. У хаце – дзьве кіпы рукапісаў. Але што зь імі рабіць?! Вось камэра стаіць. Зараз ты пойдзеш, а ў мяне два пульты – хочацца ўзяць, памантаваць. Хаця ведаю: раблю толькі для сябе, нікому гэта ня трэба. Разумееш, адчуваю нейкае творчае дажываньне...”

Прыгадвае сябра Ўладзімера Трацьцякова, рэжысэр тэлепраграмы “Крок” – ад пачатку й да самай забароны – Уладзімер Міхарскі:

(Міхарскі: ) “Гэта, безумоўна, працаўнік вельмі імпульсіўны, нястомны, які добра пісаў вершы, сяброўскія шаржы, рабіў творчыя партрэты мастакоў, актораў. Усяго, што ён зрабіў за чатыры дзесяцігодзьдзі, не пералічыць...”

Слова старшыні Саюзу тэатральных дзеячоў Аляксею Дудараву:

(Дудараў: ) “Шкада Валодзю, шкада. Ён прыйшоў на ТБ з кагортай, якая пачынала рабіць праграму ня толькі інфармацыйнай, але ігравой. Яны багата што зрабілі, але мала што атрымалі. Мне давялося ўдзельнічаць у ягоных перадачах як актору. Яны рабілі БТ, якое змушала думаць, аналізаваць, супастаўляць. Такім, каб яно стала мастацтвам. Рабілі тое, чаго цяпер не стае, не хапае, бракуе. Сьветлая яму памяць...”
XS
SM
MD
LG