Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Лібану ўжо эвакуавана звыш 300 грамадзянаў Беларусі


Радыё Свабода Працягваецца эвакуацыя беларускіх грамадзянаў зь Лібану. Сёньня ад ганаровага консульства Беларусі ў гэтай краіне накіраваўся чарговы канвой у напрамку сталіцы Сырыі Дамаску.

Ад пачатку канфлікту на Блізкім Усходзе эвакуавана больш за 300 грамадзянаў Беларусі. Але гэта яшчэ ня ўсе беларусы, якія апынуліся ў Лібане. Цягам апошніх сутак павялічылася колькасьць зваротаў беларускіх грамадзянаў у амбасаду Беларусі ў Сырыі – з просьбай дапамогі ў эвакуацыі. Такім чынам, выявілася яшчэ каля 170 уцекачоў.

Паводле беларускага МЗС, гэтыя грамадзяне да апошняга часу ніяк не паведамлялі пра сваё знаходжаньне ў Лібане й не станавіліся на ўлік у консульстве. Не інфармавалі пра іх таксама сваякі ў Беларусі й міграцыйныя лібанскія ўлады. Паводле прэсавага сакратара беларускага МЗС Андрэя Папова, новыя ўцекачы накіраваліся з Бэйруту ў Дамаск.

(Папоў: ) “У гэты момант аўтамабільны канвой ужо рухаецца па тэрыторыі Лібану. З ізраільскімі ўладамі вырашана пытаньне, каб забясьпечыць калідор для руху гэтага аўтаканвою. Ён ужо кіруецца ў бок сырыйскай мяжы. Плянуецца, што сёньня ўвечары гэтыя людзі з дапамогай нашых дыпляматаў у Дамаску будуць разьмешчаныя на спэцыяльным авіярэйсе кампаніі “Белавія”. І, спадзяёмся, раніцай ці ўночы зь сёньня на заўтра яны будуць у Беларусі”.

Сярод уцекачоў – жанчыны й каля 50 дзяцей. У МЗС патлумачылі: гэта людзі, якія даўно зьехалі ў Лібан і стала там жывуць. Але ці шукаюць іх сваякі ў Беларусі?

(Папоў: ) “Якраз гэтыя новыя звароты да нас – ад людзей, пра якіх родныя тут, у Беларусі, нічога не казалі. Нам, прынамсі”.

МЗС пакуль што ня мае зьвестак пра пацярпелых на Блізкім Усходзе грамадзянаў Беларусі. Няма пакуль што й дакладнай інфармацыі, колькі наагул беларусаў яшчэ застаецца ў Лібане. Манаід Малік, муж адной зь беларусак, якая разам зь дзецьмі ўжо эвакуаваная ў Менск, застаўся ў Лібане. Ён мяркуе, што ў гэтай краіне яшчэ, праўдападобна, застаецца каля 70 беларусаў.

(Малік: ) “Здаецца, я ўсім тэлефанаваў, каго ведаю ў нашай вобласьці. Я ўвесь час на сувязі. Стараемся выцягнуць людзей зь вёсак і гарадоў, якія бамбуюць. Ёсьць людзі, якія ніяк ня могуць выйсьці з той ці іншай вёскі. Учора я тэлефанаваў консулу. Патрабавалі праз Чырвоны Крыж, каб такіх, напрыклад, выцягнуць з Бамбэк. Але ніяк не змаглі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG