Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязьню Фінькевічу раяць адмовіцца ад недзяржаўнай прэсы


Радыё Свабода, Магілёў Супрацоўнікі магілёўскай папраўчай установы адкрытага тыпу за мінулы тыдзень двойчы рабілі ператрус асабістых рэчаў палітвязьня Артура Фінькевіча. У выніку начальнік спэцкамэндатуры настойліва параіў арыштанту адмовіцца ад атрыманьня недзяржаўных выданьняў – “Нашай нівы”, “Народнай волі”, часопісу “ARCHE” ды інфармацыйных бюлетэняў моладзевых арганізацыяў.

Начальнік спэцкамэндатуры не задаволены зьяўленьнем публікацыяў пра жыцьцё Фінькевіча ў папраўчай установе. У прыватнай гутарцы міліцыянт зазначыў, што зьняволеным не забараняецца атрымліваць прэсу. І дадаў пры гэтым: “Лепей бы яе не было”. Кіраўнік спэцкамэндатуры паведаміў Артуру Фінькевічу, што пры добрым зьбегу акалічнасьцяў праз тры месяцы зьняволены зможа наведаць сваякоў.

Між тым Артур Фінькевіч падсобнікам адпрацаваў першы тыдзень на цагельні супольнага беларуска-польскага прадпрыемства “Dream”, адгружаючы цэглу й прыбіраючы будаўнічы друз.

Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт” Артура Фінькевіча пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за графіці палітычнага зьместу — “Достал” і “Мы хочам новага”. Падчас выбарчай кампаніі Артур Фінькевіч правёў амаль тры месяцы за кратамі сьледчага ізалятару. У папраўчай установе Магілёва ён ад 29 чэрвеня.
XS
SM
MD
LG