Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Сяргей Кавалёў


Уладзімер Арлоў, Менск 24.7.1953, Віцебск — 24.7.2003, Віцебск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

Зь Сяргеем мы вучыліся на гістфаку БДУ. Ён друкаваў расейскамоўныя вершы ў нашым самвыдавецкім альманаху “Мілавіца”, якім цікавілася ня толькі факультэцкая начальства, але і літаратуразнаўцы з КДБ. Ад нас Сяргея адрозьнівала неюначая сур’ёзнасьць і стрыманасьць. Хвароба ўжо трымала яго ў сваіх, тады яшчэ не сьмяротных кіпцюрах.

Пасьля ўнівэрсытэту нашыя дарогі разышліся. Сяргей абараніў дысэртацыю, выкладаў гісторыю ў Віцебскім тэхналягічным інстытуце. Цяпер я ведаю, што гэта было ня проста выкладаньне, а – заглыбленьне ў мінуласьць, прага спасьцігнуць адметнасьць тысячагадовага шляху беларусаў, каб убачыць іх гістарычную пэрспэктыву.

Ягонае вяртаньне да Беларусі было доўгім і пакутлівым. Але яно адбылося: Сяргей стаў прыхільнікам БНФ, перайшоў на беларускую мову ў сваіх лекцыях і ў вершах. У 1999-м яго з палітычных матываў адхілілі ад выкладчыцкай працы. Гэта сталася фатальным ударам для Сяргеевага здароўя. Замест узнагародаў за ахвярную працу і ўдзел у міжнародных навуковых канфэрэнцыях ён атрымаў пасьведчаньне інваліда 2-й, а потым і 1-й групы.

Але Кавалёў ня здаўся. Катастрафічна губляючы слых, зрок, каардынацыю рухаў, ён усё ж здолеў завяршыць працу свайго жыцьця, якой даў назву “Шлях: твары, думкі, галасы”. Жанр гэтага твору на многія тысячы радкоў Сяргей вызначыў як “Рыфмаваная гісторыя ў адценьнях беларускага духу”. “Шлях...” ужо пасьля сьмерці аўтара з нумару ў нумар друкавала газэта “Наша слова”. Яе чытачам Кавалёў вядомы як С. Квіцень. Сваім псэўданімам Сяргей падкрэсьліваў імкненьне паквітацца з тымі, хто пазбаўляў беларусаў іх гісторыі, а значыцца, хацеў пазбавіць і будучыні.

Зямны шлях майго аднакурсьніка абарваўся тры гады таму 24 ліпеня, якраз у дзень яго 50-годзьдзя. На надмагільным помніку Сяргея Кавалёва выбітая “Пагоня”.
XS
SM
MD
LG