Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны прафсаюз не абараніў правоў таксістаў службы 052


Міхал Стэльмак, Менск Тыдзень таму ў Менску таксісты службы 052 былі пазбаўлены частаты, неабходнай для арганізацыі радыёсувязі. Іх правы ўзяўся бараніць афіцыйны прафсаюз. Ці ўдалося яму дапамагчы кіроўцам? Які іх лёс цяпер?

Сярод таксі, якія дзень і ноч курсуюць па Менску, сустракаюцца і аўтамабілі з надпісамі 052. На адным зь іх абслугоўвае пасажыраў кіроўца спадар Віктар, які скардзіцца на новыя ўмовы працы:

(Спадар Віктар: ) “Тое, што адсутнічае частата. Мы працуем, як кажуць, ад барта альбо ад бардзюра, то бок са стаянак. З-за таго, што мы працуем са стаянак, нашы даходы зьнізіліся ў чатыры разы. Палова службы працуе на аматарскай частаце, а мы наагул -- без рацыі”.

У такіх умовах служба таксі 052 працуе ад 17 ліпеня. Нагадаю, у той дзень была адключана частата, якую выкарыстоўвалі кіроўцы для радыёсувязі. Гэтая частата належала грамадзкаму аб’яднаньню “Набат”, сябрамі якога зьяўляюцца таксісты. Аднак Міністэрства сувязі і інфарматызацыі вырашыла, што “Набат” парушыў правілы эксплюатацыі частаты і ануляваў ліцэнзію на яе карыстаньне. Стыхійны пратэст кіроўцаў, якія 14 ліпеня правялі несанцыянаваны мітынг перад будынкам дзяржаўнага тэлебачаньня, ня меў плёну. Паводле афіцыйнага прадстаўніка Мінсувязі Андрэя Федарынчыка, пакараньне справядлівае. Пры гэтым, як ён лічыць, таксістам не пагражае ліквідацыя працоўных месцаў

(Федарынчык: ) “Яны могуць працягваць аказваць свае паслугі, выкарыстоўваючы сотавыя тэлефоны. Яны могуць праз год пасьля таго, як іх пазбавілі ліцэнзіі, зноўку зьвярнуцца па яе атрыманьне. То бок, калі яны будуць працягваць існаваць, у іх ёсць такое выйсьце з сытуацыі: у сьнежні 2006-га году: нанова падаць заяўку на атрыманьне частаты”.

Таксістаў, аднак, такая пэрспэктыва ня радуе. Многія зь іх ня вытрымалі рэзкага падзеньня заробку і прыпынілі працу ў службе 052. Паводле яе прадстаўнікоў, цяпер працуе толькі палова калектыву. Тыдзень таму кіроўцы зьвярнуліся па дапамогу ў прафсаюз “Садружнасьць”, які ўваходзіць у Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі. Той паінфармаў пра праблемы таксістаў органы ўлады, аднак безвынікова. Таму, як лічаць кіроўца спадар Віктар, таксістам давядзецца прыстасоўвацца да новых умоваў працы:

(Спадар Віктар: ) “Мы шукаем шляхі, як арганізаваць сваю працу ў новых умовах. Зробім карпаратыўную сетку на 500 нумароў і дыспэтчар будзе атрымліваць заказы ад насельніцтва і нам аддаваць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG