Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомыя пераможцы "Басовішча" сярод маладых выканаўцаў


Дзьмітры Падбярэскі, Гарадок Пад вечар 22 ліпеня на фэстывалі Басовішча-2006 журы прышло да наступных высноваў: грашовы прыз гміны Гарадок дастаецца менскаму гурту "Людзі сьвятла". Прыз "Радыё Палёнія" дастаецца магілёўскай камандзе, якая называецца "Нэўма". Прыз студыі "Апола" з Гарадка на запіс матэрыялу атрымаў менскі гурт "Парасон", гэты ж гурт атрымае грашовую ўзнагароду Беларускага аб''яднаньня студэнтаў. Прызам-запісам на "Радыё Беласток" адзначаны менскі гурт "СДМ", гэты ж калектыў атрымае ўзнагароду Саюзу беларусаў у Польшчы. І нарэшце, магілёўскі гурт "Водар Сусьвет" атрымае ў якасьці вызначэньня за ўдзел у гэтым конкурсе гітару.

Другі дзень "Басовішча" – гэта цэнтральная падзея ўсяго фэсту, а менавіта – конкурс маладых выканаўцаў. Сёлета, адрозна ад мінулага году, у конкурсе прадстаўлены толькі беларускія каманды. Іх усяго 10. Прычым адна была адабраная паводле галасаваньня на сайце "Тузін гітоў", а 9 былі адабраныя журы цягам двух канцэртаў папярэдняга этапу фэсту, так званага "Адборышча". 8 калектываў прадстаўляюць Менск і 2 калектывы – Магілёў.

Ацэньваць выступленьне маладых музыкаў будзе журы з 8 чалавек, прадстаўнікоў Беларусі і Польшчы. Згодна з традыцыяй, на чале журы стаіць наш славуты мастак Лёнік Тарасэвіч. Паводле заплянаванага раскладу, вынікі будуць абвешчаныя са сцэны ў 21 гадзіну 40 хвілін.

Пасьля конкурсу адбываецца гасьцявая частка – гэта таксама традыцыя "Басовішча", і тут адразу варта адзначыць, што ў параўнаньні зь мінулым годам пашырылася прадстаўніцтва калектываў, якія прыехалі на фэстываль у якасьці гасьцей. То бок, да беларускіх, польскіх і італьянскіх музыкаў дадаліся сёлета літоўскія музыканты – гэта група "Іры", якая выступала першай у гасьцявой частцы і ўразіла публіку высокім майстэрствам.

Канечне, вялізнае ўражаньне зрабіў учора выступ італьянскіх музыкаў з аркестру Артура П''яцца. Артура П''яцца некалькі разоў прывітаў публіку па-беларуску, сказаўшы "Жыве Беларусь!" Таксама вельмі ўразіла выступленьне этна-трыё "Троіца", якое ўпершыню ўдзельнічала ў "Басовішчы" – усё гэта азначае пашырэньне стылёвых рамак фэстывалю, і выступленьне "Троіцы" паказала, што менавіта варта ісьці ў гэтым напрамку і не абмяжоўвацца толькі цяжкой музыкай. Скончыўся ўчорашні канцэрт ужо пасьля 4-й гадзіны ночы вельмі эмацыйным выступам групы "НРМ".

Сёньня ў гасьцявой частцы – многія ляўрэаты мінулых гадоў конкурсу маладых выканаўцаў. Гэта гурты "Імпрудэнс", "Зьмяя", "Індыга", "Таварыш Маўзэр". Таксама заплянаваны выступ "Крамы", забароненых у Беларусі барабаншчыкаў квартэта "Драм-экстазі", групы "БН" зь Бярозы – дарэчы, тут можна набыць новы альбом гэтага калектыву раней, чым ён зьявіцца ў Менску. Гэты альбом выдадзены лэйблам "БМА-group" пры падтрымцы зьмешчанага ў Польшчы інтэрнэт-сайту lacinka.org. Таксама выступіць "IQ-48" і на чацьвёртую гадзіну ночы заплянавана сканчэньне фэстывалю вялікім выступам групы "НРМ".

Сёлета, трэба адзначыць, надвор''е спрыяе "Басовішчу", ажно заўсёднікі гэтага фэстывалю дзівяцца: "Як гэта Басовішча – і без дажджу?" Фэстываль даволі актыўна асьвятляюць польскія мэдыі, радыёстанцыі, газэты, часопісы, тут пастаянна працуе група польскага тэлебачаньня.

Сёньня раніцай намётавы гарадок, двары гарадоцкіх сядзібаў, дзе таксама поўна намётаў, пачнуць паступова сьціхаць, каб напоўніцца гукамі музыкі маладой Беларусі ўжо праз год, на наступным фэстывалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG