Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як уратавацца ад "працагалізму"?


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Усё больш палякаў, каб пазбавіцца ад стрэсаў, зьвязаных з працай, абіраюць не шумныя курорты ў цёплых краінах, а кляштарную цішыню. Такім чынам шмат хто ратуецца ад “працагалізму” – хваробы, якая становіцца сапраўднай праблемай у краінах, дзе эканоміка перажыла трансфармацыю ад плянавай да рынкавай.

“Працагалізм” разьвіваецца ў людзей, якія бесьперапынна думаюць пра працу, працуюць больш васьмі гадзінаў, бяруць працу дамоў, баючыся страціць сваю пасаду ці хочуць хутка ісьці ўверх па службовай лесьвіцы, больш зарабляць. Тады чалавек амаль не адпачывае, ня мае часу для сямейнікаў, увесь час трымае каля сябе працоўны мабільнік ці правярае электронную пошту – ці не прыйшло што-небудзь ад кіраўніцтва фірмы.

У выніку такі чалавек становіцца нэрвовым, лёгка раздражняецца, дрэнна сьпіць, няведама чаго ўвесь час хвалюецца і гэтак далей. Праз некаторы час ён ужо ня можа нармальна працаваць. Дарэчы сярэдні паляк працуе амаль 42 гадзіны ў тыдзень – гэта самы высокі паказчык у Эўропе, а кожны другі працуючы паляк прызнаецца, што вельмі часта працуе больш, чым 8 гадзінаў у дзень.

Некаторыя лічаць, што на некім вялікім курорце ў Гішпаніі ці Турэччыне насамрэч нельга адарвацца ад сьвету, пабыць сам-насам з самім сабой, бо вакол шум, забавы, ёсьць тэлебачаньне, тэлефоны і гэтак далей. А менавіта ў цішыні кляштару можна сапраўды спыніцца, падумаць над сэнсам жыцьця, а нават проста памаўчаць – бо ў некаторых кляштарах менавіта такі парадак – маўчаньне.

Вось што кажа айцец Тамаш, дамініканін з аднаго з кляштараў, што каля Кракава.

(Тамаш: ) “Фірмы, якія яшчэ нядаўна заахвочвалі сваіх супрацоўнікаў працаваць усё больш, цяпер маюць з гэтым праблемы і нават выдаюць грошы, каб іх ад працагалізму вылечыць. Сюды чалавек едзе, каб прыгадаць, навошта ён жыве”

Такі працаголік жыве ў манаскай кельлі, падпарадкоўваецца ўсім унутраным правілам кляштару, а за знаходжаньне там плаціць колькі можа. Манахі кажуць, што з ахвотай прымаюць кожнага, прычым ня толькі паляка.
XS
SM
MD
LG