Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Янка Сурвіла (20.6.1925 — 3.6.1997)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі "Імёны Свабоды".

У чатыры гады хлопчык зь Бельвічаў, што каля Жодзішкаў на Віленшчыне, ужо чытаў па-беларуску і ведаў на памяць Купалаву паэму “Курган”.

У 1942-м сямнаццацігадовы Янка — дырэктар пачатковай беларускай школкі, спаленай партызанамі.

Па вайне ў беларускім лягеры перамешчаных асобаў у нямецкім Ватэнштэце ён засноўвае й рэдагуе часопіс “Шляхам жыцьця”.

Потым — эміграцыя ў Францыю. Там у 1948-м, на Першым зьезьдзе беларускай эміграцыі ў Парыжы, адбываецца рамантычнае Янкава знаёмства з зусім яшчэ юнаю Івонкаю Шыманец, якая празь дзесяць гадоў стане ягонай жонкаю.

Атрымаўшы стыпэндыю Мадрыдзкага ўнівэрсытэту, Сурвіла вывучае там эканоміку і робіць захады ў справе арганізацыі беларускамоўных праграмаў Гішпанскага радыё. 25 сакавіка 1952 году ён выходзіць у эфір зь першай скіраванай на Беларусь перадачаю. У 1958-м — 1965-м Янка вядзе з Гішпаніі штодзённыя беларускія радыёперадачы.

Пасьля пераезду Сурвілаў у Канаду нашая заакіянская дыяспара атрымала ў асобе Янкі чалавека, які, паводле словаў Барыса Рагулі, “быў прычынны да вытокаў усіх пачынаньняў на беларускай палітычнай і грамадзкай ніве, што зарадзіліся і рэалізаваліся ў Атаве”.

Зь дзіцячых гадоў, калі сам змайстраваў свой першы фотаапарат, ён захаваў захапленьне мастацкай фатаграфіяй, пакінуўшы, у прыватнасьці, цэлую галерэю партрэтаў нашых літаратараў-эмігрантаў, у тым ліку партрэт Натальлі Арсеньневай, зьмешчаны ў менскай кнізе яе вершаў “Яшчэ адна вясна” (1996).

У вечнасьць Янка адышоў, як і жыў, грамадзянінам Беларускай Народнай Рэспублікі, Раду якой ужо дзясяты год узначальвае Івонка Сурвіла.
XS
SM
MD
LG