Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Я жыву ў вёсцы і бачу, што многія вяскоўцы давяраюць Лукашэнку, як Богу. Іхні давер мяжуе з рэлігійнасьцю і не ўключае ніякага аналізу”.


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за чацьвер, 20 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24

(Спадар: ) “Я радуюся за Аляксандра Ўладзіслававіча Казуліна і смуткую, што ён пакутуе цяпер. Але за пакуты Гасподзь адплаціць яму вянком славы. Я ўсё ж лічу, што мы павінны спадзявацца, што дыктатура ня пройдзе. Усяго найлепшага”.

(Аліса Аляксееўна, Менск: ) “Паважанае Радыё Свабода, праслухала ў вашым эфіры Валера Дранчука і яго меркаваньне, што Зянон Пазьняк павінен быць у Беларусі і з народам. А з кім і дзе быў Казулін? Дзе былі тысячы людзей, яго прыхільнікі падчас ганебнага суду над ім? Што, толькі адзін Лябедзька непахісны прысутнічаў? Зянон, не прыяжджай, не вяртайся. Гэта будзе такі падаруначак для тых усіх, хто адказны за гэтыя жахі ў Беларусі. Хто будзе гарантам тваёй бясьпекі?”

(Спадар: ) “Судзяць дырэктара наваполацкага заводу Часнавіцкага за вялікую суму скрадзеных грошай. Скажыце, дзе ён можа іх захоўваць? У сваім банку ў Беларусі ці на Захадзе? І дзе можа захоўваць грошы Лукашэнка? І калі такія людзі хаваюць, дык Лукашэнка тым больш можа схаваць. Растлумачце, калі ласка, я не магу зразумець, дзе гэтыя грошы можна захоўваць. А то просты чалавек капейкі зьбірае на сьмерць і захаваць ня можа. Радыё Свабода, растлумачце, калі ласка, бо вы толькі факты даяце, а не тлумачыце. Скажыце, дзе такія грошы захоўваюцца. Дзякуй”.

(Спадар: ) “Учора на працы чуў аповед аднаго калегі, які праводзіў у армію свайго сына. Нягледзячы на раньні час, многія прызыўнікі ў Пінску былі ўжо п’яныя, некаторыя зь іх былі ўжо ў такім стане, што іх заводзілі ў аўтобусы, проста садзілі на сядзеньне і адпраўлялі далей. Гэты аповед падштурхнуў мяне на сумныя думкі. Яшчэ я чуў аповеды іншых маладых людзей, якія расказвалі, што ў арміі наагул бацькі-камандзіры злоўжываюць алькаголем. І мне здаецца, што пасьля службы ў арміі гэтыя прызыўнікі, што былі нецьвярозымі ўжо ў дзень прызыву, вернуцца хранічнымі алькаголікамі.

Яшчэ я хачу падзяліцца сваёй думкай пра іншую падзею. На саміце ў Пецярбурзе Ўладзімер Пуцін сказаў, што ў Расеі павінна існаваць апазыцыя, бо крытыкаваць уладу заўсёды ёсьць за што. Гэта карэнным чынам адрозьніваецца ад той сытуацыі, што існуе ў нас у Беларусі, дзе катэгарычна забараняецца крытыкаваць уладу і асабіста прэзыдэнта. Гэтыя словы расейскага кіраўніка нашаму прэзыдэнту, я лічу, трэба мець на ўвазе”.

(Мікола Чыбісаў, г.п. Казлоўшчына Дзятлаўскага раёну: ) “Ізраіль вядзе вайну з Палестынай толькі за тое, што тыя скралі два чалавекі. У Беларусі за час кіраваньня таварыша прэзыдэнта Лукашэнкі прапалі Завадзкі, Ганчар, Захаранка, Красоўскі, іншыя людзі, але ніхто не аб’яўляе нікому вайны і нават пошукі гэтых людзей не вядуцца. Дзякуй за ўвагу”.

(Васіль Цюхай, Беразіно: ) “Добры дзень. Я мяркую, што так званае аб’яднаньне камуністычных партыяў зьвязана з тым, што пракуратар Беларусі заплянаваў ліквідацыю Калякіна. А для таго, каб потым не было пратэстаў, у тым ліку і з боку расейскіх камуністаў, ён вырашыў спачатку ліквідаваць партыю Калякіна”.

(Спадар: ) “Я хачу на канкрэтных прыкладах сказаць, што нам трэба. Вось Мілінкевіч чарговы раз кажа: “Мы ў мясцовыя саветы будзем выбірацца пад лёзунгам свабоды”. Не патрэбныя нам гэтыя мудрагелістыя словы. Трэба нашыя правы абараняць, а яны выражаюцца вось у чым. Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка сказаў (гэта яго нейкі ідыёт праінфармаваў), што беларускі народ ня хоча лячыцца. Гэта маразм нейкага жудаснага чыноўніка. І Лукашэнка гэта паўтарыў. Вось яго словы трэба ў залатую рамку і павесіць паўсюль, каб глупства чалавечае было відаць. Нам трэба ад мясцовых саветаў, каб працавалі паліклінікі, даваліся камунальныя паслугі, каб нашыя дамы, дзіцячыя садкі былі ў парадку – вось што трэба. Не мізэрнае нешта, ілюзорнае, а насамрэч каб выконваліся нашыя правы, бо сытыя чыноўнікі зусім не працуюць у гэтым кірунку. Вось што нам трэба.

Прывяду прыклад. У шостай паліклініцы чалавек прыходзіць і кажа загадчыку аддзяленьня Маспанаву, што, калі ласка, мне патрэбныя вось гэтыя лекі. Пятніца, субота, нядзеля, панядзелак – я застаюся без дапамогі. А ён кажа: “Выйдзі адсюль. Зараз выклікаю міліцыю, калі ты будзеш настойваць!”, – і хапае слухаўку... Дык мяне на вуліцы чакаў сабачка, а так бы я дачакаўся, калі б прыехала міліцыя. Вось што трэба ў мясцовых саветах.

Я хачу крыху працягнуць. Ня людзі ня хочуць лячыцца, а ня лечаць іх. Паверце мне, ня лечаць. Я магу дзясяткі, сотні прыкладаў прывесьці. Людзі паляжаць ці паходзяць у паліклініку, дапамогі ніякай няма... Дактары ня хочуць займацца... Аляксандру Рыгоравічу так здаецца, што, калі ты хочаш паляжаць у нейкіх добрых умовах, плаці. А чаго? Як? Мы ня можам гэтага. Зьбірай грошы і едзь за мяжу ці ідзі ў платную клініку. Вось як. І гэтага нельга дапускаць. Што гэта такое? Беларускі народ столькі ж перажыў! Столькі пакутаваў! Усялякіх хвароб хапае ды яшчэ Чарнобыль! Якое платнае?! Яго трэба бясплатна лячыць! Проста ў мяне сілы няма, плакаць хочацца, калі глядзіш, як пакутуюць дзеці і асабліва людзі сталага ўзросту. Глупства гэта, што лячыцца ня хочуць. Што гэта за выдумка? Гэта маразм нейкі! Хочуць лячыцца – ня лечаць! Усё на платнай аснове. Дарагія лекі. А дактары зусім няздатныя! Ня хочуць нават пальцам паварушыць! Вось як! А мы гаворым пра гэта? Нічога такога!”

(Зінаіда Вячаславаўна Цімошык: ) “Шаноўная “Свабода”! Я жыву ў вёсцы і бачу, што многія вяскоўцы давяраюць Лукашэнку, як Богу. Іхні давер мяжуе з рэлігійнасьцю і не ўключае ніякага аналізу. Хачу зьвярнуцца да слухачоў: можа, яшчэ хто помніць рэкляму па тэлевізіі пасьля прыходу Лукашэнкі да ўлады. Пастаяннае наслаеньне нейкіх бягучых квадратаў, урыўкі музычных фрагмэнтаў, якія нагадвалі савецкія лёзунгі. Па-мойму, насельніцтва краіны не заўважыла псыхатропнай апрацоўкі. Я валодаю чуйнай нэрвовай сыстэмай, і мяне гэтая рэкляма тады вельмі непакоіла, і я адразу ж выключала тэлевізар. Можа, якія спэцыялісты зьвярнулі б на гэта ўвагу? Дзякую”.

(Пэнсіянэрка: ) “Большая частка нашага насельніцтва ўпэўненая, што Казулін не вінаваты. І нават тыя, хто ўвесь час выказваецца супраць апазыцыі, лічаць, што прысуд суровы і ні ў якія рамкі ня лезе і што яго трэба вызваліць, бо ён ужо дастаткова адседзеў. Чаму кіраўнікі сілавых структур так абыходзяцца з апазыцыяй: садзяць за краты за кожны выступ у абарону той ці іншай зьявы ў нашым грамадзтве? Бо абараняюць свой дабрабыт, які можа быць парушаны.

Калі я на гэтым тыдні ішла была ўздоўж двух- і трохпавярховых дамоў, так званых дачаў, недалёка ад Драздоў, падумала, на якія грошы яны будуюцца. Сустракаю будаўніка, які як раз там робіць. “Хто тут жыве і яшчэ будзе жыць?” Адказвае: “Тут жыве большая частка нашых кіраўнікоў: архітэктары, банкіры, – і сказаў: – Так, як яны жывуць, мы з вамі жыць ня будзем”. Просты народ усё бачыць, нягледзячы на тое, што тыя жывуць за высокім плотам. Вось таму і не дапускаюць апазыцыю афіцыйна, каб ня ўдзельнічала ў рашэньні асноўных дзяржаўных пытаньняў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG