Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская крама ў Нью-Ёрку працуе круглыя суткі


Радыё Свабода Адзін са слухачоў даслаў нам па электроннай пошце невялікі артыкул пра беларускую краму ў сучасным Нью-Ёрку. Гэты матэрыял разьмешчаны на нью-ёркскім інтэрнэт-сайце www.gothamist.com пад рубрыкай “The Hungry Cabbie Eats”. Наша карэспандэнтка зьвязалася з уладальнікам крамы.

Гэтая крама знаходзіцца паміж Коні Айландам і Брайтан Біч, мае назву “Беларусь” і працуе 24 гадзіны на суткі.

Як піша аўтар, калі ён хоча купіць сабе штосьці асабліва смачнае, а менавіта тое, чаго ня знойдзе больш нідзе ў Нью-Ёрку, напрыклад, мочаныя яблыкі, ён едзе ў менавіта ў нью-ёркскую “Беларусь”.

Аўтар, аднак, папярэджвае патэнцыйных наведнікаў адносна не зусім звыклага для амэрыканцаў сэрвісу: “Калі вы сустрэнеце стаўленьне, падобнае да стаўленьня беларускіх рабочых, калі іх пабудзяць уначы, не хвалюйцеся… Калі вы ня будзеце задаваць лішніх пытаньняў, дык вам прапануюць цудоўныя сьвежыя дранікі з кафэтэрыя альбо вельмі смачнае шакаладнае печыва, імпартаванае зь Менску”.

Званю ў Нью-Ёрк у краму “Беларусь” і пытаюся, ці праўду напісалі пра стаўленьне?

(Кац: ) “ А хто напісаў? Каган, можа? Паглядзіце…”

“Імя тут, па мойму, не напісанае”, кажу я суразмоўцу. Як высьвятляецца, яго завуць Сямён Кац, і ён ёсьць уладальнікам нью-ёркскай “Беларусі”. Кажу спадару Кацу, што ў артыкуле вельмі цёпла пішуць пра ягоную краму. Нават цытую: “У краме “Беларусь” некалькі гатункаў агуркоў – моцнасалёныя, сярэднесалёныя і слабасалёныя. Мне найбольш падабаюцца маласольныя, паколькі яны найбольш храбусткія. Гэтыя агуркі плаваюць у кадушцы ў рассоле, дзе шмат кропу, сямян гарчыцы і карыяндру, кавалкаў сельдэрэю. Такі рассол надае ім асаблівы водар і пікантнасьць”.

(Кац: ) “Я сам салю. У мяне вельмі багатая кулінарыя. Калі адкрываўся, дык халаднікі рабіў. Але халаднікі я і цяпер раблю. І белыя, і чырвоныя. Са шчаўя раблю таксама. Халодныя, гарачыя. Капусту раблю. Шмат раблю дранікаў. Зь мясам. Шмат чаго магу”.

(Карэспандэнтка: ) “Адкуль рацэпты?“

(Кац: ) “З галавы. Доўга ў Менску быў халасьцяком. У мяне маці была вельмі добрай кулінаркай”.

Спадару Сямёну Кацу 60 год. Ён нарадзіўся на Мядзельшчыне, доўгі час жыў у Менску. У Нью-Ёрку вось ужо 6 год. Паводле ягоных словаў, калі ў гэтым горадзе вы ўбачылі нейкую гандлёвую кампанію, якая мае ў сваім назове слова “Беларусь”, гэта кампанія ягоная – Каца.

(Кац: ) “Скажу так. У мяне два магазіны: адзін “Беларусь1”, другі “Беларусь2”. Вы былі ў Амэрыцы? Тут ўсяго ёсьць. Ёсьць магазіны “Адэса”, “Кракаў”-шмакаў і г.д., а зь нейкім беларускім словам – аніводнага. Ёсьць бізнэсоўцы-менчукі, гомельскія, віцебскія. Усе багатыя людзі. Я патрыёт Беларусі і вырашаў назваць магазіны “Беларусь”. Хаця раён тут хутчэй адэскі. Мае ўсе кампаніі маюць імя “Беларусь”. “Беларусь хот сэйл” – кампанія, якая будзе прывозіць прадукты харчаваньня зь Беларусі”.

(Карэспандэнтка: ) “Хто наведвае вашы дзьве “Беларусі”? Адны беларусы ды адэсіты?” (Кац ) “Ды ўжо патроху ходзяць амэрыканцы, афрамэрыканцы. Ходзяць-ходзяць!..”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG