Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даклад аб Клецкай бітве павінен быць узгоднены з ідэалягічным аддзелам


Радыё Свабода Нацыянальны грамадзкі аргкамітэт зацьвердзіў праграму сьвяткаваньня 500-годзьдзя перамогі войскаў Вялікага Княства Літоўскага над крымскімі татарамі ля Клецку. Галоўныя падзеі прызначаныя на 5 ды 6 жніўня. Між тым Радыё Свабода сталі вядомыя факты стварэньня штучных перашкодаў у падрыхтоўцы да гістарычнай даты.

Рэстаўрацыя эпізодаў адной зь найвялікшых перамогаў беларусаў мусіла быць у экспазыцыі Клецкага гісторыка-этнаграфічнага музэя. Са словаў яго дырэктаркі Зоі Мініч, яшчэ год таму былі разьмешчаныя заказы ў мастацкіх майстэрнях у Менску. Аднак выкупіць палатно дыярамы бітвы, амуніцыю рыцараў ды копіі зброі не атрымліваецца й сёньня. Тлумачыць Зоя Мініч:

(Мініч: ) “Каштуе гэта 24 мільёны рублёў. Раён такіх сродкаў не адшукаў. І таму заля ў музэі ня зробленая. Шмат намаганьняў прыкладала, але атрымлівала толькі нейкія абвінавачваньні. Не зразумелі, што гэтая вялікая дата і сур’ёзная падзея”.

Для арганізацыі сьвята ў Клецку, а таксама ў Менску створаны Нацыянальны грамадзкі аргкамітэт. Заплянаваны сьвяточны канцэрт, выставы, канфэрэнцыі. Ці ёсьць упэўненасьць у спраўджаньні намераў? Пытаньне да старшыні аргкамітэту Міколы Купавы:

(Купава: ) “На сёньня ўсё быццам бы застаецца рэальна. Хаця тут часта здараецца, што пераначуеш і невядома пра што пачуеш. Ва ўсялякім разе мы мяркуем адкрыць выставу. Я папрасіў сто мастакоў зрабіць адпаведныя творы”.

Як паведаміў Мікола Купава, 5-га жніўня ў Клецку адбудзецца навуковая канфэрэнцыя. А ўжо загадзя, як удакладняе Зоя Мініч, у мясцовым райвыканкаме патрабуюць тэксты дакладаў.

(Мініч: ) “Учора Мацуль – намесьнік старшыні райвыканкаму – загадаў усе выступы, якія будуць на канфэрэнцыі, пакласьці на стол, каб “усё вычытала ідэалёгія”. Ведаеце, як гэта падаецца: “Сюды прыйдзе апазыцыя, бел-чырвона-белыя сьцягі выставіць...”

5 жніўня 1506 году на рацэ Лань ля Клецку адбылася бітва больш чым 12-тысячнага войска крымскіх татараў супроць удвая меншых сілаў Вялікага Княства Літоўскага на чале з найвышэйшым гетманам дзяржавы Станіславам Кішкам і князем Міхаілам Глінскім. Іхныя войскі атакавалі татараў і цалкам іх разграмілі. У беларускай гісторыі гэта вялікая перамога ў адным шэрагу зь бітвамі пад Сінімі Водамі, Грунвальдам ды Воршай.

Дарэчы, сёлета музычны гурт "Стары Ольса" на дыску "Гераічны эпас" запісаў новы сьпеў "Клецкая бітва".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG