Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Керагаз


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Мова як сыстэма гукавых знакаў схільная да зьменаў. Адны словы зьнікаюць з ужытку, тут жа зьяўляюцца іншыя. Шмат новых словаў спараджае бюракратыя, яшчэ больш – навука ды тэхніка, актыўна мадэрнізуе мову турэмна-крымінальны асяродак. Тым часам забываюцца назвы прадметаў, якія выходзяць з ужытку.

Спытай у вучня пачатковых клясаў, што такое керагаз, і ён утрапёна пачухае патыліцу. А яшчэ, здаецца, зусім нядаўна ягоныя аднагодкі прачыналіся ад бразгату на калідоры. Гэта маці ставіла раніцою чайнік на той самы керагаз.

Загнанае ў баракі насельніцтва гатавала ежу на керагазах альбо на прымусах. У цёмных барачных калідорах яны стаялі шыхтом, каля кожных дзьвярэй. Страшныя, закураныя. І адранку, калі іх разам запальвалі, у калідоры было не прадыхнуць ад густога смуроднага чаду.

Самымі папулярнымі былі керагазы зь дзьвюма фаеркамі вытворчасьці Віцебскага заводу мэталёвых вырабаў. У віцебскіх керагазах, у мэтах бясьпекі, ёмістасьць з газай месьцілася збоку, на пэўнай адлегласьці. Але ўсё адно былі выпадкі, калі яны выбухалі сінім агнём. Апавядалі, як адна жанчына так згарэла. Керагаз успыхнуў, падпаліўшы спадніцу.

Прымус быў керагазным клонам. Ён увесь быў увабраны ў мэталёвы кажух са сьлюдзяным акенцам пасярэдзіне. Празь яго было відаць, гарыць агонь ці не. Газа падавалася да фаеркі з дапамогаю помпы, і прымус, калі на ім штосьці смажылі, ціхенька сіпеў.

Газа прадавалася ў адмысловых крамах: несамавітых цагельных будках. Стаялі яны звычайна на гарадзкой ускраіне. Літар газы каштаваў 4 капейкі. Яе налівалі з дапамогаю рознакалібровых леек у бутэлькі, 20-літровыя бітоны ды ў іншы закрыты посуд. Яшчэ ў тых крамах прадаваліся кнаты для керагазаў: шырокія, сплеценыя з баваўняных нітак стужкі. Завозілі іх зрэдзьчасу, па іх адразу выстройваліся чэргі, і бралі кнот ня толькі для сябе, але й для сяброў ды знаёмцаў.

Керагаз сёньня – гістарычны ўтыль, згадка далёкай маладосьці. Аднак суворыя рэаліі часу і новыя цэны на газ, якія выстаўляе Расея, могуць вярнуць яго да жыцьця. І, магчыма, раніцою зноў будзеш прачынацца ад груку. І на мяжы явы і сну ў думках паклічаш маці. І толькі тады ўцяміш, што гэта ўнук вярнуўся на золку з пагулянкі і паставіў чайнік на віцебскі керагаз.
XS
SM
MD
LG