Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Колькі павінен сядзець чалавек за фальсыфікацыю выбараў? І колькі павінен сядзець за лжэсьведчаньне, дакладней за лжэсуд?”


Радыё Свабода Водгукі слухачоў за аўторак, 18 ліпеня. Круглыя суткі вы можаце тэлефанаваць па менскім нумары 290-39-52 і пакідаць свае водгукі на нашым аўтаадказьніку, а таксама дасылаць СМС-паведамленьні па нумары 391-22-24.

(Спадар: ) “Хачу выказаць сваё меркаваньне аб судзе над Казуліным. Сапраўды, гэты працэс быў палітычны, таму што Казуліна судзілі за палітычнае хуліганства. Калі б такое зрабіў які-небудзь грамадзянін ЗША (разьбіў партрэт Буша ў паліцэйскім пастарунку), то ён пэўна б атрымаў ня пяць з паловай гадоў, а ўсе дзесяць. І пра асобу Казуліна. Падчас свайго выступу па тэлевізіі як кандыдат на прэзыдэнта ён нам апавядаў не пра сваю эканамічную праграму, а расказваў, з кім Лукашэнка сьпіць і ад каго ў яго пазашлюбныя дзеці. Гэта сорамна для мужчыны. Яго выступ быў хутчэй падобны не да выступу кандыдата ў прэзыдэнты, а да выступу на сьвяце байцоў спэцпадразьдзяленьня, якія галавой і кулакамі разьбіваюць цагліны. Вось да каго падобны Казулін. Дзякуй”.

(Спадарыня: ) “Шаноўная “Свабода”, я з вамі. Ня кідайце мяне, будзьце са мной. Я рада, што я вас знайшла. Дзякую за ўвагу”.

(Спадар са Смаргоні: ) “Аляксандру Казуліну далі пяць гадоў. Я хачу папытацца ў тых, хто прысудзіў яму гэты тэрмін. Я не называю вас судзьдзямі, бо ўсіх вас мы ведаем. Я хачу ведаць, колькі павінен сядзець чалавек, які мае дачыненьне да зьнікненьня людзей. Гэта першае. Цяпер другое. Колькі павінен сядзець чалавек за фальсыфікацыю выбараў? Гэта другое. І колькі павінен сядзець за лжэсьведчаньне, дакладней за лжэсуд?

А ў Аляксандра Казуліна хацелася б спытацца толькі адно: якія яго цяперашнія адносіны да закону аб люстрацыі. На перадвыбарчых мітынгах ён казаў, што закон аб люстрацыі будзе мець дачыненьне толькі да ланцужных сабак. Я ня згодзен з гэтым, бо за дванаццаць год адбылася грандыёзная сэлекцыя гэтага пустазельля... І кім яго ў будучыні замяняць, бо гэтая сэлекцыя цяпер працягваецца і ў школах, і ў студэнцкім асяродку? Вось такія ў мяне пытаньні”.

(Спадар: ) “Казуліна пасадзілі за праўду гэтыя лукашысты, таму што ён гаварыў праўду, а яны яе баяцца. Казулін нічога дрэннага не зрабіў: ня ўкраў нічога, нікога не забіў. А матчыны сьлёзы нікуды не прападуць. Вось гэтым лукашыстам усё выйдзе бокам, і яны будуць пакутаваць за матчыны сьлёзы і крыўды людзкія. Прыйдзе калі-небудзь той час, а ён прыйдзе, бо нішто вечным не бывае – будзем караць тых ліхадзеяў, што ўладкаваліся, жывуць і раскашуюць пры Лукашэнкавай уладзе. Запомніце, бальшавікі, час прыйдзе рана ці позна, і вам прыйдзецца адказваць за матчыны сьлёзы і нявінную душу Казуліна”.

(Спадар: ) “Спадары “Свабоды”, пра Казуліна. Па тэлебачаньні быў ня выступ, а простая лаянка, у якой не было ніводнай думкі. Нават у гэтым выпадку ў лаянцы трэба несьці хоць якую-небудзь думку, дзейнасьць. Пра Мілінкевіча. Ён мала чым адрозьніваецца ад Казуліна ў пляне інтэлектуальнага патэнцыялу. Але Бог зь імі. Нічога дрэннага не было. А толькі карысьць у тым, што пры Лукашэнку нешта ўсё ж такі было зроблена. І гэта трэба было прызнаць, і тады было б больш эфэктыўна, а далей маглі б лаяць колькі хаця. Вось і хочацца сказаць навукоўцам: займайцеся сваёй працай”.

(Спадар: ) “Я ня згодны з вашымі палітолягамі, што Беларусі пашанцавала, што там вайна ў Палестыне і Ізраілі пачалася. Ужо нават называюць Палестыну і Ізраіль нейкай падставай для некага. Гэта ганебна. Ідзе бойня. Ізраіль забівае там людзей за аднаго салдата, якога там затрымалі. І што наша “васьмёрка”? Што, акрамя сопляў і размоваў, нельга ніякія захады зрабіць? Вось на што трэба зьвярнуць увагу.

А што да “беларускага пытаньня”, дык што тут абмяркоўваць? Што не далі Мілінкевічу пакіраваць? Дык народ ня выказаў яму даверу. Пра тое, што хуліганаў караюць у адміністрацыйным парадку, а аднаго ў крымінальным? Што тут крытыкаваць? Гэта правакацыя, якую вы з гэтымі апазыцыянэрамі арганізоўваеце! Чалавека абралі законна. Няхай і 65%, як кажа апазыцыя, усё роўна ж абралі, шчыра яго абралі. Гэта другое. А трэцяе, калі ласка, дазвольце, што гэта за нахабнасьць такая?! Усё гэта вышукваеце недзе, каб неяк пакрыўдзіць Беларусь, усё вам няправільна! Дык у нас жа пэнсіянэры ў сярэднім 150 даляраў атрымліваюць!..

Вось прайшла інфармацыя, што дачка Казуліна зьвярнулася з пасланьнем да Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі. Гэта правільна. Але мне здаецца, што не пасланьне трэба, а каб яна сама да яго прыйшла на прыём, пагаварыла. Я ўпэўнены, што яны б дамовіліся. Разумееце? Вось так трэба, а то мы спачатку ўзьвядзём паклёп на чалавека, які, можа, вельмі далёкі ад гэтага. Нехта іншы гэта ўсё рабіў, а ён ня ўмешваўся ўва ўсё гэта. Ніякіх пытаньняў. Зь яго і заявы ня бралі. Супраціўляўся міліцыі. Вось у Амэрыцы як? Паспрабуй супраціўляцца паліцыянту – аж да выкарыстаньня зброі, і ніякіх пытаньняў. І ніхто не глядзіць, якая ў цябе пасада. Вось няхай дачка сходзіць і жонка таксама. Я ўпэўнены, прэзыдэнт пойдзе ім насустрач”.

(Спадарыня: ) “Была надзея, што ў Пецярбурзе будзе закранута пытаньне пра Беларусь, пра падзеі ў краіне, пра Казуліна, якога незаслужана асудзілі на такі значны тэрмін. Было вядома, што большасьць сьвядомых людзей супраць такога жорсткага прысуду. І нідзе ў Пецярбурзе ні слова ў яго абарону. І нават зьбівалі нашых хлапцоў і дзяўчат у Пецярбурзе, якія хацелі данесьці зьвесткі пра асуджаных. Дык у Расеі адбываецца тое, што і ў Беларусі. Гэта сьведчыць аб тым, што патрэбныя такія людзі, якія будуць падтрымліваць урад, а іншадумцы не патрэбныя. Але зьдзіўляе тое, што нават замежнікі не закранулі пытаньня пра Беларусь – нідзе ні слова. Так што наш урад яшчэ больш упэўніўся ў сваёй правільнасьці. А апазыцыянэраў судзяць па адным артыкуле: брыдкаслоўе. Вось і ўсё”.

(Спадар з Ашмянаў: ) “Я наконт Казуліна. Слухаў вашую перадачу ўчора, там і маё меркаваньне выказалі. Мне Казуліна як чалавека вельмі шкада. Ублытаўся ён у гэтую “шантрапу”... Яго брат і дачка зьвяртаюцца да прэзыдэнта. Ім трэба было раней яго папярэдзіць, куды ён лезе. Тут трэба скінуць яго гордасьць гэтую і самому сказаць, што ён вінаваты. І вы павінны са мною згадзіцца, што ён у многім ня меў рацыі. Таму што празь пяць з паловай гадоў, калі ён выйдзе, ён ня будзе нікому патрэбны, ніхто ня будзе яго ведаць. Проста ён сам заблытаўся, і трэба, каб вы дапамаглі яму выблытацца. Пяць з паловай гадоў для чалавека – гэта занадта. А Лябедзьку дзесяць сутак правільна далі. Я вам казаў, хто ён такі. Ён бегаў па квартале будаўнікоў падчас першых выбараў і за Лукашэнку агітаваў па арганізацыях. Мы яго тут вазілі, і ён цяпер такую брыдоту кажа. Яму дзесяць сутак мала, трэба яму замест Казуліна даць тэрмін, а Казуліна вызваліць. Вось такое маё меркаваньне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG