Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Залог доўгага жыцьця – штотыднёвая лазьня


Радыё Свабода Старажытныя грэкі цьвердзілі, што памерці ў 70 гадоў – тое самае, што ў калысцы. Сучасная ж сусьветная статыстыка канстатуе, што толькі адзін з 10-ці тысячаў чалавек дажывае да ста гадоў. У гарпасёлку Радунь, што ў Воранаўскім раёне Гарадзеншчыны, жыве 103-гадовы спадар Сымановіч. Зь ім сустрэўся карэспандэнт "Свабоды".

Дзядзька Ян – Іван Іванавіч Сымановіч – бадзёра для свайго ўзросту выйшаў на ганак. Яго ў Радуні ведае кожны. І бачыць – кожную суботу, калі ён упэўнена ідзе ў лазьню. Што адразу мне й пацьвердзіў.

(Сымановіч: ) “Так, хаджу. Кожную суботу. Іду хворы – выходжу здаровы, як папаруся…”

У Радуні звыш дзевяноста адсоткаў насельніцтва лічаць сябе палякамі. Спадар Сымановіч штотыдзень спраўна ходзіць у касьцёл. Выступае, як тут кажуць, за “сапраўдную пальшчызну”, якая асацыюецца з прыхільнікамі Анжалікі Борыс – іх у тутэйшай філіі Саюзу палякаў каля дзьвюх трацінаў. Але, даведаўшыся, адкуль я, мой суразмоўца тут жа сказаў:

(Сымановіч: ) “Я па-беларуску магу гаварыць”.

Пытаюся пра самыя моцныя эмацыйныя ўражаньні за стогадовае жыцьцё. Дзядзька Ян згадвае вайсковую службу і рапартуе:

(Сымановіч: ) “Я служыў у Вільні – першы полк, першы батальён, першы ўзвод, першай дывізіі арміі Пілсудскага. У 39-м годзе мяне забралі на польска-нямецкую вайну. Потым Сталін і Гітлер зрабілі дамову на межах на 10 гадоў. А за 10 км ад Радуні зрабілі савецкі аэрадром, я там працаваў. Прыляцеў самалёт з расейскімі афіцэрамі: мы, маўляў, з Гітлерам яшчэ крапчэйшы дагавор зробім. Гэта быў адзін чацьвер, а ў другі чацьвер таксама нейкія афіцэры панаяжджалі. Пахадзілі-пафатаграфавалі. Шах – падняліся. А было 1000 зэкаў – працавалі на аэрадроме, я быў ахоўнікам тады. І ў нядзелю ў тры гадзіны – бум, бум, кажуць свастыка на крылах! І гранаты па ўсёй тэрыторыі. І пачалася вайна… У 44-м мяне забралі на вайну восеньню, а тут і 9 мая. Будаўніком працаваў – будаваў першую радунскую школу”.

Спадар Сымановіч жыве разам зь дзецьмі, ад якіх, як ён кажа, мае добры догляд.Зрэшты, і прыжывальнікам сябе не адчувае.

(Карэспандэнт: ) “Пэнсія колькі цяпер у вас?”

(Сымановіч: ) “290 тысяч. І ад Польшчы даляраў 150 раз на квартал, бо ваяваў да 39-га году”.

(Карэспандэнт: ) “Дык як дажыць да 103 гадоў удалося?”

(Сымановіч: ) “Нармальна, жылося, жылося…”

(Карэспандэнт: ) “Гарэлку пілі?”

(Сымановіч: ) “Канечне! І нічога, хоць праз сваё жыцьцё шмат выпіў – нашая цэлая арганізацыя піла. Будаўнікі, ведаеце, без гарэлкі не бываюць…”

(Карэспандэнт: ) “А елі што адмысловае?”

(Сымановіч: ) “Усё самі гатавалі – дзесьці сала, масла, кілбасы. Супу мала елі. Проста радунцы моцныя людзі. Радунь я люблю…”

(Карэспандэнт ) “Лёгкай па́ры і лёгкіх гадоў вам!”
XS
SM
MD
LG