Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца людзі да прысуду Аляксандру Казуліну?


Алесь Дашчынскі, Менск Як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задаваў наш карэспандэнт.

(Спадарыня: ) “Я абураюся тым, што наша інтэлігенцыя сёньня ня выйшла і не выказала свой пратэст таму, што робіцца ў нашай краіне. Парушэньне ўсіх законаў. Ганьба гэта нашай краіне і нам самім!”

(Маладзён: ) “Справядліва, ну, заслужыў чалавек за тое, што зрабіў: справакаваў людзей на бойку”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну?”

(Маладзіца: ) “Паняцьця ня маю, хто гэта такі”.

(Карэспандэнт: ) “Гэта былы кандыдат у прэзыдэнты”.

(Маладзіца: ) “Першы раз чую”.

(Спадар: ) “Пяць з паловай гадоў яму далі, так? Нават ня верыцца. Я думаў, якія-небудзь паўгады дадуць умоўна. Гэта вельмі жорстка, агрэсіўна распраўляцца. Гэта жорсткая расправа з апанэнтамі. Ня думаў, што так абыдуцца зь ім”.

(Спадарыня: ) “Нельга так абыходзіцца з чалавекам, зь любым, кім бы ён ня быў. Не даваць яму вады, не карміць. Ну, проста нецывілізавана і недэмакратычна”.

(Спадарыня: ) “Я проста вяртаюся назад і хачу сказаць, што мяне сёньня проста калаціла. Вось мы тут ходзім, ходзім, быццам нічога не здарылася. Калі мы самі нічога ня будзем рабіць, то кожнаму, па аднаму, будуць круціць галовы”.

(Спадарыня: ) “Ой, я ў палітыцы не разьбіраюся і палітыкай не хачу займацца”.

(Спадарыня: ) “Я супраць усялякіх гэтых, і за што, за што яму далі пяць гадоў? Не зразумела. Што ён, каго забіў ці абрабаваў, да кагосьці ў кішэню залез? Не. Гэта па палітычных меркаваньнях. Дык тут для ўсіх можна нейкую турму прыдумаць”.

(Спадар: ) “Напэўна, трэба неяк мякчэй адносіцца. Свабода слова ёсьць свабода слова”.

(Спадар: ) “Ад палітыкі я далёкі, я– “праізводственьнік”.

(Спадар: ) “Я не супраць, каб ён і свабодны гуляў, шчыра кажу”.

(Спадарыня: ) “Я ўсё ведаю, але стараюся не сунуць нос, куды ня трэба”.

(Спадар: ) “Вельмі жорсткі прысуд, неадэкватны. Калі бачыш, што ў адносінах да сапраўдных злачынцаў выносяцца апраўдальныя ці вельмі мяккія прысуды, то пяць з паловай гадоў, улічваючы, што чалавек усё ж адстойваў правы сваіх суайчыньнікаў на свабоду, гэта вельмі балюча, ненармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да прысуду Аляксандру Казуліну?”

(Юнак: ) “ Безумоўна, я супраць. Я думаю, што гэта асабістая помста і безумоўна – гэта палітычна матываваны прысуд”.

(Дзяўчына: ) “ Хутчэй за ўсё, працэс такі больш паказальны. У нас свабоды слова, свабоды руху фактычна няма, то адпаведна людзі, якія спрабуюць нешта зрабіць у гэтым кірунку, адпаведна караюцца”.
XS
SM
MD
LG