Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славянскія бутлегеры ў ЗША ў часы “сухога закону”


Радыё Свабода Газэта “Дэйлі ньюс” друкуе на сваіх старонках ўспаміны 85-гадовага Кона Хрысьцюка пра ягонае, так бы мовіць, “беларускае дзяцінства” ў амэрыканскім партовым горадзе Ньюбарыпорце, што ў штаце Масачусэтс. Пасьля кастрычніцкай рэвалюцыі сюды, у ЗША, эмігравалі бацькі аўтара, а таксама іхныя сваякі, знаёмыя, землякі. Паводле Кона Хрысьцюка, ў гады ягонага дзяцінства – 1920я-1930я – у некаторых раёнах Ньюбарыпорта ўсімі справамі кіравалі выключна этнічныя славяне. Ангельскай мовы было амаль не чуваць – усе размаўлялі на беларуска-польска-украінска-расейскай трасянцы.

На мінулым тыдні мы пазнаёмілі слухачоў зь першай часткай ўспамінаў, прысьвечаных жыцьцю, побыту і бізнэсу жыхароў эмігранцкага кварталу Ньюбарыпорта. Сёньня “Дэйлі ньюс” зьмясьціла працяг мэмуараў Кона Хрысьцюка.

У Ньюбарыпорце Хрысьцюкі жылі на рагу вуліцаў Вотэрстрыт і Чарльзстрыт. Тут свае ўласныя крамы мелі многія беларусы. За іхнымі каўбасамі, мёдам, лёдзівам езьдзілі з усяго гораду. Вялікім попытам у той час карыстаўся і, так бы мовіць, кантрабандны тавар.

У 20-я ў ЗША дзейнічаў сухі закон. Эмігранты з Вотэрстрыт вельмі хутка адчулі кан''юнктуру. У квартале пачала квітнець падпольная вытворчасьць самаробных алькагольных напояў.

Спэцыфічны пах патаемнай прадукцыі быў чуваць па ўсім эмігранцкім раёне. Толькі некаторыя рабілі самагон дзеля ўласных патрэбаў. Пераважная большасьць гандлявала самаробнай гарэлкай. Найбольш якасныя самагон і лікёр былі ў кавярні Жоры Ханевіча. На Жору працавалі некалькі чалавек – повар, афіцыянт, пасудамыйка. Рэпутацыя кавярні была бездакорнай, ежа – простай і смачнай, што было даспадобы як славянам, так і неславянам. Сапраўдным прысмакам лічыліся стравы з чарніцамі і суніцамі. Да іх нярэдка і прапаноўвалі лікёр.

На Вотэрстрыт добра ведалі, у якіх гаспадароў трэба набываць тую ці іншую барматуху. Інфармацыя прасочвалася і ў паліцыю. Паліцэйскія рэйды на Вотэстрыт былі даволі частымі.

Як піша Кон Хрысьцюк, наўрад ці паліцыянты мелі ордэры на ператрус. Яны заўсёды канфіскоўвалі разьлітую па бутэльках гарэлку і ніколі – самагоннае абсталяваньне.

Адна з найбольш характэрных гісторыяў. Барматуху рабілі ў вялікіх кадушках. Калі ў дом уваходзілі паліцыянты, гаспадыні, звычайна распраналі сваіх малых і рабілі выгляд, што зьбіраюцца іх купаць. Паліцыянты сыходзілі з хаты, заўсёды маючы пры сабе пару-тройку бутэлечак.

У 1933 годзе, калі адпаведная папраўка Канстытуцыі пра забарону алькаголю была адмененая, на Вотэрстрыт прыйшло вялікае расчараваньне...
XS
SM
MD
LG