Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начная аБЛОГа. 7 ліпеня.


Юлія Шарова, Менск Прывітаньне! Вось якія навіны, допісы, меркаваньні сустрэліся мне сёньня ў беларускім Сеціве.

На форуме Адкрытага гістарычнага клюбуhistclub.com/forums/index.php ідзе дыскусія ў тэме пад назвай “Саюз з Расеяй – ужо непазьбежна?” Удзельнік пад нікам Skarbnik выказвае меркаваньне, што чакае эканоміку краіны ў 2007 годзе, калі кошты на расейскі газ узрастуць. “Зразумела, што ўрад захоча кампэнсаваць новыя страты. Адсюль будуць уведзеныя новыя расцэнкі на транспартоўку, верагодна дадатковае акцызаваньне ці падаткаабкладаньне тавараў і грузаў… Пры разьмеркаваньні новых сродкаў далёка не ўсе трапяць у старыя вытворчыя галіны, верагодна яны ці то будуць недзе асядаць ці то пойдуць на стварэньне новых галінаў прамысловасьці ці нават на праекты, якія сёньня могуць здавацца фантастычнымі... гэта можа будзе зусім і не крызыс у нашым цяперашнім разуменьні, калі нам падаецца, што будзе абвал. Верагодна абвалу ня будзе, але будзе пэрыяд стагнацыі зь імклівымі пераўтварэньнямі ў эканамічнай сфэры. Вынікам якога можа стаць нараджэньне якасна іншага тыпу эканомікі”.

Падобная тэма хвалюе сёньня ўдзельнікаў форумаў TUT.by forums.tut.by/showflat.php?Board=socleader&Number=2374918&page=&view=&sb=5&o=&fpart=1&vc=1 – там зьявілася галінка “Магчымасьці вырашэньня газавага пытаньня ў Рэспубліцы Беларусь”. Удзельнікі разважаюць, як падвысіць эфэктыўнасьць беларускай эканомікі, нягледзячы на меркаваны рост коштаў на газ. Аўтар тэмы PetroF-IvanoV прапануе асобныя ідэі, але, на ягоную думку, праводзіцца яны павінны цэнтралізавана, праз дзяржаву. Вось якія камэнтары там можна знайсьці: “На маю думку, трэба папросту завязваць з камандна-адміністрацыйнай сістэмай і перайсьці да дэмакратыі й рынка. На шляху можна зладзіць невялікую прыватызацыю ды інвэставаць у сярэдні й малы бізнэс”. “Пры існуючай цэнтралізацыі ўсё залежыць ад жаданьняў аднаго чалавека. Ці ёсьць магчымасьць яго ў нечым пераканаць?” “…з прычыны непразрыстасьці, адсутнасьці стрымліваючых фактараў для ўладаў усё гэта выльецца папросту ў карупцыйную дзірку, дзе патрэбныя рашэньні для патрэбных людзей будуць прымацца за адкаты. Таму добрая ідэя можа быць цалкам дыскрэдытаваная выкананьнем”.

Вядомы беларускі псыхоляг Вольга Андрэева ў сваім ЖЖ olga-andreeva.livejournal.com піша пра новы тып ідэальнага мужчыны – яго нядаўна вывелі амэрыканскія аўтары новай кнігі “Будучыня мужчыны”. “На зьмену жонападобным мэтрасэксуалам прыйшлі мужчыныя убэрсэксуалы… убэрсэксуалы ўпэўненыя ў сабе, яны мужныя й стыльныя, яны наладжаныя на якасьць ва ўсіх сфэрах жыцьця… у адрозьненьне ад мэтрасэксуалаў, захопленых уласным іміджам, убэрсэксуалы надаюць шмат увагі палітыцы і навакольнаму жыцьцю. Жанчынаў, якіх мэтрасэксуалы лічаць найлепшымі сябрамі, убэрсэксуалы шануюць і любяць, аднак у сяброўстве аддаюць перавагу прадстаўнікам свайго полу… у той самы час аўтары кнігі адзначаюць, што адраджэньне традыцыйных мужчынскіх каштоўнасьцяў не азначае вяртаньне за экраны тэлевізараў, дзе паказваюць улюбёны футбол, зь бляшанкай піва”.

На сайце віртуальных дзёньнікаў www.livejournal.com

http://community.livejournal.com/basovisca/profile

зьявілася новая суполка – basovisca community.livejournal.com/basovisca/profile Удзельнікі гэтай суполкі зараз абмяркоўваюць, як трапіць на “Басовішча” – фэст беларускай музыкі, які адбудзецца на Беласточчыне ўсяго праз два тыдні. Дзе можна спампаваць песьні тых ці іншых беларускіх гуртоў, маршрут вандроўкі, праграма фэсту – на ўсе гэтыя пытаньні спрабуюць адказаць карыстальнікі vojur і _tarka_ Пад гэтымі нікамі, як вядома, пішуць каардынатары сёлетняга “Басовішча”.

http://www.belzhaba.com/node/473#comment

А праект “Беларуская жаба” прэзэнтуе новы каляж www.belzhaba.com/node/473#comment – адмысловая мадэль тэлевізара “Гарызонт” з дворнікамі, як на лабавым шкле аўтамабіля. На экране тэлевізара – карцінка БТ, дворнікі працуюць. “Пляваць у экран стала яшчэ прасьцей” – так падпісаны гэты каляж.

Дасылайце свае ідэі ды лінкі для “Начной аБЛОГі”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Таксама тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 290-39-52 і дасылайце СМС-паведамленьні на нумар 391-22-24. З вамі была Юлія Шарова. Да сустрэчы ў оф-лайне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG