Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фантамас


Вінцэсь Мудроў, Полацак Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы і паняцьці пары застою ўспамінае Вінцэсь Мудроў.

Самымі цікавымі ў другой палове ХХ стагодзьдзя ўяўляюцца шасьцідзясятыя гады. Тады, пасьля суворай сталінскай зімы, прысьпела раньняя вясна, і палітычныя адлігі перамяжоўваліся з прымаразкамі. Ці ня самай адметнай праявай адлігі можна лічыць зьяўленьне на экранах француска-італьянскага фільму “Фантамас”.

Зьняты па матывах бульварных раманаў фільм ашаламіў як падлеткавую, так і дарослую аўдыторыю. У 1967 годзе, пасьля першых паказаў, мы, падлеткі, толькі пра Фантамаса і гаманілі, а ў партфэлі аднаклясьніц падкідвалі цыдулкі: “Цябе ўкрадзе Фантамас”. Яшчэ была фішка: прайсьціся па школьным калідоры рассунуўшы плечы, ва ўнісон махаючы рукамі і здушана, па-фантамасаўску выдыхаючы “Ха-ха-ха”. Сьпісвалі на зеленатварага злодзея і рознае шкодніцтва. Абтрасуць яблыні ў садзе, а на плоце напішуць: “Фантамас”. А то яшчэ абрэжуць слухаўку ў тэлефонным аўтамаце – выдрапаюць на сьценцы лацінскую літару F. Пужалі таксама жанчын у цёмных пад’ездах, нацягнуўшы на твары зялёныя панчохі.

Асабліва ўсіх уразіў ў фільме палёт галоўнага героя на рэактыўным аўтамабілі, а таксама тое, што ролю Фантамаса і журналіста Фандора выконваў адзін і той жа актор. Мне даводзілася чуць палкую дыскусію, якая разгарэлася паміж мужчынамі сярэдняга веку. Яны высьвятлялі: ёсьць на Захадзе такія аўтамабілі ці гэта прыдумка стваральнікаў фільму?

“Фантамас” ратаваў фінансавыя пляны раённых кантораў кінапракату. І не было выпадку, каб на дэманстрацыі фільму былі вольныя месцы. У 1970-м, праз тры гады пасьля першых паказаў, я глядзеў “Фантамаса” ў адным зь вясковых клюбаў Гарадоцкага раёну. Народу ў залю набілася – як завязаць. Каму не хапіла месцаў, стаялі уздоўж сьцен, малеча ляжала на сцэне, мала не ўтыкнуўшы насы ў экран. Такой заежджанай кінакопіі я дагэтуль яшчэ ня бачыў. На экране мітусіліся рухавыя пісягі, гук раз-пораз рабіўся невыразным, а стужка рвалася празь дзесяць мэтраў. Пасьля кожнага парыву гледачы сьвісталі, тупалі нагамі, кідалі ў праектарныя адтуліны яблычныя агрызкі, і кінамэханік з абурэньнем гукаў у адтуліну: “Чаго ўсхадзіліся! Фільм трэцяй катэгорыі!”

“Фантамас” апанаваў савецкага гледача ня толькі бзікамі ды хохмамі Люі дэ Фюнэса. Людзі, якія жылі ад зарплаты да зарплаты і елі смажаную бульбу з гарачай патэльні, убачылі іншае жыцьцё. Убачылі рымскія і парыскія краявіды, гатэлі, утульныя кавярні, навачасныя машыны і мабільныя тэлефоны з даўжэзнай антэнай. І нездарма на пачатку сямідзесятых фільм зьнялі з пракату, а ў друку зьявіліся артыкулы, аўтары якіх наракалі на тое, што замест высокаідэйных твораў мастацтва гледачу прапануюць кінапаробкі кшталту “Фантамаса”.
XS
SM
MD
LG