Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Напярэдадні саміту ў Санкт-Пецярбургу арыштоўваюць антыглябалістаў


Радыё Свабода Студэнты зь нямецкага гораду Білефэльд Хэнінг Валерыюс і Эйке Карфагэ заяўляюць, што праваахоўныя ворганы Санкт-Пецярбургу напярэдадні саміту вялікай васьмёркі (ён адбудзецца 15-17 ліпеня) выкарыстоўваюць прыёмы, уласьцівыя рэжыму Лукашэнкі. На мінулым тыдні разам зь іншымі эўрапейскімі антыглябалістамі Хэнінг Валерыюс і Эйке Карфагэ прыбылі ў паўночную расейскую сталіцу на роварах. Яны мелі на мэце ўзяць удзел у акцыях і дэманстрацыях праціўнікаў саміту. Учора рашэньнем гарадзкога суду Пецярбургу нямецкія студэнты былі пазбаўленыя волі на дзесяць сутак.

Нямецкіх студэнтаў абвінавачваюць у тым, што яны, так бы мовіць, спраўлялі свае малыя патрэбы не ў прыбіральні, а на адной з вуліцаў Пецярбургу побач з прыватным аўтамабілем. Абодва юнакі рашуча абвяргаюць абвінавачваньне. Яны кажуць, што добра адрозьніваюць прыбіральню ад непрыбіральні. Больш за тое, студэнтам удалося высьветліць, што звычайна за такія рэчы ў Пецярбургу караюць штрафам у 15 эўра. Тое, што замежнікаў за гэта пазбаўляюць волі – такога яшчэ не было.

“Усё гэта нагадвае мэтады Лукашэнкі ў часе сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў, – сказаў Хэнінг Валерыюс у інтэрвію журналістам нямецкага інтэрнэт-сайту rusland.ru. – Тады беларуская міліцыя беспадстаўна хапала і арыштоўвала на 10-15 сутак праціўнікаў рэжыму, каб ізаляваць іх ад удзелу ў акцыях пратэсту”.

Паводле нямецкага студэнта, рэжым Пуціна мае на мэце тое ж самае. “Людзей хапаюць і затым беспадстаўна абвінавачваюць у тым, чаго яны не рабілі”.

У Пецярбургу немцы, а таксама іхны швайцарскі сябр-антыглябаліст спыніліся на кватэры сяброў. Адрозна ад ідэйных аднадумцаў швайцарац ня надта любіў гуляць па горадзе. Піцерская міліцыя знайшла яго на кватэры, правяла там ператрус і канфіскавала ровары. Усе трое юнакоў былі дастаўленыя ў мясцовае аддзяленьне міліцыі.

“Тут такое ж КГБ, як і ў Беларусі. Усіх замежнікаў адсочваюць”, – лічыць швайцарац. Разам зь немцамі ён правёў у аддзяленьні два дні. Крымінальная справа супраць іх, аднак, не была распачатая.

“Мы знаходзіліся 13 гадзінаў без вады і ежы, абыходзіліся з намі груба”, – кажа Хэнінг Валерыюс. На судовы працэс нямецкіх студэнтаў прыбылі журналісты і супрацоўнікі нямецкага консульства.

“Цяпер мы марым толькі пра бульбяное пюрэ”, – сказалі пасьля суду нямецкія студэнты. За ўсё астатняе яны не хвалююцца, бо лічаць, што іхныя ідэі будуць даведзеныя да шырокай грамадзкасьці сябрамі-аднадумцамі ў дні працы саміту.

Тым часам у Пецярбург па крысе сьцякаюцца і іншыя крытыкі рэжыму Лукашэнкі. Напрыклад, беларусы, якія навучаюцца ва ўнівэрсытэтах Масквы, іншых расейскіх гарадоў. У часе працы cаміту маладыя людзі зьбіраюцца правесьці акцыі ў падтрымку тых суайчыньнікаў, якія перасьледуюцца рэжымам паводле палітычных перакананьняў. У арсэнале студэнтаў – банэры, плякаты, пераносныя стэнды зь інфармацыяй пра зьніклых дзеячоў, 50 вялікіх шароў з партрэтам Аляксандра Казуліна. Некаторыя акцыі пройдуць на адмыслова зафрахтаваным параходзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG