Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ян Чачот


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”

7.7.1796, в. Малюшычы (цяпер Карэліцкі раён) — 23.8.1847, Друскенікі (цяпер Літва). Пахаваны ў в. Ротніца (цяпер Літва).

У адну з кастрычніцкіх начэй 1820 году малады паэт і ўдзельнік таемнага таварыства філяматаў Тамаш Зан, які соладка спаў пад пярынаю ў заезжым доме па дарозе на Вільню, быў разбуджаны суладным жыцьцярадасным дуэтам:

Да пакіньце горла драць!..

Галасы падаліся надзіва знаёмымі. Тамаш не памыліўся: сьпявалі Адам Міцкевіч і Ян Чачот, якія спыніліся на начлег у тых самых Канвалішках. Чачот, дарэчы, і быў аўтарам песьні, якая зазвычай натхнёна выконвалася на студэнцкіх імянінах.

Зь Міцкевічам ён пасябраваў у Наваградзкай школе айцоў-дамініканаў. Яшчэ мацнейшым сяброўства сталася ў Віленскай alma mater, дзе Чачот зьбіраўся вывучыцца на адваката, а таму, як згадвалі сябры, хадзіў заўсёды “пад руку” з Статутам Вялікага Княства Літоўскага, які ў тыя часы яшчэ дзейнічаў на нашых землях.

Але пакліканьнем Яна была не юрыспрудэнцыя, а паэзія. Філяматы заслужана лічылі яго сваім “дударом”, прычым найлепей, паводле агульнай думкі, у яго атрымліваліся беларускія песьні, створаныя на ўзор народных. Адной з найпапулярнейшых у віленскай моладзі стала Чачотава “Што старыя за вар’яты”, напісаная на матыў народнае песьні “Чаму дзеўку не любіць, калі дзеўка ладна”.

Пасьля разгрому царскімі ўладамі студэнцкіх таварыстваў, Чачот на цэлы год быў зьняволены ў мурах базыльянскага кляштару, дзе склаў і перадаў сваёй каханай Зосі Малеўскай першы зборнік вершаў і песьняў.

Ян апынуўся сярод тых філяматаў, якія атрымалі найбольш суровы прысуд — высылку на Ўрал з адбыцьцём часткі пакараньня ў фартэцы. Але выпрабаваньні не зламалі, а толькі загартавалі ягоную вольналюбную душу. Пасьля вяртаньня на Бацькаўшчыну больш упэўнена загучаў і голас паэтычнай музы Чачота. Найкаштоўнейшымі ў яго спадчыне ўяўляюцца зусім нядаўна адшуканыя “Сьпевы пра даўніх ліцьвінаў да 1434 году” і, вядома, дзьве кнігі “Сялянскіх песьняў з-над Нёману і Дзьвіны”, якія веставалі нараджэньне новай беларускай літаратуры і ўадначас сталіся “ластаўкамі” нацыянальнага Адраджэньня.

На надмагільным помніку паэту, пастаўленым сябрамі ў 1857 годзе, і сёньня можна прачытаць:

Імя яго будзе ў краіне навекі зьвязана З Адамам Міцкевічам, з іменем Томаша Зана. Хто ведаў яго — перад каменем гэтым схіліся, Пастой, памаўчы і за ўсіх за траіх памаліся.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG