Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Прычына таго, што адбываецца ў Беларусі, — наша ўнутраная гатовасьць да рабства”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 9 ліпеня).

Чаму палітычныя зьмены, якія на працягу мінулых дзесяці-пятнаццаці гадоў адбыліся амаль ва ўсіх усходнеэўрапейскіх краінах, абышлі Беларусь? Якія настроі пануюць ў асяродзьдзі тых людзей, якія доўгі час чакалі гэтых зьменаў, і ўрэшце расчараваліся ў сваіх спадзяваньнях? Якое яны бачаць выйсьце для сябе — на што разьлічваюць, чаго чакаюць, дзеля дасягненьня якіх мэтаў прыкладаюць намаганьні?

Адказы на гэтыя ды іншыя падобныя пытаньні спрабуюць даць многія нашы слухачы ў сваіх лістах. Аўтар аднаго з такіх допісаў — Усевалад Шаплыка зь Пінскага раёну:

“Раней мне здавалася, што з намі, беларусамі, здарылася нейкае непаразуменьне. Вось цяпер міне гэтае насланьнё, людзі расплюшчаць вочы, агледзяцца вакол сябе — і ўсё адразу зьменіцца. Ну, не павінен эўрапейскі народ жыць так, як жывем мы. Але мінуў і год, і другі, і трэці… Прайшло ўжо дванаццаць гадоў, памянялася цэлае пакаленьне. А ў Беларусі нічога не зьмянілася. І я ўсё больш прыходжу да высновы: ніякая гэта не выпадковасьць і не імгненнае асьляпленьне, а наша натура, прырода, унутраная гатовасьць да рабства й негатовасьць да свабоды і адказнасьці.

Пытаньне ў тым: што рабіць чалавеку, які ня хоча мірыцца з усім гэтым? Па-ранейшаму спадзявацца на зьмены, якія выглядаюць чымсьці неверагодным? Але гэта наіўна. Ня хочацца правесьці рэшту жыцьця ў нашым балоце. Усё больш прыходжу да высновы, што адзінае выйсьце — эміграцыя. Бачу, што ўсё больш моладзі думае гэтак жа. Зьдзіўляюся, чаму заходнія краіны ня хочуць адкрыць свае межы для ўсіх беларусаў, якія імкнуцца перасяліцца ў свабодны сьвет. І няхай бы тут засталося сапраўды згуртаванае вакол Лукашэнкі насельніцтва і атрымлівала асалоду ад свайго адзінадумства, рынкавага сацыялізму й пячорнага ўяўленьня пра цывілізацыю”.

Ніводная, нават самая заможная і дэмакратычная заходняя краіна не павінна і ня здольная ўзяць на ўтраманьне адразу сотні тысяч ці мільёны эмігрантаў, спадар Шаплыка. Дый наўрад ці гэта было б аптымальным рашэньнем для саміх людзей, якія пачуваюцца дыскамфортна ў цяперашніх беларускіх умовах. Эміграцыя — кардынальная зьмена стылю і рытму жыцьця, працы, увогуле існаваньня. Адны праблемы зьнікаюць, але зьяўляюцца новыя, для многіх — ня менш сур’ёзныя, чым былі на радзіме. Людзі, якія паспыталі эмігранцкага хлеба, пра гэта добра ведаюць і ахвотна пра гэта распавядаюць.

Да ўсяго, у Беларусі шмат людзей, якія ня толькі хочуць зьменаў, але і прыкладаюць дзеля гэтага ўласныя намаганьні. І будучыня ўсё ж за імі, а не за тымі, хто лічыць, што беларуская анамалія праіснуе на эўрапейскім кантынэнце бясконца доўга.

Наша даўняя слухачка і аўтарка Тацяна Барэль з Асіповічаў у сваім новым лісьце разважае пра стан беларускай літаратуры. Спадарыню Барэль вельмі закранула выказваньне пісьменьніцы Сьвятланы Алексіевіч, якая падчас сакавіцкай онлайн-канфэрэнцыі са слухачамі “Свабоды”, адказваючы на пытаньне пра сваё бачаньне галоўных праблемаў сёньняшняй нацыянальнай літаратуры, адказала: “Праблема беларускай літаратуры ў тым, што няма беларускай літаратуры”.

“Вось табе і на! Шкада мне стала Сьвятлану Алексіевіч. Хіба няма ў нас высокамаральных аповесьцяў Васіля Быкава, якія заслужана прэтэндавалі на Нобэлеўскую прэмію? А раман Міколы Кусянкова “Арляк і зязюля” пра адвечныя праблемы бацькоў і дзяцей, пра такое зямное каханьне? А твор Лідзіі Савік “Пакліканыя” пра беларускіх літаратараў замежжа? Як лёгка ён чытаецца! А гістарычныя раманы Міколы Ермаловіча і Леаніда Дайнекі! Вельмі падабаецца “Нэрвовы раман” Леаніда Дранька-Майсюка аб праблемах духоўнасьці новага пакаленьня. А вершы Яўгеніі Янішчыц і Алы Кажэры? А паэзія Ніла Гілевіча? А філязофскія кнігі Віктара Казька? А ці ведае Сьвятлана творчасьць Сакрата Яновіча? Гэта — ня ўсе мае любімыя творы і аўтары. Любы беларус назаве сваіх. Дык ці можна сьцьвярджаць, што беларускай літаратуры няма? Яна ёсьць насуперак самым жорсткай дыскрымінацыі — забароне беларускім творцам друкавацца і прадаваць свае творы. Але галоўны стымул творчасьці — зваротная сувязь з чытачом — не перарываецца”.

Калі вы, спадарыня Барэль, уважліва перачытаеце тое інтэрвію Сьвятланы Алексіевіч, то пераканаецеся, што размова ішла не пра адсутнасьць беларускай літаратуры як такой, а пра адсутнасьць новых ідэяў. Пісьменьніца казала пра разгубленае дэпрэсіўнае грамадзтва і пра такіх жа пісьменьнікаў; пра тое, што некаторыя маладыя творцы спрабуюць нешта сказаць, але гэта больш падобна на літаратурныя гульні ці на ілюстрацыю нацыянальных ідэяў. А многія пісьменьнікі старэйшых пакаленьняў адышлі ці замоўклі… Дарэчы, прыведзены вамі, спадарыня Барэль, пералік напалову складаецца з тых пісьменьнікаў, якія пісалі ў эпоху, якая ўжо стала гісторыяй: Васіль Быкаў, Мікола Ермаловіч, Жэня Янішчыц… І гэта ўскосна пацьвярджае тыя ж высновы Сьвятланы Алексіевіч.

Ліст ад Ільлі Копыла зь Менску — на тэму так званых нестатутных дачыненьняў паміж салдатамі ў войску (а прасьцей кажучы, пра дзедаўшчыну). Гэтая праблема апошнім часам шырока абмяркоўваецца ў Расеі — асабліва пасьля трагічнага выпадку з салдатам Андрэем Сычовым, які пасьля зьверскага зьбіцьця ў казарме стаў інвалідам — страціў абедзьве нагі.

“У нас у Беларусі армія ня лепшая (а можа, нават і горшая), чым у Расеі. Але пра яе мы, у адрозьненьне ад Расеі, нічога ня ведаем: для нас гэта суцэльная таямніца. Калі меркаваць па тэлебачаньні, у нас усё добра — лепш, чым у суседзяў. Дый наша грамадзтва ня надта хоча ведаць праўду. Пра дзедаўшчыну я ведаю не па чутках: праслужыў 27 гадоў у савецкай арміі. Была гэта бяда і ў маіх падразьдзяленьнях, але такіх пачварных праяваў, як фізычнае зьбіцьцё, дзякуй Богу, не было”.

Далей у сваім лісьце Ільля Копыл згадвае, як спрабавалі супрацьстаяць дзедаўшчыне ў савецкім войску — праводзілі нарады і сходы, распрацоўвалі праграмы і мерапрыемствы. Камандзіраў прымушалі выступаць з дакладамі на партыйных сходах. Спадар Копыл дагэтуль памятае свой даклад, у якім прапанаваў адмяніць сацыялістычнае спаборніцтва ў арміі, ліквідаваць вайсковыя пракуратуры, трыбуналы і дысцыплінарныя батальёны.

“Той мой выступ быў неабдуманы, небясьпечны і наіўны. Але я сапраўды быў упэўнены, што сацспаборніцтва стымулюе камандзіраў хаваць цяжкія злачынствы, каб прыхарошыць сапраўднае становішча спраў. Што да пракуратуры і трыбуналаў, то яны знаходзяцца ў значнай залежнасьці ад тых камандзіраў і начальнікаў гарнізонаў, якія абслугоўваюць. У савецкі час паўсюль віселі лёзунгі: “Народ і армія адзіныя”. Але гэта было пустым гукам. Нават паміж афіцэрам і салдатам часам была бездань. Я не абагульняю, былі і выключэньні. Асабіста мне лёгка было разумець салдата. Я, вясковы хлопец, у 11-гадовым узросьце страціў бацьку (ён загінуў у 1945 годзе на вайне зь Японіяй). Потым — пасьляваенная галеча. Атрымаўшы званьне лейтэнанта і пасаду камандзіра ўзводу, я стаяў перад строем салдат і адчуваў, што, з аднаго боку, я — над імі, а з другога, я — адзін зь іх. На той час у нас быў аднолькавы мэнталітэт. Я ніколі не крычаў на салдат з мэталам у голасе: “Как стоишь?”, “Руки по швам!” ды іншае. За тое калегі й начальнікі абвінавачвалі мяне ў панібрацтве з падначаленымі”.

Заканчвае Ільля Копыл свой ліст наступнай высновай:

“Бяда ў тым, што большасьць афіцэраў ставіцца да салдат як да ніжэйшай расы, лічыць іх быдлам, “казарменным мясам”. У адсутнасьць афіцэраў такім жа чынам паступаюць і сяржанты, і стараслужачыя. А пачатак і прычыны гэтай зьявы трэба шукаць на вяршыні “вэртыкалі”.

Адметна, спадар Копыл, што і тады, і цяпер усе ведалі й ведаюць, як кардынальным чынам можа быць вырашаная праблема дзедаўшчыны. Пераход на прафэсійную армію — вось што дапамагло амаль цалкам выкараніць гэту зьяву, напрыклад, у амэрыканскай арміі і арміях іншых заходніх дзяржаваў. Якасны склад асабовага саставу ў гэтым выпадку мяняецца карэнным чынам. Служыць ідуць схільныя да гэтай справы людзі. Да таго ж, гэта ўжо ня ўчорашнія школьнікі, а людзі з прафэсійнай падрыхтоўкай, з пэўным жыцьцёвым досьведам. У Расеі, дарэчы, распачалі паэтапны пераход да прафэсійнай арміі. У Беларусі ж пакуль спрабуюць удасканальваць савецкія прынцыпы вайсковага будаўніцтва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG