Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Статкевічу забараняюць перасякаць мяжу Першамайскага раёну Менску


Любоў Лунёва, Менск Міколу Статкевіча, які цяпер знаходзіцца ў Менску ў двухтыднёвым адпачынку, папярэдзілі аб тым, што яму нельга перасякаць мяжу Першамайскага раёну сталіцы. Яму тэлефанаваў кіраўнік Баранавіцкай спэцкамэндатуры пасьля таго, як апазыцыянэр прыйшоў на суд над Аляксандрам Казуліным, які месьціцца на тэрыторыі Маскоўскага раёну. Мікола Статкевіч з гумарам паставіўся да просьбы міліцыянта. Ён паведаміў, што не адмовіцца ад праграмы, якую заплянаваў на час адпачынку.

Мікола Статкевіч не сумняецца, што супрацоўнікі КДБ, якія былі побач з будынкам суду Маскоўскага раёну і бачылі палітыка, далі загад кіраўніку спэцкамэндатуры патэлефанаваць яму дахаты.

(Статкевіч: ) “Мне патэлефанаваў кіраўнік спэцкамэндатуры падпалкоўнік міліцыі Васіль Гардзейка і сказаў, што да яго былі прэтэнзіі, бо я быў у Маскоўскім раёне на судзе ў Казуліна. Ён сказаў, што гэта парушэньне, бо я выехаў за межы Першамайскага раёну, куды нібыта мяне й адпускалі. Я спытаў, на якой падставе такое абмежаваньне, бо ў маршрутным лісьце пазначаны горад Менск. Ён казаў, што на падставе закону. Папрасіў яго назваць закон, каб я змог зь ім азнаёміцца. Тады ён спаслаўся на нейкую інструкцыю. Кажу: “Добра, а дзе азнаёміцца з інструкцыяй?”. А ён: “Яна сакрэтная”.

Сытуацыя падаецца Міколу Статкевічу даволі камічнай. Нягледзячы на папярэджаньне кіраўніка спэцкамэндатуры, апазыцыянэр мае намер наведваць тэатры, выставы, гарадзкія паркі і сваіх сяброў.

(Статкевіч: ) “Уявіце сабе, што, крый Божа, стала мне кепска. Выклікалі хуткую дапамогу. А ў момант перасячэньня гэтай хуткай дапамогай мяжы Першамайскага раёну… “Хуткая дапамога” – транспартны сродак, на якім зьдзейсьнена злачынства. А, калі я перасяку мяжу ў вагоне электрацягніку ў мэтро? Тады, што? Трэба пакараць увесь цягнік, альбо машыніста, які мяне туды вывез? Ці, можа, лепш тралейбус. Тады б былі меншыя страты для гораду. Глупства, народжанае страхам”.

Нагадаем: Міколу Статкевіча пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за арганізацыю дэманстрацый пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбараў і рэфэрэндуму 2004 году. Палітык адбывае пакараньне на “хіміі” ў Баранавіцкай спэцкамэндатуры. 45 сутак Міколу Статкевіча трымалі ва ўмовах ізаляцыі ў пакоі інтэрната ў часе выбарчай кампаніі, пад час правядзеньня вулічных акцый апазыцыі, а таксама ў дзень інаўгурацыі Аляксандра Лукашэнкі і правядзеньня саміту. Апазыцыянэру не дазвалялі дагэтуль наведваць сваю сям’ю ў Менску.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG