Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Янка Купала (7.71882 – 28.6.1942)


Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”.

Школьная праграма вывучэньня Янкі Купалы была ўкладзеная нейкімі адмыслоўцамі такім чынам, што ў мяне і сяброў узьнікла ўстойлівая нялюбасьць да ягонае творчасьці. Нас зусім не натхнялі радкі пра дурнога мужыка, зь якога “сьмяюцца, пагарджаюць”. Чамусьці не выклікала прыліву патрыятызму і “агромністая грамада” з гэткай самай бязьмежнаю крыўдай, худымі плячыма і нагамі ў лапцях. Мы завучвалі верш на памяць, але не маглі пагадзіцца з тым, што нашыя продкі былі век сьляпымі й глухімі.

Канчаткова не расчаравацца ў песьняру мне дапамагалі вясёлыя аповеды маёй мамы, што вучылася да вайны ў Копыскай школе і шмат разоў сустракала Купалу на тамтэйшым рынку, дзе паэт, прыехаўшы з сваіх блізкіх Ляўкоў, зацята таргаваўся з старымі габрэйкамі і не бяз посьпеху заляцаўся да маладых.

Адкрыцьцё Купалы прыйшло значна пазьней, на апошнім курсе ўнівэрсытэту. Гэта быў Купала зусім іншы — з Маладой Беларусьсю — “сакалінай сям’ёй”, якая чуйна ўслухоўваецца ў “вольны вецер вольных песень” і ўсёй душой верыць, што “не загіне край забраны”. Гэта быў Купала — філёзаф і гісторык, чыю паэму “На Куцьцю” я вывучыў без усялякіх праграмаў і заданьняў. Гэта быў аўтар забароненай п’есы “Тутэйшыя”. Гэта быў змагар, які ў 1926-м, праз год пасьля наданьня яму званьня народнага паэта, пісаў:

Былых ня выклічаш вякоў, І ты, Масквы кароннай гразь, Парваных не скуеш акоў, Зь якой брахнёю ні вылазь!

Масква не даравала. Пасьля спробы самагубства ў 1930-м паэта духоўна зламалі, але нават такі ён заставаўся небясьпечным...

1 ліпеня 1942 году адбывалася пахаваньне Купалавай маці Бянігны. (Як апавядаюць, яна праз усё жыцьцё шкадавала, што сын перайшоў у вершах з польскай мовы на беларускую.) Асьвяціўшы сьвежы грудок на менскіх Вайсковых могілках, ксёндз Вінцэнт Гадлеўскі прароча прамовіў: “Дзе сын твой, гаротная беларуская маці?” Ніхто ў акупаваным Менску яшчэ ня ведаў, што сын ужо таксама там, у нябеснай Беларусі: у той жа дзень у Маскве хавалі забітага Купалу.
XS
SM
MD
LG