Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Скрабца (фота)


Іна Студзінская, Менск Больш за год сям’я Скрабцоў жыве ў расстаньні. Жанчыны, жонка Аляксандра й дачка Наташа, чакаюць дома мужа й бацьку. Сяргею Скрабцу засталося паўтара году зьняволеньня.

Былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Скрабец асуджаны на два з паловай году пазбаўленьня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у выманьваньні крэдытаў. Аднак праваабаронцы не сумняваюцца ў палітычнай матывацыі зьняволеньня Скрабца. Летам 2004 году Сяргей удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў парлямэнцкай групы “Рэспубліка”, якія патрабавалі зьменаў у Выбарчы кодэкс і вызваленьня Міхаіла Марыніча. Сяргей Скрабец таксама быў адным з арганізатараў акцыі пратэсту, прымеркаванай да 10-годзьдзя прэзыдэнцтва Лукашэнкі. Цяпер Сяргей Скрабец адбывае пакараньне ў Віцебскай калёніі.

Я дома ў Скрабцоў. Звычайная трохпакаёўка ў панэльным доме ва Ўруччы. Абстаноўка даволі сьціплая, звычайная мэбля 1970—1980-х гадоў. Няма раскошы й багацьця — кватэра ну зусім не падобная на элітнае жытло сучасных камэрсантаў. Але вельмі чыста і ўтульна, асабліва ў пакойчыку дачкі Наташы. У доме засталіся толькі жанчыны, жонка Аляксандра і 16-гадовая дачка Натальля. Спадарыня Аляксандра доктар, працуе ў лечкамісіі. Вельмі сучасная, стыльная, абаяльная жанчына, умее ўсё рабіць сама — і цьвік забіць, і машынай кіруе. Але, прызнаецца Аляксандра Скрабец...

(Аляксандра: ) “Цяжка жыць без мужчынаў нашых любімых. У асноўным мы жывем чаканьнем, што кожны дзень пражыты набліжае нашу сустрэчу. Таму на ўсе жыцьцёвыя цяжкасьці не зьвяртаем увагі. Умею ўсё рабіць сама. Па-першае, жанчынам заўсёды трэба менш. У нас з дачкой — то дыета, то да бабулі паехалі, то да цёткі — усё робім, каб хутчэй час прайшоў...”

Скрабцам пашанцавала: маці Сяргея жыве недалёка, амаль праз дарогу. Сям’я Сяргея вельмі сябруе і зь сям’ёй брата Аляксандра. Усе сьвяты заўсёды разам. Цяпер таксама ўсе разам, але кампанейскага Сяргея ўсім вельмі не хапае.

(Аляксандра: ) “Было б дзіўна, калі б было інакш. Няма галоўнага чалавека ў сям’і, а будзе ўсё, як і было... Дома мы амаль ня робім ніякіх сьвятаў. Нават калі былі дні нараджэньня і сына, і дачкі, і мой дзень нараджэньня — мы ідзем да бабулі. Мне здаецца, што было б цяжэй, калі б мы былі ў сваёй кватэры, а няма Сяргея. А цяпер сьвяты заканчваюцца са сьлязамі на вачах... І верым, што наступным разам будзем разам”.

Тое, што здарылася зь Сяргеем, паставіла ўсе кропкі над “і” ў дачыненьнях са шматлікімі сябрамі, калегамі былога дэпутата, якіх да арышту было вельмі шмат, кажа спадарыня Аляксандра.

(Аляксандра: ) “Тыя, на каго падумаць не маглі, адвярнуліся. І наадварот, на каго таксама падумаць не маглі, сталі тэлефанаваць, — і падтрымліваюць духоўна. Але я іх не асуджаю, і нікому не жадаю трапіць у сытуацыю, у якую трапіла я. Але адпомсьціць — няма такога жаданьня”.

На матэрыяльныя цяжкасьці Аляксандра ня скардзіцца. Сама працуе лекарам на паўтары стаўкі, яшчэ бярэ начныя дзяжурствы.

(Аляксандра: ) “Плакаць ня буду. Нам хапае. Я ўдзячная дачцэ, што яна ня просіць нічога. Раней — лета, кроў з носу, патрэбныя новыя басаножкі. Цяпер такога няма. Потым — у мяне ж вёска й шасьцёра братоў. Усю зіму яны мне перадаюць мясныя харчы. А з раньняй вясны — гародніну. І бацькі Сяргея таксама падтрымліваюць. Перадачы для Сяргея, і для сына, які вучыцца ў Празе, разам рыхтуем — і ў турму, і ў Прагу”.

(Карэспандэнтка: ) “Што дапамагае чакаць — праца, клопат пра дзяцей?”

(Аляксандра: ) “Мне дапамагае праца. Я ведаю, што там мяне чакаюць. Вось я прыйшла першы дзень пасьля адпачынку — думала, што буду дванаццаць гадзінаў на прыёме. Было столькі народу! Да чужога доктара людзі не ішлі Чакалі мяне. Мне гэта вельмі прыемна. Я жыву працай. І яшчэ дзецьмі”.

Сын Мікалай вывучае інфарматыку ў Празе, дасканала вывучыў чэскую мову, пасьпяхова здаў сэсію, хутка прыедзе на вакацыі. Дачка Натальля вучыцца ў 11-й клясе ліцэю БДУ. Распавядае спадарыня Аляксандра:

(Аляксандра: ) “Добра, што яна ня чуе, але я ёй вельмі ўдзячная, што яна праблемаў вялікіх мне асабліва не стварае. За гэты год апошні яна стала вельмі дарослая. Не па гадах. Менавіта дачка мяне падтрымлівае, як ніхто”.

(Карэспандэнтка: ) “Моцнай рукі бацькі дзецям не хапае?”

(Аляксандра: ) “У нас часьцей я сварылася на дзяцей, неяк іх карала. А Сяргей, наадварот — больш ляяльны. Сяргей заўсёды казаў: “Дзеці, у нас галоўны чалавек — маці. Не хвалюйце маці”. Я думаю, што дзяцей трэба выхоўваюць любоўю... Яны заўжды адчувалі, што мы іх вельмі любім”.

Размаўляем са спадарыняй Аляксандрай пра тое, каго бацька больш любіць, — сына-першынца ці малодшую дачку. Тут заходзіць 16-гадовая прыгажуня Наташа…

(Аляксандра: ) “Мне здаецца, мужыкі чакаюць сына, а любяць больш дачок. Нават калі б Наташка кватэру спаліла, Сяргей сказаў бы: нічога, дачушка будзем жыць у шалашы. А сыну за найменшую правіну: ты мужык ці не? Да сына больш строгі, а адносна дачкі... Сын у нас — негадзяйчык, а дачка — курачка”.

(Карэспандэнтка: ) “Наташа, а мама хто?”

(Наташа: ) “Мама — Санька, а тата — татачка. Я заўсёды карысталася гэтым, што ў татачкі любімая, татачка даруе. Пакрыўдзіць Коля альбо маці — адразу тату званю: “Мяне тут крыўдзяць”. Тата выратуе заўжды. Тата — наш выратавальнік. Канечне, з татам перапісваемся. Усё яму расказваю пра ўсіх. Я ўвесь час для яго малодшанькая. Цяпер “разьведкай” ён мяне называе. Усё яму пра маму, пра Колю раскажу... Пішу празь дзень”.

Тры-чатыры лісты на тыдзень ад Сяргея атрымліваюць асобна Наташа і асобна Аляксандра.

(Аляксандра: ) “Ён піша, што сумуе, нас супакойвае, што ўсё будзе добра. Што ён хутка вернецца і ўсё будзе добра. Каб мы бераглі сваё здароўе. Пра сябе піша, што ў яго ўсё добра. Я толькі здагадваюся праз тое, якія ён просіць лекі, што ў яго падагра ці ныркі баляць”.

Падчас папярэдняга арышту, да суду, чатыры разы Сяргей трымаў галадоўкі. Спадарыня Аляксандра — лекар, добра ведае, якія могуць быць наступствы, па-другое, гэтыя галадоўкі ёй таксама даліся вельмі цяжка.

(Аляксандра: ) “У нас заўсёды зь ім нейкая трывалая сувязь. І калі ён галадаў, мне здавалася, калі я буду моцна спаць, перарвецца гэтая сувязь, і зь ім нешта здарыцца. Таму я прайшла праз усё тое, што і ён. Начамі я ня спала. Мне здавалася, што так я яго падтрымліваю. І ён адчуваў гэта”.

(Карэспандэнтка: ) “Колькі засталося чакаць? Ці спадзеяцеся на датэрміновае вызваленьне?”

(Аляксандра: ) “Канечне, спадзяюся, што Сяргей выйдзе раней. А калі не — то мы з дачкой вырашылі, што наш бацька служыць у войску, таму што засталося паўтара году — столькі, колькі ў арміі служаць. Вельмі чакаем, думаем, як сустрэнемся разам... Ай, цяжка мне гаварыць...” (Плача.)

Але гэта была хвілінная слабасьць. Спадарыня Аляксандра вельмі хутка сабралася, выцерла сьлёзы: трэба адвезьці сьвякроў на лецішча, памыць машыну, праверыць, ці сабрала Наташка рэчы да бабулі ў вёску. А ўвечары — на начное дзяжурства.

Сям’я ганарыцца дыплёмамі Сяргея Скрабца

Наташа піша ліст бацьку

Аляксандра й Наташа

Гл.таксама: Адзін дзень у сям’і палітвязьня Міколы Астрэйкі (фота) Адзін дзень у сям’і палітвязьня Сяргея Ляшкевіча (фота)
XS
SM
MD
LG