Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Здаючы калгасы ў арэнду, мы вяртаем рабаўладальнікаў і рабоў”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111” (эфір 5 ліпеня).

За пятнаццаць гадоў пасьля распаду Савецкага Саюзу, якія суправаджаліся паступовым заняпадам калгаснай сыстэмы, у беларускай вёсцы так і не зьявіўся гаспадар на зямлі. Да якіх наступстваў гэта прывяло? Якая будучыня чакае сельскую гаспадарку Беларусі? Зь ліста на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову.

Наш даўні слухач Пятро Касьнерык зь вёскі Пераносіны Баранавіцкага раёну — пасьлядоўны прыхільнік прыватнай уласнасьці на зямлю і апанэнт калгаснай сыстэмы. Спадара Касьнерыка непакоіць і абурае, што апошнім часам у Беларусі прапагандуецца досьвед тых фэрмэраў, якія бяруць у арэнду калгасы. У прыватнасьці, шырока вядомы прыклад фэрмэра Міхаіла Шруба з Жыткавіцкага раёну. Слухач з гэтай нагоды піша:

“Людзі добрыя, пабойцеся Бога і як мага хутчэй спыніце гэта вар’яцтва. Міхаіл Шруб — ня фэрмэр, ён — рабаўладальнік. Бо кім сталі калгасьнікі калгасу “Шлях да камунізму”, добраахвотна далучыўшыся да фэрмэрскай гаспадаркі Шруба? Асабіста я лічу, што — яшчэ большымі рабамі, чым сярэднявечныя рабы. Бо ў раба не было ні зямлі, ні гаспадаркі, ні прыладаў працы. А ў рабоў Шруба ёсьць прысядзібная гаспадарка, а апрацоўваць яе няма чым. Значыць, калгасьнікі калгасу “Шлях да камунізму” добраахвотна пайшлі, скажам так, у падвойнае рабства”.

Праводзячы зямельную рэформу, трэба азірнуцца на досьвед сярэднявечных продкаў, лічыць Пятро Касьнерык. А менавіта — на рэформу так званай “валочнай памеры”, праведзенай фэадаламі Вялікага Княства Літоўскага ў 16 стагодзьдзі. Тады ўсю зямлю падзялілі на валокі, замацавалі за кожнай сялянскую гаспадарку, і сяляне за гэта павінны былі адрабляць розныя павіннасьці.

“Такім чынам, — піша Пятро Касьнерык, — беларусы яшчэ чатырыста пяцьдзясят год таму пазбавіліся ад абшчыннага земляробства й перайшлі да гаспадараньня больш прадуктыўнага і прагрэсіўнага. А пры бальшавіках вымушаныя былі зноў вярнуцца да грамадзкай апрацоўкі зямлі. І, як кажуць, вынік — на твары кожнага калгасьніка. ...Здаючы калгасы ў арэнду, мы вяртаемся як мінімум у пачатак 16 стагодзьдзя, бо ўжо ў сярэдзіне таго стагодзьдзя буйныя землеўладальнікі зразумелі, што абшчынная праца на зямлі значна менш эфэктыўная, чым аднаасобная”.

Ня думаю, спадар Касьнерык, што фэрмэра Шруба можна лічыць рабаўладальнікам ці фэадалам. Калгасьнікі ў ягонай гаспадарцы — па сутнасьці, наёмныя работнікі (такія ж, як рабочыя на прамысловым прадпрыемстве ці клеркі ў канторы). Не задавальняюць кагосьці зь іх умовы працы ці аплаты — можна ў любы момант напісаць заяву і звольніцца. Вядома, можна спрачацца наконт таго, ці эфэктыўная такая форма гаспадараньня, ці вытрымала б яна канкурэнцыю, калі б усю калгасную зямлю падзялілі на паі паміж калгасьнікамі й кожны працаваў толькі на сябе. Пытаньне ў тым, ці гатовае сёньня беларускае сялянства ўзяць гэту зямлю й весьці гаспадарку? Думаю, спадар Касьнерык, жывучы ў вёсцы, дзе кожная другая хата — парожняя, а ў большасьці тых, дзе яшчэ цепліцца жыцьцё, дажываюць свой век нямоглыя старыя, вы і сам ведаеце адказ на гэтае пытаньне.

Дарэчы, наёмную рабочую сілу выкарыстоўваюць фэрмэры і ў Нямеччыне, і ў Галяндыі, і ў Францыі, якіх вы, спадар Касьнерык, ставіце ў прыклад. І з гэтай прычыны іхныя фэрмэрскія гаспадаркі ня становяцца рабаўладальніцкімі.

Ліст са Шклова, ад слухача, які падпісаўся псэўданімам Ігнат Грынявіцкі. Ён разважае на розныя тэмы грамадзкага жыцьця. У прыватнасьці, вось зь якімі словамі зьвяртаецца да вэтэранаў вайны:

“Ня будзем спэкуляваць на патрыятычных пачуцьцях! Тыя, хто прайшоў вайну ад званка да званка, даўно ляжаць у магілах. Прызыўнікі 1944 году паляглі ў Прыбалтыцы, пад Кёнігсбэргам. Вайна тая была ЎСЕНАРОДНАЙ. Дык чаму ж пэнсія ў вас — 500 тысяч, а ў тых, хто цягаў на сабе плуг і барану, падперазаўшыся галоднай кішкой — 157—180 тысяч? Майго дзеда, тройчы Георгіеўскага кавалера, ператварылі ў лягерны пыл. За што?”

Удзельнікаў той вайны засталося зусім няшмат, паважаны слухач. І гэтыя 80—90-гадовыя старыя не заслужылі крыўдных словаў. Не яны выбіралі, каму суджана было застацца на той вайне пад Кёнігсбэргам і Бэрлінам, а каму — вярнуцца. І не яны прызначаюць пэнсіі ў дзяржаве, дзелячы старых, якія перажылі вайну, на больш і на менш заслужаных. І вашыя прэтэнзіі, відавочна, варта было б адрасаваць зусім іншым асобам.

Наступны ліст, дасланы нам Аляксандрам Васілеўскім зь вёскі Клетнае Барысаўскага раёну — з рэдакцыйнага запасу. Напісаны ён досыць даўно, яшчэ да сакавіцкіх прэзыдэнцкіх выбараў. Але актуальнасьці сваёй ня страціў. Назіраючы за тым, як узрастае напрадвесьні напал палітычнай барацьбы, Аляксандар Васілеўскі разважаў пра магчымасьць наступнага яе зыходу:

“Гэты ключ ляжыць наверсе, яго кожны бачыць, але ніхто не бярэ. Такі прыклад ужо быў у Старажытным Рыме, калі імпэратар Дыяклетыян адрокся ад улады і стаў вырошчваць капусту ў вёсцы. Гэты ўчынак быў ня сам па сабе, а — пасылам у будучыню, каб чалавек зрабіўся нарэшце гаспадаром сваіх справаў, а не іх рабом. Разумею, што такія чаканьні сёньня наіўныя. Добраахвотны сыход спадара Лукашэнкі адабраў бы хлеб шмат у каго, нарабіў бы кашы ў галовах, бо гэта быў бы сапраўды круты віраж на крутым павароце. Увесь сьвет паступова (а хутчэй, і адразу) успрыняў бы гэта як сэнсацыю, як дасягненьне, як пералом у сьвядомасьці артадаксальнай большасьці. Без ахвяраў, напэўна, не бывае, але яны яшчэ ня надта вялікія для нашай сытуацыі. Гэта — адзіны і самы надзейны шанец адказваць перад Усявышнім без пасярэднікаў. Думаю (і даўно ўжо) аб тым, што пара агучыць, сфармуляваць тое, што зрабіў калісьці Дыяклетыян і паўтарыць тое з новым пад’ёмам”.

Перад выбарамі палітолягі й журналісты абмяркоўвалі розныя варыянты магчымай зьмены ўлады ў Беларусі. Разглядаўся і сцэнар добраахвотнага зыходу Аляксандра Лукашэнкі з адначасовым прызначэньнем надзейнага пераемніка, які б гарантаваў яму бясьпечную і спакойную старасьць. Варыянт гэты не такі ўжо рэдкі, і вядомы, спадар Васілеўскі, ня толькі з часу Старажытнага Рыму: менавіта ім скарыстаўся шэсьць гадоў таму расейскі прэзыдэнт Барыс Ельцын, адкрыўшы дарогу перад Уладзімерам Пуціным і забясьпечыўшы сабе заможную і бестурботную старасьць. У Аляксандра Лукашэнкі, аднак, іншы ўзрост, іншыя палітычныя амбіцыі, а за плячыма — іншыя сур’ёзныя ўчынкі, за якія, верагодна, давядзецца трымаць адказ перад нашчадкамі. Таму ўсур’ёз такі варыянт зьмены ўлады ў Беларусі разглядаўся перад выбарамі нямногімі. Няшмат у яго прыхільнікаў і цяпер. Верагоднасьць яго, відавочна, узрасьце толькі тады, калі істотныя зьмены адбудуцца ў грамадзкіх настроях беларусаў.

Наш даўні слухач, адстаўны афіцэр Мікола Канаховіч з Пружанаў заклапочаны тым, што ў Беларусі асноўным афіцыйным жаночым сьвятам застаецца 8 сакавіка, якое сваім нараджэньнем зьвязана зь імем нямецкай камуністкі Клары Цэткін. Мікола Канаховіч лічыць, што беларусы павінны ўшаноўваць жанчын у дзень, зьвязаны з уласнай нацыянальнай гісторыяй — а менавіта, у дзень нараджэньня вялікай беларускай асьветніцы Эўфрасіньні Полацкай — 5 чэрвеня. Спадар Канаховіч вырашыў так: калі немагчыма ўвесьці новае сьвята ва ўсёй дзяржаве, то чаму б для пачатку ня ўвесьці яго хаця б у сваёй сям’і. Што з гэтага атрымалася? Цытую ліст з Пружанаў:

“Не скажу, што мая палымяная прамова адразу ж выклікала ў суродзічаў поўнае разуменьне. Сіла звычкі, інэрцыі, як вядома, запавольвае ўсталяваньне ўсяго новага. Але я даводзіў сваё, і зь цягам часу стаўленьне да маіх перакананьняў пачало мяняцца. Дзяўчаткі й хлопчыкі з нашага сваяцкага роду, якім на сёньняшні дзень 12—14 гадоў, фактычна ўжо не ўспрымаюць дату 8 сакавіка, затое загадзя рыхтуюцца да 5 чэрвеня. Толькі вельмі крыўдна і абуральна, што невукі-манкурты — так званыя выхавацелі ў садках і настаўнікі ў школах — гвалтоўна, нахабна, па-бандыцку разбураюць душы нашых дзяцей савецка-камуністычным цемрашальствам. Афіцыйная хлусьня дзяржаўнай школы робіць дзяцей фактычна духоўнымі калекамі”.

Можа, вашы папрокі на адрас настаўнікаў і выхавацеляў і не зусім справядлівыя, спадар Канаховіч? Яны ж ня могуць пераняць ваш прыклад і абвясьціць дзецям у садку альбо школьнай клясе, што ад гэтага часу дзень 8 сакавіка ня трэба лічыць сьвятам. Падумайце, чым можа скончыцца для іх такая ініцыятыва? А ўвогуле, каб сьвята стала сапраўды народным, трэба, каб яго ўспрыняла і прыняла большасьць грамадзтва. Вось, напрыклад, Купальле ніколі ня значылася ў пераліку афіцыйных сьвятаў — а народ яго спрадвеку адзначае. А дзень бальшавіцкага перавароту ў Расеі 7 лістапада на працягу больш як сямідзесяці гадоў лічыўся галоўным дзяржаўным сьвятам, адзначаўся з парадамі, салютамі й дэманстрацыямі — а ў грамадзкай сьвядомасьці так і не замацаваўся.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG