Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Славянскі базар” пройдзе ў Віцебску 15-ы раз (фота)


Радыё Свабода, Віцебск Афіцыйнае адкрыцьцё міжнароднага фэстывалю, які ўжо даўно перастаў быць уласна славянскім, адбудзецца сёньня ўвечары а 21-й гадзіне. Але тое, што фэстываль набліжаецца, заўсёды відаць па нязвыкла вялікай канцэнтрацыі супрацоўнікаў міліцыі на вуліцах гораду. Вось і апошнімі днямі пасьля адмысловых інструктажаў на вуліцы абласнога цэнтру выйшлі ўзмоцненыя нарады міліцыянтаў – ня толькі віцебскіх, але й прысланых сюды з усяе вобласьці.

Спрыяць бясьпецы дарожнага руху закліканыя і 250 супрацоўнікаў дарожна-патрульнай службы, да таго ж на дапамогу віцяблянам выкліканае зь Менску спэцпадразьдзяленьне “Страла”, каб таксама несьці службу ва ўзмоцненым рэжыме – інакш кажучы, круглыя суткі. Паведаміў пра гэта Вячаслаў Шкапцоў, начальнік батальёну ДПС Дзяржаўтаінспэкцыі аблвыканкаму, які паабяцаў зрабіць усё магчымае, каб у Віцебску не паўтарылася сытуацыя пяцігадовай даўніны, калі ў часе аднаго са “Славянскіх базараў” п’яны кіроўца заехаў на аўтобусны прыпынак, дзе стаялі дзясяткі людзей.

(Шкапцоў: ) “Уся работа, якая прадстаўлена кіраўніцтвам МУС і абласной управы унутраных спраў, і тыя задачы, якія перад намі пастаўленыя, будуць выкананыя, я думаю, безь якіх-небудзь заўваг або скаргаў на наш адрас”.

Дарэчы, Віцебская ДАІ ў мясцовых сродках масавае інфармацыі папрасіла кіроўцаў-віцяблян пакуль увогуле не выяжджаць бязь пільнай патрэбы ў цэнтар гораду – дзеля асабістае бясьпекі.

Пра бясьпеку гасьцей гораду ў часе “Славянскага базару” будзе клапаціцца яшчэ адна служба – Міністэрства па надзвычайных сытуацыях. Паводле кіраўніка абласной управы МНС Васіля Чэкана, пад увагай супрацоўнікаў будуць і месцы пражываньня гасьцей фэстывалю, і сцэнічныя пляцоўкі.

(Чэкан: ) “Нашыя падразьдзяленьні будуць дзяжурыць непасрэдна ў амфітэатры, таксама інспэктары супрацьпажарнага нагляду будуць дзяжурыць у месцах засяленьня – гатэлях, інтэрнатах, дзе будуць пражываць госьці і ўдзельнікі фэстывалю. Летась у нас не было ніякіх надзвычайных сытуацыяў, і я спадзяюся, што сёлета мы прымем усе меры, каб нічога такога не адбылося”.

Дарэчы, з разьмяшчэньнем і харчаваньнем гасьцей фэстывалю сёлета ёсьць праблемы: чамусьці менавіта напярэдадні “Славянскага базару” зачынілася некалькі пунктаў харчаваньня, у тым ліку вялікая рэстарацыя гатэлю “Віцебск”. Ёсьць праблемы і з разьмяшчэньнем гасьцей – для ўсіх бракуе месцаў у гатэлях, і ратаваць сытуацыю давядзецца за кошт найбліжэйшых санаторыяў ды базаў адпачынку. Асобны “сюрпрыз” паднесла “чыгунка”: тут не хапіла сродкаў для рамонту першай плятформы на пэроне вакзалу, і артыстам даводзіцца цягнуць касьцюмы, дэкарацыі ды музычныя інструмэнты цераз мост – наверх, а потым уніз...

Калі журналісты спыталі ў дырэктара фэстывалю Радзівона Баса, якія “зоркі” прыбудуць сёлета ў Віцебск, ён весела адказаў: “Усе, апрача Лявонцьева і Ратару!” І сапраўды, калі перагледзець канцэртную праграму хаця б “па дыяганалі”, то можна ўбачыць імёны амаль усіх расейскіх знакамітасьцяў: і Арбакайтэ, і Бабкіну з Горам, і Баскава, і Лайму Вайкуле, і Меладзэ, і П’еху. І амаль усе яны ўжо пабывалі ў Віцебску паасобку, а цяпер, з нагоды 15-гадовага юбілею фэстываля, зьбіраюцца ўсе разам. Таму служба акрэдытацыі пад кіраўніцтвам Вольгі Сакаловай працуе без перапынкаў. (Сакалова: ) “Мы чакаем болей гасьцей, чым летась – плянуем, што прыедзе недзе каля шасьці тысяч гасьцей ды ўдзельнікаў фэстывалю. Мы ўсім радыя і ўсіх чакаем з задавальненьнем. На гэты момант у нас акрэдытавалася каля тысячы чалавек. Наша служба працуе круглыя суткі, таму як толькі ўдзельнікі прыяжджаюць, яны адразу могуць атрымаць акрэдытацыю".

Хаця афіцыйна “Славянскі базар” яшчэ не пачаўся, першыя канцэрты ўжо прайшлі ўчора ўвечары – гэта былі сольныя выступы Алы Пугачовай і Валерыя Меладзэ. І яшчэ да ўрачыстага адкрыцьця стане вядомы парадак выступу артыстаў на міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў, на якім ад Беларусі маюць выступіць Марына Васілеўская і Руслан Мусьвідас.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG