Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Віцебшчыну прыехаў Аляксандар Лукашэнка


Радыё Свабода Штогоду ён прыяжджае ў Віцебск на адкрыцьцё фэстывалю “Славянскі базар”, таму гэты візыт ня быў нечаканасьцю. Але ягоны маршрут, а таксама аб’екты, якія ён зьбіраецца наведаць, цягам дня былі таямніцаю для мясцовых жыхароў.

Паводле сьціслага паведамленьня інфармацыйнае службы, падчас двухдзённай паездкі на Віцебшчыну Аляксандар Лукашэнка мае “пазнаёміцца з працай прадпрыемстваў перапрацоўчай галіны, з хадой мадэрнізацыі ды тэхнічнага пераўзбраеньня прадпрыемстваў вобласьці й наведаць аб’екты аховы здароўя”.

А паводле назіраньняў жыхароў Віцебшчыны, якія ўжо дакладна могуць прадказваць высокія візыты паводле сьвежага асфальту й перафарбаваных платоў, спадара Лукашэнку чакалі на птушкафабрыцы ў вёсцы Вярхоўе Віцебскага раёну, а таксама ў гарадзкім шпіталі хуткае мэдычнае дапамогі абласнога цэнтру.

На Віцебскую бройлерную птушкафабрыку Аляксандар Лукашэнка прыбыў па абедзе. Яна была пабудаваная ў 1981 годзе, а праз колькі часу, у сярэдзіне 1990-х гадоў, прадпрыемства стала банкрутам. З дапамогаю дзяржаўных датацыяў вытворчасьць удалося аднавіць: тут зьявілася новае абсталяваньне, і птушкафабрыка зрабілася адзіным у вобласьці вытворцам бройлернага курынага мяса з замкнёным цыклем вытворчасьці — ад яйка да вакуўмнай упакоўкі.

Аб’екты аховы здароўя Аляксандар Лукашэнка мае наведаць заўтра. Згодна з даўняй завядзёнкай пераразаць у ягонай прысутнасьці чырвоную стужку, менавіта на 7 ліпеня прымеркаванае ўрачыстае адкрыцьцё гарадзкога шпіталю хуткае дапамогі пасьля капітальнага рамонту. З-за нястачы сродкаў рамонт цягнуўся некалькі гадоў, хаця рабілі яго ўсе прадпрыемствы гораду, працуючы бясплатна на суботніках. Урэшце грошай хапіла нават на невялікі фантан перад фасадам галоўнага будынку.

Заўтра ўвечары Аляксандар Лукашэнка выступіць на цырымоніі адкрыцьця “Славянскага базару ў Віцебску”, дзе некаторым дзеячам мастацтва ўручаць узнагароды ад імя ўраду Беларусі “Цераз мастацтва — да міру і паразуменьня”. Кажуць, што сёлета такую ўзнагароду атрымае расейская сьпявачка Ала Пугачова, — яна, дарэчы, ужо прыехала ў Віцебск.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG