Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня Дзень Незалежнасьці ЗША


Тацяна Поклад, Прага 230 гадоў таму, 4 ліпеня 1776 году, была прынятая Дэклярацыя Незалежнасьці Амэрыкі, якая абвясьціла незалежнасьць ад Вялікай Брытаніі.

Дэклярацыя была прынятая пасьля перамогі амэрыканскага народу ў вайне за незалежнасьць супраць брытанскай кароны ў 1770-80-х гадах. Дарэчы, адным з герояў гэтай вайны быў беларус Тадэвуш Касьцюшка.

Касьцюшка, таленавіты ваенны інжынэр, распрацоўваў пляны і кіраваў пабудовай абарончых умацаваньняў для рэвалюцыйнай арміі, ён выратаваў жыцьці тысяч амэрыканскіх вайскоўцаў і забясьпечыў тактычныя перамогі ў першы, самы цяжкі пэрыяд змаганьня. У знакамітай ваеннай акадэміі ў Вэст-Пойнце стаіць помнік Касьцюшку. І гэта не адзіны помнік у ЗША.

Амэрыканцы надзвычай шануюць гэты дзень, а таксама сваіх першых прэзыдэнтаў і сувэрэнітэт краіны. Дзень незалежнасьці асацыюецца з парадамі, барбэкю, пікнікамі, гульнёй ў бэйсбол, іншымі разнастайнымі грамадзкімі і сямейнымі сьвяточнымі забавамі.

Бальшыня амэрыканскіх сем’яў сёньня будзе мець барбэкю – 75% са 110 мільёнаў сем’яў, як найменей.

І абавязковыя фэервэркі, якія неадлучныя ад Дню Незалежнасьці ад 1777 году.

Неад’емным атрыбутам сьвята зьяўляецца нацыянальны сьцяг – летась да Дню Незалежнасьцю кошт ўсёй колькасьці сьцягоў набытых да сьвята, склаў 5,5 мільёны.

З Днём Незалежнасьці зьвязваецца і свабодалюбівыя традыцыі краіны, варта згадаць сёньня, што па ўсёй краіне ў ЗША 30 гарадоў ў сваіх назвах маюць слова Свабода – Liberty. Найбольшы з іх – горад Liberty ў штаце Місуры.

Цяпер у краіне, ад якой Злучаныя Штаты Амэрыкі аддзяліліся і абвясьцілі сваю незалежнасьць, грамадзкая думка, магчыма, як ніколі непрыхільна ставіцца да ЗША. Вынікі апытаньня, апублікаваныя ў брытанскай газэце “Дэйлі Тэлеграф”, сёньня камэнтуе “Нью-Ёрк Таймз”. Бальшыня апытаных брытанцаў не адабрае вайну ў Іраку і мяркуе, што амэрыканцы зашмат думаюць пра грошы і што амэрыканцаў не цікавіць, што пра іх думаюць іншыя. Трэба адзначыць, што непрыхільнае стаўленьне да ЗША найбольш суадносіцца з непрыхільным стаўленьнем брытанцаў да цяперашняга прэзыдэнта Джорджа Буша.

Такія краіны – як суседкі Беларусі Польшча, Літва, а таксама Славакія, да прыкладу, вызначаюцца большай сымпатыяй да ЗША і да Джорджа Буша, які наведваў гэтыя краіны, выступаў перад грамадзкасьцю і спадабаўся бальшыні жыхароў, як сьведчаць апытаньні .

Дарэчы, у апошнім нумары брытанскага тыднёвіка “Таймз” ёсьць цікавы артыкул пра тое, што прэзыдэнт ЗША канцэнтруе сваю ўвагу на тых краінах Эўропы, дзе яго падтрымліваюць і не ладзяць да яго прыезду дэманстрацыяў пратэсту, і пазьбягае месцаў, дзе ў грамадзтве пераважае нэгатыўнае стаўленьне да яго палітыкі, да вайны ў Іраку найперш.

Цяпер менавіта такім чынам Джордж Буш плянуе сваю паездку на саміт “Вялікай васьмёркі” ў Санкт-Пецярбурзе, абіраючы, якія месцы ў Эўропе наведаць. Буш правядзе вельмі мала часу ў такіх краінах, як Гішпанія ці Францыя, якія ў артыкуле жартам названыя “сінімі штатамі” ў Эўропе, і даўжэй затрымаецца ў Польшчы, Славакіі, Літве, “чырвоных” штатах (сіні – колер партыі супернікаў Буша, дэмакратаў, а чырвоны – колер партыі рэспубліканцаў, паводле таго, прыхільнікі якой партыі пераважаюць ў тым ці іншым штаце ў ЗША, яго называюць сінім ці чырвоным

Сам Джордж Буш сказаў з гэтай нагоды: “Мы ствараем сяброўства там, дзе ёсьць сяброўства, каб яго ствараць. ”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG