Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Славінскі базар" у Петрыкаўскім раёне


Дзьмітрый Падбярэзскі, Менск Неўзабаве ў Віцебску пачнуцца канцэрты чарговага фэстывалю “Славянскі базар”. Але мала хто ведае, што 3 ліпеня ў Петрыкаўскім раёне ўжо другі раз адбыўся іншы фэстываль, хоць і менш маштабны, але з падобнай назваю — “Славінскі базар”.

Славінск — вёска на беразе Прыпяці, яе часта наведваюць многія беларускія музыкі, што захапляюцца рыбалкай. Найчасьцей гэта ўдзельнікі джаз-групы “Яблычная гарбата”, салісткай якой у па-за джазавым рэпэртуары зьяўляецца Тацьцяна Лігорская, ураджэнка Славінска. Вось ужо другі год запар музыкі прыяжджаюць у вёску ня толькі каб паспытаць рыбацкую ўдачу, але й даць дабрачынны канцэрт для жыхароў навакольных вёсак. Па дарозе на Славінск я вызваніў барабаншчыка калектыву Алеся “Князя” Сапегу”.

(Сапега: ) “Гэта ўжо другі фэстываль, і я маю надзею, што ён зробіцца традыцыйным. Гэты фэстываль мы зрабілі, па-першае, для мясцовых жыхароў, для тых людзей, якія ўжо амаль дзесяцігодзьдзе ня бачылі ў сябе канцэрты. Палесьсе, зразумела, ня цэнтар Беларусі, сюды не даяжджаюць нашыя славутыя зоркі. І так усё супала, што й Тацьцяна адтуль родам, і што патрэба ў людзей маецца, і мы самі яшчэ атрымліваем такое задавальненьне. Таму што не заўсёды зблізу бачыш гэтыя шчырыя вочы, да нас з падзякамі прыходзяць мясцовыя жыхары, з кілішкамі, каўбаскай, мясам. Нам вельмі прыемна там заўсёды іграць”.

Сёлета ў праграму канцэрту былі заяўлены, апрача “Яблычнай гарбаты”, два мясцовыя хоры — дарослы і дзіцячы, гумарыст Георгій Волчак, Натальля Ладыгіна, Аляксей Шадзько, а таксама заядлы рыбак Ігар Варашкевіч. Апошні альбом “Крамы”, нагадаю, быў запісаны пры непасрэдным удзеле музыкаў групы “Яблычная гарбата”, Алесь Сапега зараз дапамагае Ігару Варашкевічу ў запісе новых песень.

Што да фэстывалю “Славінскі базар”, дык разглядаць яго як нейкую альтэрнатыву віцебскім канцэртам зусім ня варта”.

(Сапега: ) “Так атрымалася сьмешна, але гэта сапраўдная назва вёскі — Славінск. Зразумела, што дзесь там падтэкст такі быў: “Славянскі базар” і “Славінскі базар”. Але нам бліжэй “Славінскі базар”. І я так думаю, што ў наступным годзе будзе яшчэ больш артыстаў”.

“Што да “Яблычнай гарбаты”, дык у верасьні калектыў запрошаны ў Кактэбель для ўдзелу ў грандыёзным джаз-фэстывалі, на якім беларусы выступяць поруч з сапраўднымі зоркамі сусьветнага джаза”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG