Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму выгадны лятарэйны бум у Беларусі?


Радыё Свабода, Віцебск Рэкляма на тэлебачаньні, радыё ды ў друкаваных СМІ настойліва заклікае: вырашайце маёмасныя праблемы лёгкім рухам рукі – удзельнічайце ў лятарэях ды выігрывайце кватэры, аўтамабілі, іншыя прывабныя рэчы!

Як людзі ставяцца да лятарэі, ці вераць у выйгрыш, мы высьвятлялі ў мінакоў на вуліцах Менску.

(Спадарыня: ) "Ну, калі чалавек нешта выйграе – гэта ж добра, гэта падарунак! Дзяржава – людзям, народу!"

(Спадарыня: ) "Каб грошы атрымаць, трэба іх зарабляць. Спадзявацца на нешта эфэмэрнае можна ўсё жыцьцё – і гэтак нічога й не дабіцца!"

(Спадарыня: ) "Лахатрон самы сапраўдны. Спрабавалі, канечне. Сын гуляў. Каля года ў мяне сын набываў квіткі. Ну, дзьве тысячы ў лепшым выпадку ён выйграваў. І ня болей”.

(Спадарыня: ) "Я выйграю, але дробязі. Што аддала, тое й атрымала".

Першая грамадзкая лятарэя з грашовымі прызамі называлася Lotto de Firenze і адбылася ў Флярэнцыі ў 1530 годзе. У 17 стагодзьдзі зьявіліся гульні кшталту лятарэй, арганізаваныя дзяржавай. А сёньня на лятарэйным рынку нашай краіны мае зьявіцца электронная грашова-рэчавая лятарэя “Юность”, заснаваная ўказам кіраўніка дзяржавы. Паводле яго, атрыманыя сродкі пойдуць на выплату заробкаў і выдаткі апарату Цэнтральнага камітэту БРСМ. У той час як бальшыня лятарэяў з прыбыткаў продажу квіткоў фармуе прызавы фонд. Гэта, дарэчы, вядома ня толькі спэцыялістам, але і ўдзельнікам гульні ў лятарэю:

(Дзяўчына: ) "Я два разы набыла квіткі, не выйграла і кінула. Як мы вывучалі падатковую базу, то 50% дзяржава забірае сабе, а 50% ад прыбытку аддае на прызы людзям. Падатковая база 7%, так што падманваюць людзей ня слаба".

Камэнтуе эканаміст Міхал Залескі:

(Залескі: ) "Можна яшчэ арганізаваць лятарэю "Сьпеласьць" для Палаты трэцяга скліканьня, прыкладам... Мэтавае накіраваньне грошай ў гэтым выпадку – гэта пераразьмеркаваньне часткі прыбыткаў насельніцтва на мэты, якія насельніцтва не ўхваляе. На БРСМ – гэта падтрымка палітычнай структуры. І атрымліваецца як у песьні нэпаўскіх часоў: "Вот если каждый дал мне по рублю, то я купил бы себе все, чего люблю".

Эканамісты і псыхолягі лічаць, што папулярнасьць лятарэй традыцыйна высокая ў тых краінах, дзе чалавек не бачыць магчымасьці зарабляць дастаткова. Беларусь у гэтым сэнсе не выключэньне.

Псыхоляг Інна Мальцава мяркуе, што запатрабаванасьць ва ўдзеле у конкурсе Фартуны вызначаецца складам характару:

(Мальцава: ) "У лятарэю зазвычай гуляюць людзі, якія не рэалізавалі нейкія свае жаданьні, мэты, мары. Гэта для іх нейкая гульня з рэальнасьцю і фартунай. Яны не жадаюць браць на сябе адказнасьць за вырашэньне нейкіх праблемаў, а пакідаюць іх на волю выпадку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG