Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці дадуць палітычны прытулак ва Ўкраіне выдаўцу "Местной газеты"?


Ігар Карней, Менск Сёньня Дзяржаўны камітэт нацыянальнай міграцыі Ўкраіны вырашыць – ці можа ваўкавыскі журналіст Андрэй Шантаровіч прэтэндаваць на статус палітычнага ўцекача ў гэтай краіне? Два месяцы таму выдавец “Местной газеты” папрасіў прытулку ў суседзяў, матывуючы гэта небясьпекай для свайго жыцьця на радзіме.

Ад канца сакавіка выдавец “Местной газеты” Андрэй Шантаровіч жыве ў Харкаве. Як расказаў сам, наўмысна выбраў менавіта гэты горад, дзе, адрозна ад Кіеву, цішэй і спакайней. Паводле Шантаровіча, яго тут добра сустрэлі прадстаўнікі грамадзкіх аб’яднаньняў і зараз дапамагаюць адаптавацца.

(Шантаровіч: ) “Вось літаральна толькі што выйшаў з міграцыйнай службы. 4 ліпеня гэтае ведамства будзе прымаць рашэньне – працягваць са мной суразмовы, альбо адмовіць. На падставе першасных матэр’ялаў у іх ёсьць такі вось невялікі бар’ерчык. Гэта працэдурнае пытаньне, і я ня ведаю, чаго чакаць. Прынамсі, мне не паказваюць – маюць яны нейкі сумнеў ці не? У мяне дзесьці 2-3 разы на тыдзень адбываюцца інтэрвію зь імі. Іншымі словамі, яны высьвятляюць сутнасьць пытаньня”.

Як расказвае спадар Шантаровіч, канчатковае рашэньне ад’ехаць зь Беларусі акрэсьлілася перад самымі прэзыдэнцкімі выбарамі. 18 сакавіка паводле знаёмага для журналістаў адміністратыўнага артыкулу “дробнае хуліганства” выдавец незалежнай газэты быў затрыманы і кульмінацыю палітычных баталій адседзеў за кратамі. Пасьля выхаду на волю “інфарматары” папярэдзілі, што рыхтуецца пасадка Шантаровіча паводле крымінальнага артыкулу.

Журналіст кажа: толькі дзякуючы шматлікім сувязям удалося вырвацца з гораду і праз Расею трапіць ва Ўкраіну. Цяпер спадзяецца на разуменьне чыноўнікаў украінскай міграцыйнай службы, пра якіх Андрэй Шантаровіч выказваецца вельмі прыязна – маўляў, адрозна ад беларускіх, людзі гэтыя вельмі чулыя і ставяцца да беларусаў з разуменьнем. І на ўсялякі выпадак рыхтуецца да новага статусу.

(Шантаровіч: ) “Таму што тады яны мяне залічваюць у своеасаблівы штат грамадзянаў з ужо пэўнымі абавязацельствамі і правамі. Тады наступныя некалькі месяцаў будуць разглядаць пытаньне: даваць мне статус ці не?”.

У вострым канфлікце зь беларускімі ўладамі Андрэй Шантаровіч ад 2004 году, калі Міністэрства інфармацыі на месяц прыпыніла выхад выданьня. Сам журналіст лічыць, што да таго прычыніўся намер агалосіць вынікі датэрміновага галасаваньня па выбарах у Палату прадстаўнікоў і на рэфэрэндуме. Ужо зьвярстаны нумар у друк не пайшоў, а Шантаровіч на знак пратэсту пратрымаў 20-дзённую галадоўку. А ўрэшце яшчэ быў пакараны за арганізацыю “несанкцыянаванага пікету” штрафам у 600 даляраў. Ва Ўкраіне Андрэй Шантаровіч зьбіраецца зноў па-сапраўднаму заняцца журналістыкай. Хоць, каб не сурочыць, пра гэта стараецца пакуль не гаварыць.

(Шантаровіч: ) “Пакуль я зрабіў сабе адпачынак. Адпачываю і лекуюся. Але бяз працы я не ўмею. Таму, натуральна, думаю, што мне рабіць надалей”.

Пры канцы чэрвеня арганізацыя “Рэпартэры бязь межаў” распаўсюдзіла заяву ў падтрымку выдаўца “Местной газеты” Андрэя Шантаровіча, які папрасіў палітычнага прытулку ва Ўкраіне. Як указваецца ў заяве, Шантаровіч – не адзіны рэдактар, які пакінуў краіну, каб пазьбегнуць палітычных рэпрэсій. Да ўладаў Бэльгіі з аналягічнай просьбай зьвярнуўся аглядальнік “Народнай волі” Алесь Сіліч. У Швэцыі палітычнага прытулку папрасіў журналіст сьветлагорскай газэты “Регион-вести” Мікалай Паседзька, адзін са стваральнікаў сатырычнага інтэрнэт-сайту mult.3dway.org Алег Мініч хаваецца ад перасьледу ва Ўкраіне.

Дададзім, што, паводле арганізацыі “Рэпартэры бяз межаў”, больш за 20 незалежных журналістаў сталі ахвярамі праваахоўных органаў у часе прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі, адбыўшы розныя тэрміны пакараньняў і атрымаўшы судовыя папярэджаньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG