Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Артур Фінькевіч чакае працы ў Магілёве


Радыё Свабода Адзін зь лідэраў “Маладога фронту”, 21-гадовы Артур Фінькевіч, знаходзіцца ў Магілёве ў папраўча-працоўнай установе адкрытага тыпу №43. Яго пакаралі двума гадамі абмежаваньня свабоды за графіці палітычнага зьместу — “Достал” і “Мы хочам новага”. У часе выбарчай кампаніі Артур Фінькевіч правёў амаль тры месяцы за кратамі сьледчага ізалятару.

Артур Фінькевіч прыбыў у Магілёў на месца адбываньня пакараньня ўчора ўвечары. Яго суправаджалі каля трыццаці чалавек. Цяпер ён пасяліўся ў інтэрнаце папраўчай установы на праспэкце Пушкіна, 65. Вязьні ходзяць на працу, самі гатуюць ежу на газавых плітах і а 22-й гадзіне вечара ўсе павінны быць на месцы.

Датэлефанавацца да Артура немагчыма, бо мабільны тэлефон у яго забралі. Дзяжурны папраўчай установы №43 сказаў, што ня можа паклікаць Артура і да службовага тэлефону.

(Дзяжурны: ) “Ён у нас будзе знаходзіцца, адбываць пакараньне. А гэта тэлефон дзяжурнай часткі, службовы, мы да яго наагул нікога ня клічам. У нас у фае ёсьць тэлефонны апарат. І ў яго мабільнік ёсьць — дарэчы, вось ляжыць у ячэйцы. Ён можа ўзяць і пагутарыць. Усе тэлефоны наверх браць з сабой нельга”.

Намесьнік начальніка папраўчай установы Аляксандар Хадасевіч патлумачыў:

(Хадасевіч: ) “Мабільнымі тэлефонамі ва ўстанове карыстацца забаронена. Яны здаюцца ў дзяжурную частку, калі асуджаныя выходзяць на працу, яны бяруць і ў горадзе карыстаюцца. На сёньняшні дзень ён пакуль не працаўладкаваны. Таму што ён учора прыехаў а палове на адзінаццатую”.

(Карэспандэнт: ) “А нейкія варыянты яму ўжо прапанавалі?”

(Хадасевіч: ) “Гэта пасьля сьвятаў. У аўторак. Проста ён на доўгія сьвяты патрапіў. У нас дзень-два, і яны выходзяць на працу на прадпрыемствы гораду”.

(Карэспандэнт: ) “Мне сказалі, ён жыве ў пакоі, там дзевяць чалавек зь ім. Так?”

(Хадасевіч: ) “Дзевяць чалавек у нас у пакоях не жывуць. Гэта лухта. Максымум шасьцёра чалавек жывуць”.

Спадар Хадасевіч не сказаў, хто жыве ў пакоі разам з Артурам. Зь ягоных словаў, ва ўстанове адбываюць пакараньне як зламысныя няплатнікі алімэнтаў, так і дырэктары прадпрыемстваў. Ён таксама паведаміў, што блізкія сваякі могуць наведаць установу й Артура падчас дзён адчыненых дзьвярэй, якія ладзяцца ва ўстанове.

Артур Фінькевіч скончыў вучэльню й мае спэцыяльнасьць мясьніка. Але ён не спадзяецца, што яго накіруюць па спэцыяльнасьці:

(Фінькевіч: ) “Але я думаю, што на мясакамбінат проста не дазволяць і не пажадаюць адправіць. Што гэта за “хімія”, што гэта за пакараньне чалавеку, які будзе працаваць на мясакамбінаце? Гэта, канечне, насамрэч была б проста лафа. Я працаваў ужо з нашымі магілёўскімі дзеячамі, каб яны там шукалі, пыталіся ў сваіх знаёмых, шукалі магчымасьць уладкавацца на нейкую працу больш-менш нармалёвую”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG