Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасіўнае паленьне больш шкоднае, чым меркавалася раней


Валер Каліноўскі, Прага На гэтым тыдні ў ЗША была прадстаўленая справаздача аб выніках вывучэньня ўплыву пасіўнага паленьня на стан здароўя людзей. Яе аўтары выявілі пагражальныя тэндэнцыі, у тым ліку наўпроставы ўплыў пасіўнага паленьня на разьвіцьцё ракавых і іншых небясьпечных захворваньняў.

(Каліноўскі: ) “Вынікі дасьледаваньня прадставіў асабіста кіраўнік амэрыканскай Грамадзкай службы аховы здароўя Рычард Кармона, які заявіў, што цяпер ўсякія дэбаты на гэты конт павінны быць спыненыя, бо навукоўцы дакладна выявілі, што пасіўнае паленьне кожны год выклікае дзясяткі тысяч заўчасных сьмерцяў ад хвароб сэрца і раку. За апошнія 20 гадоў толькі ў ЗША былі праведзеныя сотні дасьледаваньняў, якія засьведчылі, што пасіўнае паленьне нашмат больш шкоднае, чым меркавалася раней. У цэлым навукоўцы прыйшлі да высновы, што няма нейкага бясьпечнага ўзроўню пасіўнага паленьня: нават невялікая доза тытунёвага дыму можа нанесьці шкоду здароўю, асабліва ў выпадку людзей, якія цярпяць ад захворваньняў сэрца і дыхальнай сыстэмы.

У прыватнасьці, для дарослых, якія пасіўна ўдыхаюць тытунёвы дым, рызыка хваробы сэрца і раку павялічваецца на 25 – 30 адсоткаў. Летась у ЗША пасіўнае паленьне стала першапрычынай заўчаснай сьмерці 46 тысяч чалавек ад сардэчных хвароб і 3 тысяч – ад раку”.

(Вядоўца: ) “Ці паведамляецца ў справаздачы пра ўплыў пасіўнага паленьня на здароўе дзяцей?”

(Каліноўскі: ) “Так, дзеці зьяўляюцца той групай грамадзтва, здароўе якіх зазнае найбольшую рызыку ад пасіўнага паленьня. Пасіўнае паленьне – адна з прычын разьвіцьця так званага сындрому раптоўнай сьмерці немаўлят (такіх выпадкаў у ЗША летась было 430).

Гэтая рызыка датычыць як немаўлят, маці якіх палілі падчас цяжарнасьці, так і тых, хто ўдыхае тытунёвы дым у доме пасьля нараджэньня. Галоўны доктар Амэрыканскай службы аховы здароўя заклікаў бацькоў, якія паляць, рабіць гэта па-за межамі памяшканьняў – зрабіць свае дамы вольнымі ад тытунёвага дыму”.

(Вядоўца: ) “Цяпер у ЗША і многіх іншых краінах у публічных месцах ёсьць зоны для тых, хто паліць, і тых, хто не паліць. Ці скарачае гэта рызыку ад пасіўнага паленьня?”

(Каліноўскі: ) “Навукоўцы прыйшлі да высновы, што гэта неэфэктыўна, бо вэнтыляцыйныя сыстэмы разносяць дым па ўсім будынку. Лекары перакананыя, што адзіным рэальным сродкам барацьбы з гэтай пагрозай здароўю зьяўляецца стварэньне асяродзьдзя, вольнага ад паленьня – гэта значыць поўная забарона паліць у грамадзкіх месцах, офісах. Такі парадак, дарэчы, ужо ўведзены ў шэрагу краін Заходняй Эўропы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG