Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Ранак плюс": "Жанчына голымі рукамі задушыла сокала"


Радыё Свабода Агляд недзяржаўнай прэсы за 29 чэрвеня

Цьвік нумару "Нашай Нівы" - надзвычай эмацыйны артыкул Віталя Сіліцкага "Ліга нацый". Вядомы беларускі палітоляг, якому пашанцавала падчас чэмпіянату сьвету па футболу быць у Нямеччыне, дзеліцца сваімі ўражаньнямі.

Пінскі "Мясцовы час". Праз паўтара гады пасьля заснаваньня Палескага унівэрсытэту ў ВНУ зьявіўся рэктар. Ім стаў былы дэкан эканамічнага факультэту Горацкай сельгасакадэміі Канстанцін Шыбека.

Працягваюцца рэпрэсіі супраць членаў ініцыятыўнай групы Аляксандра Мілінкевіча. Днямі Алесь Аўсеенка знайшоў у сваёй паштовай скрыні паведамленьне, што ён павінен заплаціць штраф ў памеры 1 мільён 550 тысяч рублёў. Распавядае пінскі журналіст Віктар Ярашук.

(Ярашук: ) "Калі ён 29 сакавіка зьязджаў зь Беларусі ва Ўкраіну, у яго былі па адной ўлётцы "Мілінкевіч -- наш прэзыдэнт" і "25 сакавіка", а такасма некалькі налепак. Мытнікі вырашылі, што гэта ўсё зьяўляецца незадэкляраваным таварам. На яго склалі пратакол, і 25 траўня, нават калі Алеся не было ў Пінску, такі велізарны штраф яму прысудзілі".

"Вольнае Глыбокае" піша, што мясцовыя камэрсанты, якія зьяўляюцца яшчэ і краязнаўцамі, запрашаюць сталічных архэолягаў, прадастаўляюць ім начлег, транспарт для экспэдыцыях па вёсках. Распавядае глыбоцкі журналіст Уладзімер Скрабатун.

(Скрабатун: ) "Нядаўна Максім Чарняўскі з мясцовымі краязнаўцамі знайшоў стаянку эпохі мэзаліту ў Глыбокім. Знойдзеныя крэмніевыя рэчы, якім 7 тысяч гадоў. Значыць, на тэрыторыі Глыбокага людзі жылі ўжо 7 тысяч гадоў таму".

Сьветлагорскі "Ранак плюс" распавядае пра змаганьне мясцовай міліцыі з райспажыўсаюзам. У горадзе забаронена прадаваць спіртныя напоі з 23-й ночы да 8-й раніцы. Але ў так званых "Бутэрбродных" усе моцныя напоі прадаюцца кругласутачна. Міліцыя патрабуе забараніць гандляваць сьпіртным уначы ў "Бутэрбродных", райспажыўсаюз -- каб міліцыя лепш дзяжурыла. Яшчэ адзін матэрыял - "Пераможца сокала". Вясковая жанчына голымі рукамі задушыла драпежніка-сокала, які спакусіўся на ёйных курэй, піша "Ранак плюс".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG