Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Сідорскі прапануе “замкнуць эканоміку”


Радыё Свабода Падчас перамоваў у Маскве прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў і кіраўнік ураду Беларусі Сяргей Сідорскі не змаглі дамовіцца пра ўмовы паставак расейскага газу ў Беларусь у 2007 годзе. Прэм’ер-міністар Расеі Міхаіл Фрадкоў заявіў, што праца ў гэтым пытаньні працягнецца на ўзроўні экспэртаў абедзьвюх краінаў.

Газавае пытаньне абмяркоўвалі з ініцыятывы беларускага боку — адбывалася гэта за зачыненымі дзьвярыма падчас сустрэчы кіраўнікоў урадаў. Расейскі прэм’ер Міхаіл Фрадкоў на сустрэчы зь Сяргеем Сідорскім пацьвердзіў свае пазыцыі па цане на газ. Ён заявіў, што Расея будзе зыходзіць з унівэрсальнай схемы вызначэньня цаны. Міхаіл Фрадкоў таксама дадаў, што ў рамках пагадненьня па газе разглядаюць магчымае стварэньне сумеснага прадпрыемства для кіраваньня беларускай газатранспартнай сыстэмай.

Падчас сустрэчы выступіў з дакладам кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер, які падвёў вынікі працы адмысловай групы ў пытаньні газавых паставак. Сяргей Сідорскі назваў гэтую справаздачу здавальняючай. Там гаворка ідзе пра падыходы ў стварэньні сумеснага прадпрыемства дзеля транспарціроўкі газу. Паводле Сяргея Сідорскага, па часе рабочая група зробіць канкрэтныя прапановы наконт рэалізацыі паставак і цаны газу на 2007 год.

(Сідорскі: ) “Цану назваў “Газпром”, беларускі бок кантракт гэты разгледзеў, выказаў свае заўвагі ў адпаведнасьці з умовамі паставак і вярнуў “Газпрому” на разгляд”.

Сяргей Сідорскі назваў гэта нармалёвым працэсам і дадаў, што “трэба замкнуць эканоміку ад сьвідравіны да канчатковага прадукту Беларусі”.

Паводле эканаміста Валера Дашкевіча, уся гэтая газавая cпрэчка скончыцца пры канцы сьнежня — у пачатку студзеня. Цяпер афіцыйны Менск хоча прадэманстраваць, што ідуць нейкія перамовы. Насамрэч, паводле спадара Дашкевіча, рашэньне будзе прынятае кіраўніком Беларусі ў апошні момант.

(Дашкевіч: ) “Дагэтуль Беларусь ня зробіць ніякіх крокаў, каб падпісаць нейкія дамовы, за выключэньнем тых, на якіх яны самі настойваюць. То бок, падвышэньне цаны на газ ня больш за 11 працэнтаў. Дагэтуль нічога рабіцца ня будзе. Таму на сёньняшнім паседжаньні ніякіх рашэньняў не магло быць прынята, таму што беларускі бок ніякіх прапановаў не рыхтаваў і ніякага праекту рашэньня не было. Калі дамовяцца па высокай цане, каля 200 даляраў, Беларусь вымушаная будзе пагадзіцца, тады давядзецца прадаваць фамільнае срэбра”.

Напярэдадні кіраўнік “Газпрому” Аляксей Мілер і віцэ-прэм’ер Беларусі Ўладзімер Сямашка ўзгаднілі кандыдатуру ацэншчыка для беларускіх прадпрыемстваў, у якіх зацікаўлены “Газпром”. Сярод іх “Белтрансгаз” і Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод. Паводле расейскага боку, гэтымі актывамі Беларусь зможа за некалькі гадоў кампэнсаваць чатырохразовае падвышэньне цаны на газ і паступова падрыхтавацца да рынкавых цэнаў. Адначасова беларускі ўрад правёў перамовы ў Ашхабадзе пра закуп туркмэнскага газу за ніжэйшую, чым у “Газпрому”, цану.

У 2004 годзе Расея на кароткі тэрмін адключала Беларусі газ. Перад прэзыдэнцкімі выбарамі расейскі бок дазволіў Беларусі плаціць каля 47 даляраў за тысячу кубамэтраў газу. Пасьля выбараў “Газпром” заявіў пра падвышэньне цэнаў да 200 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG