Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь ня выканала абавязаньняў па транзыту праз Клайпедзкі порт


Тацяна Поклад Адна з буйнейшых літоўскіх газэтаў “Lituvos zinios” піша пра дачыненьні Літвы і Беларусі ў справе транзыту праз Клайпедзкі порт. Беларускі бок ня выканаў сваіх абавязаньняў адносна памеру транзыту калійных угнаеньняў за мінулы год, і сёлета, паводле прагнозаў, таксама ня здолее выканаць.

Канцэрн "Белнафтахім", які арыентуецца ў справе транзыту на порт Вентспілс у Латвіі, тым часам плаціць амаль удвая больш за той кошт, які прапаноўвае Літва. Цяпер Беларусь папрасіла літоўскі бок аднавіць перамовы адносна транзыту праз Клайпеду.

Летась беларускія прадстаўнікі абяцалі павялічыць экспарт угнаеньняў праз Клайпеду, аднак нядаўна на беларуска-літоўскім эканамічным форуме ў Салігорску канстатавалася, што беларусы ня выканалі свае абавязаньні. Беларусь вінаваціць літоўскі бок у тым, што не было ўсіх абяцаных палёгкаў на кошты за транзыт. Літва падкрэсьлівае, што дамоўленыя зьменшаныя тарыфы дзейнічаюць, калі выконваецца графік грузаў, які летась абодва бакі пацьвердзілі ў пратаколе пра супрацоўніцтве і які Беларусь парушыла.

Гэта абмяркоўвалася на беларуска-літоўскім эканамічным форуме ў Салігорску, на якім пабывала літоўская карэспандэнтка Інга Размайце і падрыхтавала артыкул для “Lituvos zinios” (“Навіны Літвы”).

Беларусь – адна зь нямногіх у сьвеце краінаў, якая здабывае калійную соль. Штогод праз марскія парты Беларусь экспартуе 5-6 мільёнаў тонаў калійных угнаеньняў.

Найбольшую частку экспарту Беларусь адпраўляе праз порт у Вентспілсе ў Латвіі. Летась літоўскія прадстаўнікі прапанавалі Беларусі зьменшаныя тарыфы на грузы з калійным угнаеньнем. Пасьля досыць вялікіх рэканструкцыяў Клайпедзкага порту ў Літве зацікаўленыя ў тым, каб павялічыць колькасьць транзыту, і таму прапаноўваліся ніжэйшыя кошты. У той час “Белнафтахім” паабяцаў, што, незалежна ад сытуацыі на калійным рынку, цягам 2005 году праз Клайпеду экспартаваць 1,5 тонаў калійных угнаеньняў, а ў 2006 годзе – 1,8 мільёнаў тонаў.

Адзін з кіраўнікоў партовай грузавой кампаніі “Klasco” М.Віткаўскас распавёў, што летась увосені Літва два месяцы праводзіла экспэрымэнт, які паказаў, што транзыт беларускіх угнаеньняў праз Клайпеду фінансава выгодны абедзьвюм краінам.

Аднак жа Белнафтахім летась сваіх абавязаньняў перад літоўскім бокам ня выканаў, няма спадзяваньняў і на сёлетнія раней абяцаныя памеры транзытных грузаў. Прадстаўнікі “Белнафтахіму”, тым часам, на форуме ў Салігорску цьвердзілі, што на зьмяншэньне экспарту ўплывалі тэндэнцыі на рынку калійных угнаеньняў, а Клайпедзкі порт праз гэта мала пацярпеў.

Паводле Літоўскай прамысловай канфэдэрацыі, прыхільнасьць “Белнафтахіму” да Венстспілса эканамічна невыгодная для Беларусі.

У Вентспілсе за перавозку тоны калійных угнаеньняў Беларусь плаціць да 6 эўра, у Клайпедзе ў Літве за тону трэба плаціць 3-4 эўра.

Цяпер Беларусь папрасіла літоўскі бок вярнуцца да перамоваў, да раней падпісанага пратаколу пра супрацоўніцтва, перагледзець схему экспарту калійных угнаеньняў праз Клайпеду і прапанаваныя Літвой тарыфы, і ў найбліжэйшым часе ізноў сесьці за стол перамоваў.

Нягледзячы на тое, што Беларусь ня выканала свае абавязаньні летась, Літва цяпер прапаноўвае паслугі Клайпедзкага порту – пры ўмове, што з боку Беларусі будуць гарантыі, што абавязаньні будуць выкананы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG