Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шарыкавая асадка


Вінцэсь Мудроў Новая перадача сэрыі "Летні альбом". Страшныя, сьмешныя, забытыя словы часоў застою ва ўспамінах і аўтарскім правапісе Вінцэся Мудрова.

Упершыню шарыкавую асадку я пабачыў у 1966 годзе. І ня толькі пабачыў, але і патрымаў у руках. Бацька аднаго зь сябраў быў на стажыроўцы ў Ангельшчыне, і прывёз адтуль гэтую самую самапіску. Да таго часу яна ўжо не пісала, але ўяўляла для нас, падшыванцаў, вялікі інтарэс. На ёй быў каляровы малюнак двух кабетаў у купальніках і з парасонамі ў руках. Варта было асадку павярнуць, як купальнікі спадалі і кабеты паўставалі голымі. Я разоў дваццаць “распрануў” даўгалыгіх брытанак, і толькі тады пацікавіўся – як жа гэтая халера піша? З асадкі тырчэў невялічкі шпянёк з шарыкам на канцы, і адкуль там лілося чарніла, было невядома. Сябрук таксама ня мог нічога растлумачыць, адно паведаміў, што ў асадцы трэба мяняць нейкія стрыжні і – пішы хоць усё жыцьцё.

Праз год родная цётка, што жыла ў Піцеры, падаравала мне шарыкавую асадку. Без кабетаў, вядома. Набыла па блаце, і афіцыйна яна каштавала 3 рублі 80 капеек. Грошы, як для такой рэчы, даволі вялікія. У школе шарыкавымі асадкамі пісаць не дазвалялася. Але я яе браў на ўрокі і любіў, пад зайздрасныя позіркі аднаклясьнікаў, пстрыкнуць стрыжнем.

Аднойчы ўзяў асадку ў школу, а стрыжань выцек, перапэцкаўшы школьную форму. Гэта была маленькая трагедыя. Стрыжань потым вымыў, паклаў да лепшых часін. Хадзілі чуткі, што хутка ў горадзе адчыніцца пункт запраўкі шарыкавых асадак.

Пункт так і не адчынілі, але згаданыя самапіскі неўзабаве зьявіліся ў продажы. Бралі іх, памятаю, адразу па некалькі штук. Яны былі з даўгім стрыжнем і пасты хапала на цэлы месяц. Балазе, у школе дазволілі імі карыстацца.

Потым зьявіліся каляровыя стрыжні, а таксама шматстрыжнявыя асадкі. Спачатку на чатыры колеры, а потым і на ўсе восем. Праўда, былі яны тоўстыя, а таму нязручныя ў карыстаньні. Ды і карысталіся імі нядоўга, бо штосьці ў іх закліньвала, і ў выніку вытыркаўся толькі адзін стрыжань.

Тым часам вытворцы пачалі экспэрымэнтаваць з формай і вагой. Зьявіліся цяжкія эбанітавыя асадкі таўшчынёй 45 мілімэтраў, асадкі зь лямпачкамі, з компасамі, але ўсе гэтыя дзівосы не карысталіся попытам.

Адначасова, выяўляючы турботу аб дабрабыце савецкіх людзей, урад зьнізіў цэны на стандартныя шарыкавыя асадкі. Дагэтуль яны каштавалі 70 капеек, а пасьля ўцэнкі – 35. Жартуны потым казалі, што менавіта гэтая ўцэнка паспрыяла развалу Саюза, бо бюджэт не атрымаў значныя сумы. Так што на рытарычнае пытаньне “Хто адкажа за развал Саюзу?”, ёсьць канкрэтны адказ: шарыкавая асадка.

Прысылайце вашы прапановы, успаміны, фотаздымкі пра рэчы і зьявы, страшныя тады, сьмешныя потым, забытыя сёньня. Адрас – svaboda@rferl.org.
XS
SM
MD
LG