Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Клёшы


Вінцэсь Мудроў, Полацак Увосень 1967 году – тым часам, калі беларускі народ годна сустракаў 50-ю гадавіну савецкай улады, на гарадзкіх вуліцах зьявіліся хлопцы ў клёшах.

Клёшы (у маладзёвым слэнгу: кляшы) розьніліся ад звычайных штаноў тым, што калашына ад калена пашыралася і канец яе ішоў на скос. Да таго ж, меўся шырокі пояс з двума гузікамі. Яшчэ адно важнае адрозьненьне: кішэні ў клёшах месьціліся сьпераду, а ня збоку, як звычайна. Каб падкрэсльць гэтую дэталь, самыя першыя ўладальнікі модных штаноў насілі складзеную ў столку белую паперу, якая вытыркалася з кішэняў.

Клясычным лічыўся клёш 22 на 24. То бок, 22 сантымэтры ў калене, 24 на доле. Аднак самыя маднючыя шылі нагавіцы з шырынёй на доле 26 і нават 28 сантымэтраў.

Адпаведна шырыні клёшу рабілі больш шырокім і пояс, які падбіраўся пад самую грудзіну. Пояс зашпільваўся наўскасяк і ўжо не на два, а на тры гузікі. Адметная дэталь: гузікі мусілі быць каляровыя, з жаночай вопраткі. Клясычны ўзор клёшаў прадэманстраваў ў той час герой мультфільму “Брэменскія музыкі”. У таго нагавіцы наагул былі з клінамі. Мясцовыя сьцілягі (на той час іх ужо называлі чувакамі), таксама ўшывалі чырвоныя кліны, па краях кліноў прышывалі гузікі і падвешвалі алюмініевыя ланцужкі. Такую аздобу, праўда, насілі адзінкі. Хадзілі чуткі, што ў суседнім Полацку нейкі чувак аздобіў кліны лямпачкамі ад ліхтарыка і міргаў імі – у кішэні была батарэйка. Чувака, ізноў-такі, па чутках, забрала міліцыя.

Калені маднючых штаноў адчайна пухірыліся. Іх спрабавалі ліквідаваць гарачым прасам, але беспасьпяхова. Матэрыял, відаць, быў ня той. Бралі танны – 7-8 рублёў за мэтар (для пашыўкі трэба было адзін мэтар і дваццаць сантымэтраў). Сама пашыўка цягнула на чырвонец, так што даводзілася эканоміць. Яшчэ адна праблема: шырокі пояс бязьлітасна скручваўся, зьбіваўся так, што не было бачна гузікаў. Каб ліквідаваць такі недахоп, даводзілася пояс распорваць і ўстаўляць палосу каленкору ці яшчэ нечага цупкага.

Ну і, нарэшце, шырозныя калашыны матлялася на ветры і абкручвалася вакол галёнкі. Доўга не маглі даць рады, як з тым змагацца, нарэшце, прыдумалі: канцы калашыньня сталі абшываць мэталёвымі “маланкамі”.

Штаны гэтага крою былі ў модзе чатыры гады. Потым прышла пара джынсаў. І тыя, каму пашчасьціла нацягнуць на клубы блакітнае дзіва, ужо і не хацелі прызнавацца, што зусім нядаўна насілі клёшы.
XS
SM
MD
LG