Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Распачалася пешая пілігрымка ў Будслаў (фота)


Радыё Свабода Зь Менску выправілася пешая пілігрымка ў Будслаў. Штогоду яна распачынаецца 27 чэрвеня ад сьценаў Менскага катэдральнага касьцёлу й завяршаецца 1 ліпеня каля нацыянальнай сьвятыні — Маці Божай Будслаўскай. Больш за 500 вернікаў-каталікоў з розных рэгіёнаў Беларусі й замежжа за пяць дзён пераадолеюць 120 кілямэтраў. Затым яны возьмуць удзел у сьвяце ўшанаваньня абраза Маці Божай Будслаўскай, якое адбудзецца 2 ліпеня.

Пілігрымка распачалася традыцыйнай урачыстай імшой, якую сёлета правёў кіраўнік каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, біскуп Антоній Дзям’янка. На духовы шлях пілігрымаў асабіста дабраславіў і кардынал Казімір Сьвёнтак. Гэтак адбываецца шаснаццаты год запар, і кожны раз да удзельнікаў шэсьця далучаюцца ўсё новыя людзі, як моладзь, так і вернікі сталага веку.

(Карэспандэнтка: ) “Каторы раз вы выправіліся ў пілігрымку? Чаму вырашылі гэта зрабіць?”

(Юначка: ) “У пілігрымку іду ўпершыню, і вельмі гэтаму рада, бо многія мае сябры распавядалі, што гэта вельмі клясна, што гэта яднае людзей”.

(Карэспандэнтка: ) “За што будзеце маліцца?”

(Юнак: ) “Найперш будзем маліцца за краіну”.

(Юнак: ) “За свабоду, за справядлівасьць”.

(Юнак: ) “За цьвярозасьць для нашага беларускага народу. Бо, на мой погляд, гэта самае галоўнае”.

(Спадарыня: ) “Я хачу ісьці ў інтэнцыі за нашую свабоду, за нашу Беларусь, а таксама за ўсіх, хто церпіць ад гэтай улады”.

Сёлета толькі зь Менску ў Будслаў выправіліся каля пяцісот чалавек, у тым ліку вернікі з Бабруйску, Нясьвіжу, Асіповічаў і іншых гарадоў, а таксама каталікі з Расеі.

(Карэспандэнтка: ) “Скажыце, калі ласка, адкуль вы?”

(Спадар: ) “Мы з Санкт-Пецярбургу”.

(Спадар: ) “Нас, пецярбурскай групы, каля сарака чалавек”.

(Карэспандэнка: ) “Чаму вы ўдзельнічаеце ў гэтай пілігрымцы?”

(Спадар: ) “Гэта падобна да жыцьця: ідзеш, ідзеш, а наперадзе цябе чакае Марыя”.

(Карэспандэнтка: ) “А за што будзеце маліцца вы?”

(Спадар: ) “Перш за ўсё, канечне, за царкву, за папу”.

(Спадар: ) “За свабоду беларускага народу”.

Многія пілігрымы да Будслаўскай сьвятыні прышпілілі на заплечнікі й кашулі значкі з выявай Васіля Быкава, “За Свабоду”, навязалі бел-чырвона-белыя стужкі. Людзі сярэдняга й сталага веку ўзялі ў рукі жоўта-белыя сьцягі Ватыкану, а таксама парафіяльныя сымбалі й выявы сьвятых. Многія зь пілігрымаў выправіліся да абраза Маці Божай, каб памаліцца таксама за свае парафіяльныя сем’і. Гавораць Леакадзія Ефрамкова й Людміла Ліпень:

(Ефрамкова: ) “Адна з галоўных інтэнцыяў — гэта памаліцца за нашую парафію Маці Божай Ружанцовай, якая знаходзіцца у мікрараёне Лошыца. Парафія мае дзесяць гадоў, але да сёньня ў нас няма касьцёлу. На сёньня мы павінныя заплаціць падатак на будаўніцтва 555 мільёнаў беларускіх рублёў. Гэта фантастычныя грошы, бо нашая парафія — гэта моладзь, маленькія дзеці й некалькі людзей сталага веку. Але калі нават усе парафіі Менску пачалі б рабіць складкі, то не назьбіралі б і палову гэтай сумы”.

(Ліпень: ) “Нас, парафіянаў, увесь час прыбывае. Калі ў мінулым годзе была маленькая купка людзей, то цяпер толькі ў пілігрымку ідзе больш за 20 чалавек. І, канечне, вельмі, вельмі б хацелася, каб у нас быў пабудаваны свой касьцёл. Мы, парафіяне, прыкладзем для гэтага ўсе намаганьні, але хацелася б, каб і дзяржава нам дапамагала”.

У ноч на 2 ліпеня пілігрымы зь Менску, а таксама зь іншых рэгіёнаў Беларусі возьмуць удзел ва ўрачыстым набажэнстве ў гонар цудатворнага абразу Маці Божай. У будслаўскім фэсьце штогоду ўдзельнічаюць каля 30 тысяч вернікаў зь Беларусі й замежжа, а таксама больш за сотню сьвятароў.

Будслаўскі касьцёл бэрнардынцаў, які месьціцца ў вёсцы Будслаў Мядзельскага раёну, быў пабудаваны ў 1783 годзе. Абраз Маці Божай Будслаўскай датуецца канцом ХVI стагодзьдзя. Паводле гістарычных зьвестак, цудатворнае зьяўленьне Маці Божай айцам-бэрнардынам адбылося на гэтым месцы 2 ліпеня 1588 году. Тады ж і заклалася традыцыя пілігрымак у Будслаў, якія таемна адбываліся нават у савецкі час. Першая пілігрымка з дазволу ўладаў адбылася толькі ў 1992 годзе. Касьцёл у вёсцы Будслаў абвешчаны нацыянальнай сьвятыняй, і з дабраславеньня папы рымскага Яна Паўла ІІ абраз Маці Божай Будслаўскай уганараваны залатой каронай 2 ліпеня 1998 году.















Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG