Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прысуд І.Круку застаецца ранейшы: 6 месяцаў арышту


Міхал Карневіч, Гарадзенская вобласьць Сёньня калегія Гарадзенскага абласнога суду не задаволіла скаргі на рашэньне Лідзкага раённага суду. Яшчэ 15 траўня Іван Крук быў асуджаны за гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да міліцыянтаў на шэсьць месяцаў арышту.

Іван Крук па-ранейшаму лічыць, што крымінальная справа супраць яго сфабрыкаваная спэцслужбамі падчас прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі: ён зьбіраў подпісы за А.Мілінкевіча і за А.Казуліна. Пра гэта ён заявіў сёньня на калегіі Гарадзенскага аблсуду. Праўда, як заўважыў Крук, у яго заставалася надзея на суд.

(Крук: ) “У мяне былі нейкія маленькія спадзяваньні на тое, што абласны суд, дзе працуюць высокакваліфікаваныя юрысты, спыніць гэтае бяспраўе. Аднак яны выканалі заказ улады”.

Адвакат Алена Халупка чарговы раз настойвала, што ў Лідзкім судзе не далі ацэнкі доказам, што былі ўзятыя за аснову абвінавачаньня. Яна канстатавала, што гвалт Крук выявіў толькі адносна ўласнага кампутара, які разьбіў. І пагонаў, кажа адвакат, сарваць зь міліцыянтаў Крук ня мог — бо абедзьвюма рукамі трымаў кампутар. Таму пасьля завяршэньня разгляду скаргі А.Халупка сказала, што разам з Круком намерваецца дамагацца адмены прысуду нават у міжнароднай інстанцыі:

(Халупка: ) “Я, па праўдзе кажучы, ня вельмі спадзяюся, што нешта зьменіцца ў наступнай інстанцыі — магчыма, Вярхоўны Суд прыслухаецца хаця б часткова. Але ў любым выпадку мы пройдзем усе інстанцыі й, калі атрымаецца, зьвернемся ў міжнародны суд”.

Рашэньне калегіі было кароткае: прысуд пакінуць бязь зьменаў, скаргі не задаволіць.

Падчас выбарчай кампаніі ў кватэры Івана Крука ладзілі ператрус: ягонага непаўналетняга сына падазравалі ў крадзяжы грошай. Нічога не знайшлі, але сканфіскавалі некалькі асобнікаў недзяржаўных бюлетэняў. Потым міліцыянтаў зацікавіў кампутар. Крук адмовіўся яго аддаваць, і калі міліцыянты вырывалі сыстэмны блёк з гаспадаровых рук, той кінуў кампутар на падлогу і разьбіў. Менавіта гэтыя дзеяньні Івана Крука суд прызнаў гвалтам адносна міліцыянтаў. Суд узяў пад увагу сьведчаньні саміх міліцыянтаў і не ўлічыў сьведчаньняў суседзяў Крука, якія таксама там прысутнічалі. Некалькі чалавек паказалі, што гвалту ў дачыненьні да міліцыянтаў не было.

Справа сына Івана Крука пасьля рашэньня Лідзкага суду была закрытая, а пасьля таго, як Крук падаў скаргу ў абласны суд, яе зноў аднавілі, і сьледзтва па ёй павінна скончыцца 30 чэрвеня.

Івану Круку 62 гады. Ён каля трыццаці гадоў адпрацаваў у праваахоўных органах.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG