Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску паменела прыхільнікаў стварэньня адзінай дзяржавы Беларусі і Расеі


Радыё Свабода Такую выснову можна зрабіць з апытаньня, якое правёў у траўні сацыялягічны цэнтар "Зеркало-Инфо". Наш карэспандэнт пагутарыў з кіраўніком цэнтру Леанідам Міхейчыкавым.

Спадар Міхейчыкаў адзначае, што ідэю стварэньня саюзнай дзяржавы падтрымліваюць 42% менчукоў, не падтрымліваюць -- 40%, а яшчэ 18% пакуль ня вызначыліся ў сваіх рашэньнях. У 2000-м годзе прыхільнікаў саюзнай дзяржавы быў 51%, у 2002-м -- 49%. На пытаньне, ці можна казаць пра нейкую сталую тэндэнцыю, навуковец адказвае так:

(Міхейчыкаў: ) "Цяпер цікавасьць зьмяншаецца -- толькі 42%. Існуюць фактары, якія ўплываюць на грамадзкую думку. Хутчэй за ўсё, гэта -- праца мэдыяў. Калі патрэбна, фармулюецца адна думка, а калі патрэбна іншая думка, фармулюецца некалькі іншая".

Я пацікавіўся ў сацыёляга, якія лічбы маглі быць, каб ягонае апытаньне ахапіла ня толькі сталіцу, але і ўсю Беларусь. Аднак спадар Міхейчыкаў не даў дакладнага адказу, спаслаўшыся на тое, што "Зеркало-Инфо" і гэтае, і папярэднія дасьледаваньні рабіла выключна ў сталіцы:

(Міхейчыкаў: ) "Не магу сказаць. Я такой адказнасьці не хачу на сябе браць".

Старшыня міжнароднай камісіі Савета Рэспублікі Мікалай Чаргінец зьвяртае ўвагу на тое, што пры ацэнцы поглядаў вельмі важна разглядаць ня толькі саму ідэю саюзнай дзяржавы, але й канкрэтную форму магчымай структуры:

(Чаргінец: ) "Тут жа розныя ёсьць прапановы -- памятаеце, расейскую прапанову пра катлеты ды мухі? Тады ж казалі: уступайце ў склад Расеі на правах суб’екта фэдэрацыі. Гэта адбылося таму, што расейцы не захацелі правільна зразумець Аляксандра Лукашэнку".

Вось што кажа намесьнік старшыні Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Юрась Беленькі

(Беленькі: ) "Гаворка ідзе пра незалежнасьць Беларусі найперш. Той жа дэпутат Дзярждумы Алксніс (яго выказваньні паказвала беларускае тэлебачаньне) адкрыта заяўляе: прымем Канстытуцыйны акт, створым саюзную дзяржаву. Імі гэта формула створаная, мэта дэкляраваная. І адпаведна іхныя намаганьні ідуць у гэтым накірунку".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG