Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Шмат тых, што сьвядома ўступілі ў БРСМ, палымяна выступаюць на сходах супраць амэрыканскага імпэрыялізму...”


Валянцін Жданко, Менск (эфір 25 чэрвеня) Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Якія настроі пануюць сёньня ў асяродзьдзі беларускага студэнцтва? Ці паўплывала на гэтыя настроі гарачая палітычная вясна 2006 году, калі сотні студэнтаў, нягледзячы на пагрозу выключэньня і рэпрэсіяў, абаранялі намётавы лягер на Кастрычніцкай плошчы Менску? Якія палітычныя сілы маюць сёньня рэальны ўплыў у студэнцкай грамадзе? Каму студэнты вераць і каго падтрымліваюць?

Адзін зь лістоў на гэтую тэму даслаў на “Свабоду” менскі студэнт Дзяніс Хацько:

“Калі вы думаеце, што ўсе студэнты пагалоўна падтрымліваюць апазыцыю і ненавідзяць рэжым, то памыляецеся. Сярод студэнтаў шмат тых, якія сьвядома ўступілі ў БРСМ, палымяна выступаюць на сходах супраць амэрыканскага імпэрыялізму і носяць на дэманстрацыях чырвона-зялёныя сьцягі. У мяне ёсьць адзін такі знаёмы. Ня ведаю, праўда, наколькі ён верыць у тое, што гаворыць і што робіць. Яму не падабаецца, што многія зь яго пасьмейваюцца. Ён звычайна на гэта адказвае: “Добра будзе сьмяяцца той, хто пасьмяецца пасьля разьмеркаваньня”. Напэўна, у чымсьці ён мае рацыю. Нікому ня хочацца ехаць у Брагін і Нароўлю. А ў Менску пакінуць ня ўсіх. Яму ж, відавочна, месца ў любым выпадку знойдзецца.

Увогуле, большасьці маіх аднакурсьнікаў да лямпачкі і Лукашэнка, і Мілінкевіч, і БРСМ. Людзі хочуць мець грошы і ўладкавацца ў жыцьці. Хтосьці марыць зьехаць за мяжу, хтосьці — удала выйсьці замуж. Пра лёс дэмакратыі і будучыню Беларусі асабліва ніхто не задумваецца. У нас у групе ёсьць толькі адзін мой знаёмы, які таксама, як і я, слухае “Свабоду”. Часам мы абмяркоўваем зь ім пачутае. У сакавіку ён аднаго разу нават начаваў на Кастрычніцкай плошчы, але на Акрэсьціна ня трапіў (у тую ноч якраз быў дома)”.

Напэўна, Дзяніс, і ня варта чакаць, што ўсе вашы аднакурсьнікі раптам прасякнуцца вялікай трывогай за лёс дэмакратыі і незалежнасьці. У іх, як, зрэшты, і ў большасьці звычайных людзей, якія непасрэдна не займаюцца палітычнай ці грамадзкай працай, безьліч іншых турботаў — вучоба, праца, экзамэны, разьмеркаваньне… Але гэта ня значыць, што ў гэтых людзей няма палітычных сымпатыяў і антыпатыяў. Адметна, як многія зь іх рэагуюць на яўна каньюнктурныя і кар’ерысцкія памкненьні актывіста БРСМ. Думаю, калі сытуацыя сапраўды запатрабуе нейкага сур’ёзнага праяўленьня грамадзянскай пазыцыі, вы і ваш знаёмы, які начаваў на Кастрычніцкай плошчы, не апынецеся ў адзіноце. Прынамсі, вядома шмат прыкладаў, калі студэнцкія групы дружна станавіліся на абарону сваіх калегаў, якіх адміністрацыя хацела адлічыць за іхны ўдзел у акцыях апазыцыі.

Праваабаронца Аксана Новікава зь Менску адклікнулася на нядаўна ўведзеныя Эўразьвязам і Злучанымі Штотамі Амэрыкі візавыя санкцыі адносна больш як трох дзясяткаў высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, абвінавачаных у парушэньні грамадзянскіх правоў у Беларусі. Спадарыня Новікава ў сваім лісьце выказвае ў сувязі з гэтым нечаканую ініцыятыву. Яна піша:

“Прашу ўключыць мяне і маю сям’ю ў сьпіс неўязных у ЗША і краіны Эўропы — да таго часу, пакуль стасункі з гэтымі краінамі ня стануць бязьвізавымі. Прашу ніколі не даваць мне візы ў гэтыя краіны — гэтак жа, як і лукашэнкаўскім чыноўнікам, нават калі за мной будуць гнацца эскадроны сьмерці, нават калі я сама на каленях буду прасіць аб гэтым. Думаю, калі ўсе дэмакратычныя палітыкі паставяць сабе гэткае ж абмежаваньне, то, па-першае, яны будуць з большасьцю свайго народу; а па-другое, гэта стымулюе іхнюю дзейнасьць унутры краіны. А то езьдзяць па замежжы, прэзэнтуюць сябе, пераконваюць уплывовых людзей у Эўропе і ЗША ў тым, у чым і пераконваць нікога ня трэба. А нашых людзей ні ў чым пераконваць ня хочуць. Ці пераконваюць кепска, млява. Гэта і зразумела: у коле аднадумцаў заўсёды прасьцей гаварыць”.

Арыгінальная і неспадзяваная ініцыятыва, спадарыня Новікава. Ня думаю, аднак, што хтосьці з палітыкаў ці дэмакратычных актывістаў яе падтрымае. На тое вам назавуць шэраг прычынаў. Па-першае, гэта выглядала б, як папрок на адрас Захаду і як акцыя салідарнасьці з тымі высокапастаўленымі чыноўнікамі, якім забаранілі ўезд у краіны Эўропы і Злучаныя Штаты. А па-другое, гэта істотна адбілася б на кантактах дэмакратычнай апазыцыі і тых структураў на Захадзе, якія падтрымліваюць беларускі дэмакратычны рух. Грамадзянская супольнасьць у Беларусі і так зьведвае вялікі ўціск з боку ўлады. Калі ж яна да ўсяго гэтага добраахвотна стане невыязной, гэта, бадай, было б раўназначна жалезнай заслоне, створанай уласнымі рукамі. Дарэчы, выезд за мяжу некаторых дэмакратычных актывістаў апошнім часам і так ускладнены з прычыны розных бюракратычных працэдураў і абмежаваньняў пры атрыманьні дазволу на выезд, пры памежным і мытным кантролі.

Наш слухач Аляксандар Забэла зь Ліды у сваім лісьце на “Свабоду” разважае пра моўную праблему ў Беларусі. Ён піша:

“Безумоўна, павінна існаваць дастатковая колькасьць навучальных установаў, дзе ўсе ахвотныя мелі б магчымасьць навучацца на беларускай мове. Але забарона на расейскую мову — гэта глупства. У Беларусі жывуць людзі розных нацыянальнасьцяў, і для ўсіх найбольш зручная менавіта мова міжнацыянальных зносінаў — расейская. Існуе мноства краінаў, дзе дзьве, тры ці нават чатыры дзяржаўныя мовы (напрыклад, Швайцарыя, Канада, іншыя). Я дзесьці чытаў, што ў Беларусі да вайны таксама былі чатыры дзяржаўныя мовы — разам зь беларускай і расейскай яшчэ польская і габрэйская.

Памятаю, якім глупствам было прымусовае навучаньне па-беларуску ў некаторых навучальных установах і вядзеньне дакумэнтацыі на прадпрыемствах на беларускай мове ў 1993 годзе. Як замінала гэта працаваць. Так што павінны існаваць дзьве дзяржаўныя мовы — беларуская і расейская”.

Свой ліст Аляксандар Забэла зь Ліды суправаджае наступнай прыпіскай:

“Выбачайце за магчымыя памылкі: зь 1990 году, калі закончыў сярэднюю школу, упершыню пішу на беларускай мове”.

Вы, відаць, ведаеце, спадар Забэла: фармальна ў Беларусі дзяржаўны статус якраз і маюць беларуская і расейская мова. Але якое рэальнае становішча роднай мовы беларусаў? Ці мае яна роўныя правы з расейскай? Вось вы ўпершыню за шаснаццаць гадоў напісалі слова па-беларуску, а дагэтуль у вас проста не было ў гэтым патрэбы. Бо ўсе дзяржаўныя установы, уся дакумэнтацыя, справаводзтва, усё грамадзкае жыцьцё ў Беларусі — амаль спрэс расейскамоўнае.

Ня ведаю, ад каго вы пачулі заклікі неадкладна забараніць расейскую мову — пра гэта сёньня не гавораць нават радыкальныя нацыяналісты. А вось забясьпечыць рэальнае раўнапраўе дзьвюх дзяржаўных моваў — абавязак дзяржавы, замацаваны законамі і Канстытуцыяй. Дзьвюхмоўе ў заходніх краінах, якія вы, спадар Забэла, называеце ў якасьці прыкладу, — гэта ня так званае “дзьвюхмоўе” па-беларуску, калі “кто как хаціт, тот так і гаварыт”. Рэальнае дзьвюхмоўе — калі любы чыноўнік у аднолькавай ступені валодае абедзьвюма мовамі, вядзе на іх дакумэнтацыю, размаўляе з наведнікамі. Гэта калі грамадзянін, на якой бы дзяржаўнай мове ён ні размаўляў, не адчувае сябе дыскрымінаваным у сваёй дзяржаве. Беларускамоўныя грамадзяне ў Беларусі сутыкаюцца з дыскрымінацыяй на кожным кроку. Таму ёсьць шмат сьведчаньняў. Дый ваш, спадар Забэла, ліст, таксама сьведчыць пра гэта.

На заканчэньне — кароткі ліст ад нашага слухача з расейскага гораду Язьнікі Ўладзімерскай вобласьці Міхаіла Паўлава:

“Слухаю праграмы Радыё Свабода на беларускай мове ўжо некалькі месяцаў. Перадачы гэтыя для мяне цікавыя і пазнавальныя. Даведваюся зь іх шмат новага — і пра Беларусь, і пра ўзаемадачыненьні паміж нашымі краінамі, і пра падзеі ў сьвеце. Падабаецца стыль падачы інфармацыі — пра ўсё паведамляецца аб’ектыўна і ляканічна, зь веданьнем справы. Вельмі запомнілася і спадабалася нядаўняя праграма пра мэлёдыі для мабільных тэлефонаў і пра вобраз Аляксандра Лукашэнкі ў сродках масавай інфармацыі. Я — радыёаматар. Калі магчыма, прашу даслаць мне расклад і атрыбутыку вашага радыё”.

Прыемна было даведацца, спадар Паўлаў, што, жывучы за многія сотні кілямэтраў ад Беларусі, вы цікавіцеся беларускімі справамі і, нягледзячы на цяжкасьці зь беларускай мовай, уважліва слухаеце наша радыё. Дасылаем вам, як і іншым сябрам “Клюбу Свабоды”, каляндарыкі зь летнім раскладам нашых перадачаў.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл і Соф’я Шапавал зь Менску, Валянціна Сакаловіч зь вёскі Бакшты Іўеўскага раёну, Вольга Панамарэнка са Сьветлагорскага раёну, Віталь Аляхновіч зь Бешанковічаў і Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG