Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Імёны Свабоды: Адам Пуслоўскі


Уладзімер Арлоў, Менск 1842 (?), Наваградчына (?) — 26.6.1863, Наваградак. Пахаваны ў в.Сенна Наваградзкага раёну.

Ягонага імя вы пакуль ня знойдзеце ў беларускіх энцыкляпэдыях. Расейская куля абарвала жыцьцё Адама Пуслоўскага на 21-м годзе. У гісторыі паўстаньня 1863-га гэты сьмяротны прысуд быў найбольш жорсткім, бо Адам удзельнічаў у збройным змаганьні ўсяго адзін дзень.

Даходы сям’і дазвалялі яму ня толькі атрымліваць адукацыю ў Кракаўскім Ягелёнскім унівэрсытэце, але і бязьбедна жыць у старажытнай польскай сталіцы. Аднак пасьля пачатку паўстаньня Пуслоўскі неадкладна вярнуўся на родную Наваградчыну. На жаль, пачатак інсургенцкіх дзеяньняў у тых мясьцінах быў пазначаны пячаткаю няўдачы.

У красавіку аддзел з 150 паўстанцаў быў атакаваны значна большымі сіламі карнікаў у раёне Налібокаў. У выніку дзьвюхгадзіннага бою змагары мусілі адысьці. Жандарскі палкоўнік Рэйхарт зухавата рапартаваў пра 60 забітых і 30 палонных, дадаючы наконт уласных стратаў, што параненыя ўсяго адзін казак і адзін конь. Паўстанцы не ўпершыню ўзялі ў рукі зброю і за дзьве гадзіны пацэлілі, безумоўна, ня толькі ў каня, аднак не выклікае сумневу, што яны пацярпелі цяжкую паразу.

Сярод палонных увагу карнікаў прыцягнуў малады шляхціч Пуслоўскі. Сьледства атрымала зьвесткі, што ён вёў аддзел, едучы верхам наперадзе, а таксама ўласнаручна раздаваў зброю і сам прывёз у лес паўстанцкі сьцяг. Суд вызначыў максымальнае пакараньне — расстрэл, аднак абодва бакі не ўспрымалі яго як канчатковае, бо ўдзел Адама ў паўстаньні вымяраўся гадзінамі: увечары ён пакінуў бацькоўскі дом, а назаўтра адбыўся бой.

Але здарылася фатальная неспадзяванасьць. У той самы дзень, калі судовую пастанову накіравалі ў Вільню, туды прыбыў новы начальнік “Северо-Западного края” Міхаіл Мураўёў. У царскага сатрапа, які ўсё жыцьцё замольваў свае юначыя дзекабрысцкія грахі, быў галоўны прынцып: адразу запалохаць. Пуслоўскі стаў адной зь першых ахвяраў.

Ксяндзу не дазволілі спавядаць асуджанага, загадалі толькі блаславіць. Адам прасіў не завязваць яму вачэй, але расейскі афіцэр ня выканаў апошняе просьбы. Ён даў салдатам загад падысьці так блізка, што тыя амаль датыкаліся да паўстанца штыхамі...

Калі вам надарыцца быць ў ваколіцах Любчы, завітайце ў вёску Сенна і прынясіце кветкі да помніка Адаму Пуслоўскаму і яго маці Эвэліне.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG