Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля плошчы: Званкі слухачоў<b/>


Радыё Свабода 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Акрамя рэпартажаў, інтэрвію і фотаздымкаў, у кнізе зьмешчаныя і тэлефанаваньні слухачоў на Свабоду. Сёньня мы публікуем званкі Першага дня.

СПАДАР: Ідуць пагрозы праз мабільныя тэлефоны — не хадзіць на Кастрычніцкую плошчу 19 сакавіка. Я, як былы партызан, заклікаю ўсіх сумленных грамадзянаў — ісьці на плошчу! Уратуй нас, Госпадзе Божа, і на гэты раз!

СПАДАР, Рэчыца: Неабходна прызнаць гэтыя выбары несапраўднымі, бо датэрміновае галасаваньне праходзіла ў атмасфэры хлусьні, запалохваньня людзей, арыштаў...

СПАДАР, Магілёў: Мы зьвязваліся са знаёмым міліцыянтам, які нам паведаміў, што паступіў загад: тых, хто выйдзе на вуліцу, трэба затрымліваць. Але мы гэтага не баімся. І мы не баімся таго, што хутка Лукашэнка, як тыран, зьнікне з палітычнай сцэны. Гэта факт, і ад гэтага нікуды ня дзецца, мы ў гэтым упэўненыя.

ВАСІЛЬ ІВАНАВІЧ, Менск: Мілінкевіч заклікае людзей прыйсьці на плошчу зь сінімі бантамі на грудзях, быццам бы супраць фальсыфікацыі выбараў на прыклад аранжавых у Кіеве. Майдану па-кіеўску ў Мілінкевіча не атрымаецца! Яго месца ў польскім Асьвенціме, а не на плошчы ў Менску.

СПАДАР: Хачу сказаць, што ні ў якім выпадку ня трэба разыходзіцца. Пачуў заклік у Радыё Свабода, што трэба разыходзіцца. Нельга!

СПАДАР: Я ня бачу ніякага сэнсу, што людзі будуць мерзнуць на плошчы, крычаць нейкія лёзунгі й рабіць нешта незаконнае. Лічу, што дзейны прэзыдэнт перамог на выбарах.

СПАДАР: Трэба разагнаць 20 тысяч гэтых! Бязьлітасна! Зразумелі?

СПАДАР: Зьвяртаюся да беларускай інтэлігенцыі. Выбарчыя ўчасткі разьмяшчаюцца галоўным чынам у школах і іншых навучальных установах. Адпаведна старшыні й члены выбарчых камісіяў — гэта дырэктары, настаўнікі гэтых школаў. Гэта інтэлігенцыя, краса нацыі, Богам прызначаныя сеяць разумнае, добрае, вечнае, і ў той жа час бессаромна падпісваюць загадзя падрыхтаваныя пратаколы вынікаў галасаваньня, якія ня маюць нічога агульнага з сапраўдным волевыяўленьнем выбаршчыкаў. Адумайцеся, не ідзіце на ўгоду з сумленьнем! Інакш вас праклянуць вашыя дзеці й вашыя ўнукі, і вы ўвойдзеце ў гісторыю пад сьцягам чорнай інтэлігенцыі!

СПАДАР, Гомель: Шмат хто з нашых знаёмых, і я, галасавалі за Мілінкевіча. Не разумею, чаму кажуць няпраўду, што ў Гомелі ўсе галасавалі за Лукашэнку? Гэта поўная хлусьня!

СПАДАР: Я студэнт менскай ВНУ, цяпер знаходжуся каля Казарменнага завулку, дом 1, тут стаяць дзевятнаццаць маленькіх аўтобусаў МАЗ і дваццаць два вялікія вайсковыя КАМАЗы, яшчэ нейкія машыны, ланцуг расьцягнуўся ў кірунку Кастрычніцкай плошчы. У аўтобусах сядзяць АМАП і вайскоўцы.

СПАДАРЫНЯ: Мне вельмі сорамна, што я не пайшла на плошчу. А заўтра ў 18.30 я й мая дачка абавязкова будзем там! Мы пераможам!

СПАДАР: Вельмі рэкамэндую Аляксандру Зімоўскаму й іншым беларускім журналістам падумаць, што ёсьць такая рэч, як люстрацыя, прафэсійная прыдатнасьць. Людзі, якія не разумеюць таго, што яны робяць, гэта адно, а людзі, якія разумеюць і кажуць нахабную хлусьню, — зусім іншае. Аляксандар Зімоўскі, прыйдзе час, калі цябе проста ня пусьцяць на тэлебачаньне, таму што ты падманваў народ.

СПАДАР, Кіеў: Слухаю Радыё Свабода з Кіева праз інтэрнэт. Хачу павіншаваць беларусаў з тым, што сёньня столькі людзей выйшла на плошчу. Галоўнае цяпер — не спыняцца, працягваць барацьбу. Калі людзей будзе шмат, улада аслабее й беларускі народ зможа выбраць разумнага прэзыдэнта, а не яшчэ раз перапрызначыць «бацьку». Упэўнены, вы атрымаеце свабоду! Украіна з вамі! У нас усёатрымалася, атрымаецца і ў вас.

СПАДАР: Так атрымалася, што прыйшлося галасаваць у Боне. І там аб’яднаньне беларусаў у Нямеччыне наладзіла пікет, былі таксама жонка й дачка Захаранкі. У самой амбасадзе, зразумела, ніякіх назіральнікаў не было. Але цікава, што ў прыватнай размове вельмі адказны работнік кансуляту сказаў, што Лукашэнка стаў такім, што складана глядзець у вочы эўрапейцам на сустрэчах. Зразумела, што людзі аддавалі галасы ў большасьці за Мілінкевіча. Толькі адзін п’яны крычаў, што галасуе за Лукашэнку.

КАШАЛЬКОВА МАРЫЯ, Менскі раён: Я — чалавек сталага ўзросту, мне 72 гады. Галасавала за Мілінкевіча. Я радая за беларусаў, якія пераадолелі страх і выйшлі на плошчу. Бог ім у дапамогу! Вось толькі што Ярмошына абвясьціла вынікі выбараў — перамог Лукашэнка. Ды ўсё гэта мана, якая загадзя была вядомая! Мне казала сябра аднаго з выбарчых участкаў у Менску, што бюлетэняў на ўчастку ніхто не лічыў, а пратакол перапісвалі тры разы. Выходзіць, падтасоўка вынікаў выбараў праходзіць на выбарчых участках, а Ярмошына тут, як быццам, ні пры чым. Назіральнікі гэтага ня бачаць альбо ня хочуць бачыць, альбо іх не падпускаюць туды.

СПАДАР, Горадня: Я проста ўражаны той сьмеласьцю дзяўчат і хлопцаў, якія выйшлі на плошчу. Увесь дзень глядзеў польскае тэлебачаньне, дзе пачуў камэнтар, што калі нават сто-дзьвесьце чалавек выйдуць — то гэта героі.

СПАДАРЫНЯ, ЗША: Хацела сказаць, што ўсе нашыя сябры, усе беларусы, яны з вамі! І мы вельмі ўдзячныя тым, хто прыйшоў на плошчу. Мы спадзяемся, што свабода будзе ў Беларусі. Усе беларусы ў Амэрыцы за свабодную Беларусь!

СПАДАР, Наваполацак: Падлік галасоў скончылі. На другім месцы Мілінкевіч. Пра працэнты й сфальсыфікаваныя пратаколы й казаць няма сэнсу.

СПАДАР: Калі Мілінкевіч сабраў столькі галасоў за мяжой, дык забярыце яго, хай ён гэтай дыяспарай камандуе.

СПАДАР, ЗША: Дарагія суайчыньнікі! Вітаем вас са Злучаных Штатаў Амэрыкі. З самага ранку вашае радыё гучыць у нас на ўсю хату праз інтэрнэт. Сэрцам мы разам з вамі! Молімся ўсёй сям’ёй за вас. Знаходзімся душой і сэрцам на Кастрычніцкай плошчы разам з вамі! Мае дзеці мараць пра такую свабодную Беларусь і перакананыя, што Беларусь — самая лепшая!

СПАДАР: Тэлефаную зь Нью-Ёрку, узрушаны падзеямі ў Менску. Вельмі прыемна, што людзі выйшлі ў такой колькасьці на плошчу. Але, зь іншага боку, ёсьць нейкае расчараваньне лідэрамі апазыцыі, якія, на маю думку, не выкарыстоўваюць такога рэсурсу, як падтрымка народу, ня ведаюць, як да яго падступіцца. Ніякіх канкрэтных дзеяньняў пакуль няма, нейкая разгубленасьць, распусьцілі людзей і сказалі вярнуцца заўтра. Але наўрад ці такая колькасьць выйдзе зноў. І такое ўражаньне, што апазыцыя чарговы раз траціць магчымасьць рэальна супрацьстаяць уладзе.

СПАДАРЫНЯ: Ярмошына й Лукашэнка! Вы чарговы раз бессаромна падманулі свой народ! Ці не баіцеся вы Божай кары? Як можна спакойна жыць і без дакору сумленьня глядзець у вочы беларускім людзям і людзям усяго сьвету, якія ведаюць пра вашу нядобрасумленнасьць. Бог вам судзьдзя!

СПАДАРЫНЯ: Я хачу сказаць, што я таксама сьведка. Я жыву на Чырвонаармейскай, і такой колькасьці ўжо падрыхтаваных машынаў і войскаў — для таго, каб арыштоўваць і саджаць людзей, я даўно ня бачыла. Толькі, можа быць, у фільмах пра гітлераўцаў — калі фашысты ўваходзілі ў нашыя вёскі й сёлы. Гэта мне нагадала вайну з народам, фашызм.

СПАДАРЫНЯ: Паважаныя супрацоўнікі радыё! Хачу праз ваш этэр зьвярнуцца да ўсяго беларускага народу, якому неабыякавы лёс нашай дзяржавы. Дарагія бабулі й дзядулі! Маці й бацькі! Браты й сёстры! Давайце ўсе разам прачнемся сёньня й прагаласуем за свабодную, квітнеючую Беларусь — але з новым прэзыдэнтам!

СПАДАР: Пайшлі чуткі, што адмяняюцца рэйсы некаторых цягнікоў на Менск, каб не пусьціць людзей з вобласьці, каб яны ня трапілі на мітынг. Калі ласка, абвергніце ці пацьвердзіце гэтую інфармацыю.

СПАДАР: Сёньня, у дзень выбараў, Лукашэнка сказаў, што ён галасаваў за Сяргея Гайдукевіча. А я гэтаму ня веру, бо тут няма аніякай лёгікі. Кожны чалавек галасуе за таго, каго ён хоча бачыць прэзыдэнтам. Няўжо Лукашэнка хоча бачыць новым прэзыдэнтам Гайдукевіча? Калі гэта так, то ўзьнікае пытаньне — чаму ён сам удзельнічае ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты? Калі надакучыла быць прэзыдэнтам і хочацца, каб на гэтай пасадзе быў іншы чалавек, то чаго сам лезеш у прэзыдэнты? Не, ня верыцца, каб Лукашэнка галасаваў за Гайдукевіча, гэта хлусьня, чарговы раз. За сябе ён галасаваў — так трэба было й сказаць.

ІГАР ПАСНОЎ, Віцебск: Няхай сам Мілінкевіч ці ягоны прадстаўнік выступіць па тэлебачаньні, па радыё й прама скажа, што тыя ўлёткі, якія распаўсюджваюцца ад імя дэмакратаў, — фальшыўкі, якія заклікаюць ісьці на плошчу з бутэлькамі, з камянямі. Я ўпэўнены, што калі вы зьвернецеся да ўладаў, да КДБ, яны дазволяць вам зрабіць такі зварот як кандыдата ў прэзыдэнты. Каб пад гэтую марку не пайшла пена, каб людзі не грамілі, як у Францыі. Спыніце гэта! Таму трэба абавязкова сказаць па цэнтральным тэлебачаньні, што гэта, як вы кажаце на «Свабодзе», — фальсыфікацыя. А то што будзе? Будзе сапраўды крывавая нядзеля. Яшчэ гадоў на дзесяць адкінуць дэмакратыю ў Беларусі. Зганьбяць Беларусь і, перш за ўсё, дэмакратыю.

СПАДАР: Мой бацька загінуў ад рук фашыстаў у барацьбе з фашызмам у 1942 годзе. А сёньня мне навязваюць нейкага другога «бацьку», ад якога, акрамя хамства й брыдоты, я нічога больш і ня чуў.

СПАДАР: Я пра тую інфармацыю, якую перадалі праз сотавы тэлефон адносна таго, што калі вы зьявіцеся на плошчы, у вас будуць непрыемнасьці з уладамі, адносна правакацыяў і гэтак далей. І «Velcom» дазволіў гэта зрабіць! Я прапаную ўсім абанэнтам «Velcom» перастаць быць ягонымі абанэнтамі й стаць абанэнтам іншай арганізацыі.

СПАДАР: Хачу вам прапанаваць. А вы вазьміце заўтра, калі людзі выйдуць на пляц, вынесіце гукаўзмацняльнікі ды ўключыце ім званкі з усёй Беларусі, як людзі тэлефануюць і кажуць, як паўсюль фальсыфікацыя, як прымушаюць людзей галасаваць. Вось толькі што й мне сябра пазваніў і таксама сказаў, што нафтавікоў усіх да пятніцы абавязалі прагаласаваць. А ў вёсках і пра кандыдатаў нічога ня ведаюць, я ўжо не кажу пра іхныя праграмы, акрамя Лукашэнкі.

СПАДАР: Апазыцыя зноў прайграла. Яна ня выкарыстала свайго патэнцыялу сёньня.

СПАДАРЫНЯ: Дзякуй вам за свабоду й за аптымізм. Ні заўтра, ні пасьлязаўтра я на плошчу прыйсьці не змагу. Вельмі балюча, калі разумееш, што павінен зрабіць нешта, і ня можаш. Толькі ў Менску некалькі тысяч інвалідаў-калясачнікаў. Я разам з вамі. Жыве Беларусь! Усім нам посьпехаў і мужнасьці!

СПАДАР: Мая знаёмая, якая працуе ў аршанскай бальніцы льнокамбінату, расказала мне, што іх, усіх супрацоўнікаў гэтай бальніцы, абавязвалi прагаласаваць датэрмінова, быццам таму, што 19 сакавіка ў горадзе плянуюцца тэракты.

СПАДАР: Цяпер гляджу па БТ панараму навінаў і згадваю Цютчава: «И правды нет в твоих очах, и чувства нет в твоих очах, и нет души в тебе». І чамусьці мне згадваюцца апошнія дні Чаўшэску.

ЯБЛОНСКІ, Маладэчна: Працавітая ды гаротная, Запужаная, шматпакутная, На каленях ты з згорбленай сьпіной — Беларусь мая, край родны мой. Дык паўстань з кален, Разагні сьпіну! Пагукай свабоду, Пагукай вясну! Навучы народ быць упартымі, Нешта годнымі, нешта вартымі. Хопіць быдламі нам быць бяздольнымі! А быць свабоднымі, быць нам вольнымі!

СПАДАРЫНЯ, Глыбокае: Мы з вамі! Мы за Мілінкевіча! Мы за свабоду! Мы за тое, каб была свабоднай і шчасьлівай наша краіна й народ. Мы хочам параіць вам узяць абраз і маліцца, ня проста стаяць з кветкамі, а чытаць малітву, заклікаць Бога, каб даў свабоду нам і нашай краіне.

СПАДАР: Толькі што праслухаў інтэрвію нямецкага палітоляга Рара. Я зразумеў, што ён верыць у тыя лічбы, якія цяпер агучвае наш Цэнтравыбаркам аб тым, што Лукашэнка атрымаў больш за 80% галасоў. Дык я хачу сказаць, што на прыкладзе Віцебску гэта зусім ня так! Цяпер ва ўчастковых камісіях завяршаецца працэс фальсыфікацыі, галасы падганяюцца пад тыя лічбы, якія былі дадзеныя гэтым участковым камісіям. Трэба зразумець: зусім ня так галасавалі людзі, як агучвае Цэнтравыбаркам!

СПАДАР: Браты беларусы! Выбірайце: або жыцьцё й свабоду, або рабства!
XS
SM
MD
LG