Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці сталі людзі менш баяцца выказваць свае думкі пасьля Плошчы?


Галіна Абакунчык, Менск Мінула сто дзён, як моладзь выступіла з адкрытым пратэстам на Кастрычніцкай плошчы Менску. Як, на вашую думку, гэта паўплывала на становішча ў краіне? Ці сталі людзі менш баяцца выказваць свае думкі? Гэтыя пытаньні менскім мінакам задавала наша карэспандэнтка.

(Юнак: ) “Гэта паўплывала, канечне, на грамадзтва, бо гэта паказала, што ёсьць людзі, якія могуць ахвяраваць працай дзеля радзімы. Гэта, пэўна, натхніла кагосьці”.

(Спадарыня: ) “Я працую з моладзьдзю заўжды, і мне здаецца, што як яны адкрыта казалі, так і кажуць, і нікога мы не баімся. І я таксама кажу пра ўсё адкрыта”.

(Спадар: ) “Ды нічога, па-мойму, не зьмянілася. І ніхто ў нас у Беларусі ніколі баязьлівым і ня быў. Як было, так усё й застаецца”.

(Карэспандэнтіка: ) “Мінула сто дзён, як моладзь выступіла з адкрытым пратэстам на Кастрычніцкай плошчы Менску. Як, на вашую думку, гэта паўплывала на становішча ў краіне? Ці сталі людзі менш баяцца выказваць свае думкі?”

(Спадар: ) “Ня думаю. Я не магу, мне цяжка меркаваць за ўсіх, але вядома, што свабода слова ў нас абмежаваная. Але я, да прыкладу, я не баюся, мне губляць няма чаго”.

(Юнак: ) “Я лічу, што гэта паўплывала на сытуацыю ў краіне, прынамсі, людзі сталі больш актыўнымі. Цяжка сказаць, ці ўсе людзі сталі больш адкрыта выказваць свае думкі, бо некаторых наадварот напалохалі шматлікія факты затрыманьняў. Але ўсё ж штосьці гэта дало, хоць спадзяваньні былі большыя”.

(Юначка: ) “Тады гэта вельмі адчувалася. Нават сярод маіх знаёмых, якія дагэтуль да ўсялякіх акцыяў ставіліся абыякава, іх гэта вельмі закранула. Некаторыя наадварот яшчэ больш агрэсіўнымі сталі. Словам, нешта тады было, але вельмі мала”.

(Спадар: ) “Правільна, я за сьмелыя выказваньні й тое, што Казулін сядзіць – гэта несправядліва”.

(Юнак: ) “Перамен асаблівых не адбылося, усё гэта хуценька сьцішылі. І тыя, хто яшчэ спрабаваў нешта зьмяніць, альбо сядзяць у турмах, альбо вымушаныя былі зьехаць. Цяжкая справа, бо душаць усіх і ўсё”.

(Юначка: ) “Сытуацыя ў сакавіку на плошчы – яна паўплывала на людзей, на іх адносіны да таго, што адбываецца ў нашай краіне. Таксама, што вельмі прыемна, у шматлікіх маіх знаёмых нейкі патрыятызм болей стаў праяўляцца”.
XS
SM
MD
LG