Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сто дзён пасьля Плошчы: водгукі А.Мілінкевіча, І.Казулінай, К.Камоцкай


Радыё Свабода У аўторак 27 чэрвеня Радыё Свабода прэзэнтуе ў Інтэрнэце новую кнігу сэрыі “Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе” пра падзеі ў Менску пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2006 году “Плошча. 19.03-25.03.2006”. Са зьместам кнігі, якая існуе пакуль у электронным выглядзе, папярэдне пазнаёміліся некаторыя чытачы, удзельнікі падзеяў.

Аляксандар Мілінкевіч, былы кандыдат на прэзыдэнта ад аб’яднанай апазыцыі:

“Калі б ня Плошча, то й сёньня многія ў Эўропе лічылі б, што нам непатрэбная дэмакратыя”

“Я думаю, што гэта вынік вялікай працы людзей, якія выйшлі на плошчу, і тое, што іх было так шмат, сьведчыць пра вялікі патэнцыял дэмакратыі і пераменаў на Беларусі. Для мяне гэта крыніца аптымізму,– тое, што людзі прыйшлі, стаялі, нягледзячы на тое, што іх запалохвалі амаль карай сьмерці, а людзі ўсё роўна прыйшлі.

Для саміх гэтых людзей гэта вялікая падзея, тое, што яны зрабілі дзеля разбурэньня страху ўнутры самой краіны.

А што я яшчэ адчуваю, калі падарожнічаю па сьвеце, – гэта тое, што калі б не было Плошчы на Беларусі, то можа і сёньня многія палітыкі ў Эўропе лічылі б, што нам і непатрэбная дэмакратыя, што нам не патрэбная воля, што нам добра жыць у такіх умовах, што мы ня надта змагаемся за незалежнасьць. Так магло б быць бяз Плошчы. Але такіх думак у Эўропе сёньня не засталося”.

Ірына Казуліна, жонка былога кандыдата на прэзыдэнта Аляксандра Казуліна, які з 25 сакавіка знаходзіцца ў турме:

"Гэтую кнігу трэба раздаць тым, хто заставаўся дома"

“Гэта кніга каштоўная тым, што ў ёй удзельнікі гэтых падзеяў выказваюць свае ўражаньні, і вось гэтым дасягаецца найбольшая аб''ектыўнасьць. Я лічу, што вельмі важна зараз гэтую кнігу надрукаваць і раздаць людзям, асабліва тым, хто ў тыя дні з вялікай увагай ставіўся да гэтых падзеяў, але вырашыў застацца дома, думаючы, што там народу многа і без мяне справяцца. Гэтыя людзі не зразумелі, што ўсё, што адбываецца ў нашай краіне, адбываецца таму, што кожны чалавек можа ўнесьці свой уклад у агульную справу.

Я думаю, што важныя падзеі ацэньваюцца некалькі разоў. Першыя ацэнкі – гэта першыя ўражаньні, якія найбольш эмацыйныя. Празь нейкі час будуць іншыя аўтары, аналітыкі, якія будуць адбіраць толькі дзеяньні, не эмоцыі, і будуць на іх падставе рабіць нейкія высновы”.

Кася Камоцкая, сьпявачка, лідэр гурту “Новае неба”:

“Для мяне Плошча стала, на жаль, няспраўджанай надзеяй”

“На жаль, гэта напраўду стала чымсьці далёкім, бо гэта ні ўва што не перарасло. Таму менавіта для мяне гэта стала ўжо гісторыяй. Хоць для людзей, якія гэта перажылі асабіста, зразумела: для іх гэта надзвычай важная падзея іхнага асабістага жыцьця, гэты намётавы лягер. А для мяне гэта стала, на жаль, няспраўджанай надзеяй, ці што?..

Трэба ісьці “на танкі”, а там ужо глядзець, што атрымаецца. А ісьці на танкі няма каму, нават загады няма каму аддаваць. Таму гэта будзе цікава, перадусім, тым, хто там быў. А значыць, трэба выдаваць кніжку, а не задавольвацца інтэрнэтам. Бо, уласна кажучы, чым кніга “Плошча” адрозьніваецца ад іншых, якія выдавала “Свабода”? Нічым. Таму што і ўсе папярэднія былі вострыя і, мала таго, што вострыя, дык яшчэ сам тытул “Свабоды” ён ужо, так скажам, для кагосьці “воўчы білет”, правільна? Таму, на маё перакананьне, трэба рабіць кніжку, а не выстаўляць яе толькі ў Інтэрнэце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG