Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці прагаласавалі б вы на прэзыдэнцкіх выбарах так, як 12 гадоў таму?


Радыё Свабода 23 чэрвеня 1994 году адбыўся першы тур галасаваньня на выбарах першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. Тады кандыдатамі на прэзыдэнцкую пасаду былі шэсьць чалавек: Аляксандар Дубко, Вячаславў Кебіч, Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў, Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч. Ці памятаеце, як галасавалі 12 гадоў таму? І ці прагаласавалі б вы гэтак жа цяпер?

(Спадарыня: ) “Галасавала я за Лукашэнку, і цяпер за яго галасавала, і галасавала б далей з тае прычыны, што ён — гаспадарнік. Ён з народу й ведае жыцьцё працоўнага народу, а гэта вельмі важна”.

(Спадар: ) “Першы раз? Па-мойму, за Шушкевіча — так, за Шушкевіча. Цяпер, каб ён выстаўляў сваю кандыдатуру, то цяпер яшчэ б падумаў. Бо з улікам таго, якім ён быў некалі, невядома, які ён цяпер”.

(Спадарыня: ) “Я на тых выбарах галасавала за Шушкевіча. Калі б гэта было цяпер, то я ня ведаю, хто там лепшы — Пазьняк ці Шушкевіч, але я лічу, што ім трэба было дамаўляцца. Каб яны выбралі з двух аднаго, то вось з гэтай кааліцыі я галасавала б за таго, каго б яны выбралі адзіным кандыдатам”.

(Спадарыня: ) “Я адразу скажу, што за нашага прэзыдэнта я ніколі не галасавала. Мне не падабаецца наш прэзыдэнт, і больш я нічога не скажу”.

(Карэспандэнтка: ) “Ці памятаеце, як вы галасавалі 12 гадоў таму? Ці прагаласавалі б гэтак цяпер?”

(Спадар: ) “Я памятаю, за Пазьняка галасаваў — і цяпер бы прагаласаваў за Пазьняка. Бо ён сапраўдны патрыёт, ён за беларускую мову, за незалежнасьць, за дэмакратыю. Ня ведаю, як было б, каб ён стаў прэзыдэнтам, але цікава было б”.

(Спадарыня: ) “Божухна, я ня памятаю, што ўчора было. Я ня памятаю, але за камуніста не прагаласавала б адназначна. Шушкевіча? Нічога ён такога не зрабіў, пакуль быў пры ўладзе. Кебіч? Вельмі добра гаворыць — і ўсё. Лукашэнка? Прынамсі, маёй сям’і ён ніякай шкоды не зрабіў. Уся мая сям’я працуе на службе, атрымоўвае грошы — нармалёва”.

(Спадар: ) “Напраўду? Я зусім не галасаваў. А, ну як вам сказаць? Я пафігіст, вось і ўсё”.

(Спадарыня: ) “Мы за Шушкевіча галасавалі, і я, і ўся мая сям’я, і сваякі, і сваты, і бацькі. А сёньня за Мілінкевіча толькі. Колькі будзе Мілінкевіч — гэтулькі буду галасаваць за Мілінкевіча”.

(Спадар: ) “Ня памятаю, як галасаваў у 1994 годзе. Шушкевіч, Кебіч — не, але сёньня, пэўна, за Лукашэнку прагаласаваў бы. Бо іншых ня ведаю, не паказваюць іх чамусьці”.

(Спадар: ) “За каго я галасаваў? Увогуле, за Горадню, вось за яго й прагаласаваў бы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG