Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэхнічную памылку “Комсомольской правды” суд ацаніў на 60 мільёнаў


Іна Студзінская, Менск У чацьвер судзьдзя суду Савецкага раёну Менску Марына Фёдарава вынесла пастанову: газэта “Комсомольская правда в Белоруссии” павінна выплаціць старшыню Дзяржаўнага мытнага камітэту Беларусі Аляксандру Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў за нанясеньне маральнай шкоды.

4 траўня “Комсомольская правда в Белоруссии” ў рубрыцы “Цытата тыдня” надрукавала фрагмэнт інтэрвію Мікалая Шпілеўскага, спартовага агента футбаліста Аляксандра Глеба. У пасьпеху падчас начной вёрсткі ў рэдакцыі знайшлі фатаздымак Шпілеўскага, але іншага. І ў газэце над цытатай агента футбаліста Глеба Мікалая Шпілеўскага памылкова надрукавалі фота старшыні мытнага камітэту Аляксандра Шпілеўскага.

Раніцай, убачыўшы памылку, рэдактар “Камсамолкі” Юлія Слуцкая стэлефанавалася з мытным камітэтам, сказала, што газэта гатовая прынесьці прабачэньні, папрасіла аб асабістай сустрэчы са спадаром Шпілеўскім. Спачатку прадстаўнікі мытнага камітэту настойвалі на тэрміновай публікацыі прабачэньняў, але Юлія Слуцкая прапанавала зрабіць гэта праз тыдзень, у наступнай “таўстунцы”, якая выходзіць пашыраным накладам. Слуцкая ўзгадніла тэкст, запыталася, ці трэба ставіць фота. Працягвае рэдактарка “Комсомольской правды в Белоруссии:

(Слуцкая: ) “Яны схадзілі да спадара Шпілеўскага, пагадзіліся, што можна публікаваць у “таўстунцы”, удакладнілі, што фатаздымак ставіць ня трэба. І ў наступнай “таўстунцы” былі апублікаваныя прабачэньні. Я палічыла, што інцыдэнт вычарпаны. А праз два тыдні мы атрымалі пазоў на 40 мільёнаў”.

Інтарэсы Аляксандра Шпілеўскага ў судзе абараняў адвакат Вячаслаў Ралько:

(Ралько: ) “Аргумэнтацыя, відавочна, была дастаткова пераканаўчая, каб прыняць законнае і абгрунтаванае рашэньне. У дадзеным выпадку суд знайшоў падставы, каб прызнаць, што гэтыя зьвесткі не адпавядаюць сапраўднасьці і ганьбяць гонар, годнасьць і дзелавую рэпутацыю Шпілеўскага Аляксандра Францавіча”.

Сам адвакат Вячаслаў Ралько адмовіўся казаць, якія канкрэтна аргумэнты ён прыводзіў. Юрыст закрытага акцыянэрнага таварыства “БелКП-ПРЭС” Людміла Марцінчык кажа, што асноўны аргумэнт спадара Ралька – цытата з фота Шпілеўскага – зьявілася ў газэце 4 траўня, а 5 траўня Лукашэнка павінен быў праводзіць важныя службовыя прызначэньні, у тым ліку і падаўжаць паўнамоцтвы Аляксандра Шпілеўскага. Працягвае Людміла Марцінчык:

(Марцінчык: ) “І вось быццам бы Аляксандар Шпілеўскі цэлы дзень 4 траўня хваляваўся, што нібыта адкрыўся такі факт, што як быццам ён займаецца камэрцыйнай дзейнасьцю, зьяўляецца агентам нейкага футбаліста, а гэта супярэчыць патрабаваньням Закону аб дзяржаўнай службе. І гэта нанесла калясальную маральную шкоду”.

Такім чынам, “Камсамолка” павінна выплаціць старшыню мытнага камітэту Аляксандру Шпілеўскаму 60 мільёнаў рублёў. Паводле словаў адваката Шпілеўскага Вячаслава Ралька, сродкі будуць накіраваныя ў Смаргонскі дзіцячы дом. “Комсомольская правда в Белоруссии” будзе абскарджваць рашэньне суду Савецкага раёну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG