Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апытаньне “Свабоды”: за каго з кандыдатаў 1994 году вы галасавалі б цяпер?


Галіна Абакунчык, Менск Сёньня спаўняецца 12 гадоў з дня першага туру галасаваньня на выбарах першага прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь. 23 чэрвеня 1994 году кандыдатамі на пасаду кіраўніка краіны былі шэсьць чалавек: Аляксандар Дубко, Вячаслаў Кебіч, Аляксандар Лукашэнка, Васіль Новікаў, Зянон Пазьняк і Станіслаў Шушкевіч. За каго з гэтых кандыдатаў вы прагаласавалі б сёньня? Гэтае пытаньне людзям на вуліцах Менску задавала нашая карэспандэнтка.

(Спадарыня: ) “Я не мяняю свайго выбару: я тады галасавала за Пазьняка і, відаць, сёньня таксама прагаласавала б. Бо я за незалежнасьць Беларусі. І я ведаю, што гэты чалавек, несумненна, нашую незалежнасьць абараніў бы”.

(Спадар: ) “Я тады за Дубко галасаваў, па-мойму. Я ўжо ня памятаю цяпер ягонай праграмы, але тады яна мне спадабалася. І цяпер, відаць, тое самае было б”.

(Карэспандэнтка: ) “Калі б вам давялося зноў галасаваць на першых прэзыдэнцкіх выбарах, за каго з тагачасных кандыдатаў вы аддалі б свой голас сёньня?”

(Спадарыня: ) “За Шушкевіча. Вельмі паважаны чалавек. За два гады, калі ён быў, пажылым людзям было лепш. Былі льготы, а пры Лукашэнку іх зьнялі”.

(Спадар: ) “Я вам шчыра кажу, што я тут ня бачу ніводнага талковага прэтэндэнта. Яны сябе не апраўдалі – ніводзін”.

(Спадарыня: ) “Цяпер... З гэтых людзей... Пэўна, ні за кога б не галасавала. Проста з таго часу значна зьмяніліся абставіны, і цяпер павінен быць чалавек, які б аб’яднаў народ, нас. Бо беларускі народ разьяднаны. Хто б гэта мог зрабіць на той час? Гэта, пэўна, Генадзь Карпенка. Я лічу, што й цяпер гэта зрабіў бы такі, як ён. Але мне падабаецца й Мілінкевіч. Бо ён спакойны, ураўнаважаны, не агрэсіўны. І хочацца мець такога прэзыдэнта, за якога не было б сорамна. Таму з тых я не галасавала б ні за кога”.

(Спадар: ) “Вы ведаеце, я іх нікога ня памятаю абсалютна, бо гэта было вельмі даўно. Але ёсьць такі кандыдат “супраць усіх”, бо нічога не палепшылася”.

(Спадарыня: ) “Я на тых выбарах галасавала за Шушкевіча. Ён быў дастаткова памяркоўны. Я думаю, што Шушкевіч – добры выбар”.

(Спадар: ) “З гэтых? Па праўдзе сказаць, ні за кога. Магу сказаць пайменна. Аляксандар Дубко – вы ягоны твар бачылі? Я бачыў – не адпавядае. Вячаслаў Кебіч – прадстаўнік старой партыйнай намэнклятуры. Аляксандр Лукашэнка – хлопец зь вёскі – далёкі ад гэтага. Васіль Новікаў – ня памятаю. Зянон Пазьняк – можа, калі-небудзь, але ня сёньня. Станіслаў Шушкевіч – занадта слабы”.

(Спадар: ) “Адназначна за Зянона Пазьняка. Бо ён адзіны сапраўдны палітык і сапраўдны патрыёт Беларусі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG